banner

Свіслач вітала паэтаў і празаікаў

03 Июня’09
2605

Свіслач вітала паэтаў і празаікаўВізіт гасцей – гэта заўсёды прыемна. Асабліва, калі яны жаданыя і доўгачаканыя. Менавіта такімі гасцямі аказаліся паэты і пісьменнікі Гродзеншчыны, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, сапраўдныя майстры пяра. На сустрэчу з імі сабраліся бібліятэкары раёна, а таксама мясцовыя аматары паэтычнага слова, якія спрабуюць выказваць свае думкі ў рыфмаваных радках.

На працягу амаль дзвюх гадзін у чытальнай зале лунаў нейкі таямнічы і непаўторны дух творчасці, ад якога душа напаўнялася святлом і прыгажосцю. Гублялася пачуццё часу, і хацелася, каб тыя меладычныя радкі, што ліліся з вуснаў іх аўтараў, ніколі не змаўкалі.

Ала Нікіпорчык, шчырая, адкрытая, светлая, яна ўся ў сваіх вершах, у кожным радку, у кожным паэтычным малюнку. Два яе зборнікі вершаў “Сляза і малітва” і “Пад Бахаўскую такату дажджу” наскрозь прасякнуты тым дзіўным светам, у якім жыве і творыць Паэт. Ала Дзмітрыеўна – літаратурны крытык, з’яўляецца сакратаром Саюза пісьменнікаў.

Браніслаў Ермашкевіч прыйшоў у паэзію, як ён сам сцвярджае, “страявым крокам”. Ён былы вайсковец, афіцэр. Прайшоў нялёгкімі сцежкамі ваеннага дзяцінства. Бацька загінуў на фронце, маці партызаніла, і ён, маленькі хлопчык, разам з ёй прыкрываў тылы. Усю вайну прайшлі яны побач: маці і сын. І зараз ён з сумам успамінае тыя далёкія часы.

У яго творах адлюстравалася ўсё, што прыйшлося перажыць: і боль, і радасць, і святло кахання. Тры паэтычныя зборнікі выйшлі з-пад яго пяра: “Надзённае”, “Навучанне зямлёй”, “Зямлі маёй нераўнавага”. У мінулым годзе стаў лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама ў галіне літаратуры і мастацтва ў намінацыі “Пісьменнік года-2008”.

Ірына Шатыронак – празаік. Піша яна на рускай мове, і яе творы вызначаюцца глыбінёю пачуццяў, яскравасцю характараў, своеасаблівым пастраеннем сюжэта, філасофскім падыходам да раскрыцця ўнутранага стану сваіх герояў. Яна прыйшла ў Саюз з трыма кнігамі прозы: “Старый двор моего детства”, “Нешкольные рассказы” і “Пестрые повести о любви”.

Людміла Кебіч, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, ужо была на Свіслаччыне два гады таму. Гасціннасць і шчырасць пушчанскага краю пакінулі ў яе душы добрыя ўражанні і жаданне бываць тут часцей і яшчэ з большай натхнёнасцю тварыць.

Да пяці паэтычных зборнікаў “Па музычных законах”, “Зялёная рутвіца”, “На беразе белай ракі”, “Ключы ад неба” і “Фиолетовый дракоша” дабавіўся новы – “Непераможны колер охры”. У гэтую кнігу ўвайшлі новыя вершы і паэмы, прасякнутыя шчымлівым лірызмам прадчування восені і звязаных з ёю непазбежных расчараванняў, развітанняў, самотнай стомы. Л. Кебіч — ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва” у намінацыі “Пісьменнік года-2002”. Хто хоць раз змог дакрануцца да яе паэтычнага Слова, той не зможа не адчуць паўнату душы Паэта. У сваіх вершах яна настолькі шчырая і адкрытая, што, здаецца, працягні руку – і дакранешся да яе трапяткога гарачага сэрца, у якім жыве столькі любові і дабрыні, што хапіла б на цэлы свет.

Ды хіба можа быць у Паэта іншае сэрца? Не! Бо тады ён не варты так называцца.

У той дзень свае шчырыя радкі чыталі нашы мясцовыя аўтары, для якіх паэзія – стан душы. А гэта Юлій Пазняк, Антаніна Чайкоўская, Анастасія Шворак, Дар’я Баяркіна.

Адбылося нейкае радненне душ, судакрананне самых светлых і чыстых пачуццяў, узбуджаных Высокім Словам.

Госці на развітанне падарылі некалькі сваіх зборнікаў раённай бібліятэцы, а таксама іх маглі набыць і ўсе жадаючыя.

На развітанне госці праехаліся па прыгожых вясновых вуліцах горада, наведалі гарадскі парк, пастаялі на мосце, які свіслачане называюць мастом кахання, і паабяцалі абавязкова прыехаць яшчэ раз.

Што ж, да новай сустрэчы, майстры паэтычнага слова.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Калі ў чалавека ёсць мара, у яго вырастаюць крылы
Похожие новости