banner

«Нішто чалавечае мне не чужое»

02 Марта’16
2376

Гэтае вядомае лацінскае мудраслоўе Іван Шамякін, 95-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася напрыканцы сёлетняга студзеня, мастак слова ўвасабляў на працягу сваёй творчасці. Бо менавіта чалавечы бок вялікіх падзей, якія віхурай пранесліся над планетай на працягу XX стагоддзя, спаўна адлюстраваны ў творах народнага пісьменніка.

Маё пакаленне зачытвалася яго раманамі “Глыбокая плынь” (Дзяржаўная прэмія СССР), “У добры час”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, пенталогіяй “Трывожнае шчасце”… А яго “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, “Гандлярка і паэт”, “Шлюбная ноч” у часы пурытанскай супермаральнасці, за якой хавалася звычайнае неразуменне “грэшнай” чалавечай прыроды і непавага да асобы, рэабілітоўвалі права чалавека на ўнутраную свабоду. Іван Шамякін не спяшаўся выносіць пракурорскі прысуд канкрэтнаму чалавеку, а ўлічваў усе “за” і “супраць”, аддаючы належнае самастойнасці чытача.
Аўтар раманаў на актуальную “чарнобыльскую” тэму “Злая зорка” і на гістарычную “Вялікая княгіня”, аповесцяў “Падзенне”, “Драма”, “Палеская мадонна”, “Выкармак”, “Без пакаяння”, “Завіхрэнне”, “Няскончаны партрэт”, “Аповесці Івана Андрэевіча”, “Слаўся, Марыя!” у найбольш абвостранай форме выявіў душэўны стан пакалення, якое ў выніку аказалася пераможаным часам.
“Я люблю вас, мае чытачы. Я любіў і люблю людзей, – пісаў ён да аднаго са сваіх юбілеяў, – і гэта любоў, відаць, тое самае галоўнае, што натхняла на творчасць і давала сілу, цярпенне… пісаць з дня ў дзень па запавеце: ні дня без радка… І дадам: сям’я. Маё каханне, мая жаніцьба, мая жонка Марыя Філатаўна… былі крыніцай творчасці. Сям’я давала натхненне, мае чацвёра дзяцей…”
Іван Пятровіч Шамякін памёр у 2004-м, пражыўшы 83 гады. Ніякага канкрэтнага дыягназу ўрачы не ставілі. “Ён памёр ад тугі па жонцы, ён проста стаміўся жыць. Жыць без Марыі Філатаўны, з якой разам пражылі 58 гадоў”, – гаварылі падчас развітання з пісьменнікам.
Менавіта жонцы пачынаючы пісьменнік прысвяціў першае апавяданне “Непаўторная вясна”, і менавіта ёй ужо народны пісьменнік, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, лаўрэат шматлікіх дзяржаўных прэмій прысвяціў адзін са сваіх апошніх твораў “Слаўся, Марыя!”.


Вузялкі
пісьменніка
Усе радасці жыцця кароткія, усе хутка праходзяць, акрамя адной – радасці працы.
***
На гонары далёка не заедзеш.
Жыццё ніколі не залежыла і не залежыць толькі ад тваіх уласных перакананняў, маральных норм, звычак. На яго штодзённа і бясконца ўздзейнічаюць іншыя людзі – сям’я, калектыў, грамадства.
***
Лепшая сямейная дыпламатыя – гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага даверу і бязмежнай шчырасці.
***
У сям’і толькі здраду нельга дараваць.
***
Цяжкае жыццё ў нашы дні, але ж ёсць і ў ім свая радасць. Жыццё – найвышэйшы дар божы, сцвярджаюць рэлігіі. І ў гэтым іх мудрасць.

 

Галіна РАМАНЧУК.

 

Предыдущая статья

Капитану улыбаются звезды