banner

Багудзенкі

18 Мая’09
3584
БагудзенкіНа конкурс

 

"7 цудаў Свіслаччыны"

На адно з цудаў Свіслаччыны можа прэтэндаваць поразаўская сядзіба Багудзенкі – помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які ахоўваецца дзяржавай. Гэта старадаўні маёнтак Багудзек і Бутаўтаў-Анджэйковічаў. Займае роўную тэрасу р. Рось каля пасёлка. Парадная частка мае сіметрычна-восевую планіроўку. На восі размешчана шырокая (10 м) уяздная ліпавая алея. Дрэвы ўтвараюць зялёны звод, за якім адкрываецца партэр з сядзібным домам. Вось сіметрыі перад партэрам падкрэслена дзвюма шчыльнымі групамі клёнаў. У цэнтры партэра размешчаны круг з клумбаю.

Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца сядзібны дом з высокім ломаным дахам, пабудаваны з бруса. Сцены ашалёваны, унутры атынкаваны. Будынак мае складаную кампазіцыю. Бакавыя фасады фланкіраваны двухпавярховымі вежамі, падобнымі на алькежы, завершанымі шатровымі дахамі.

Паркавы фасад мае гранёны эркер з ломаным дахам, парадны фасад упрыгожвае ганак на чатырох слупах, на якіх узвышаецца мансарда. З усходняга і паўночнага бакоў дом акружае пейзажны парк. З заходняга боку да яго прымыкае сад у выглядзе баскета і гаспадарчы двор. Ад партэра праз парк да гаспадарчага двара пралягае ліпавая алея, якая заніруе заходнюю частку парка з лёгка ўгнутаю паверхняй і пейзажным прарэджаным старым дрэвастоем (елка, граб, ясень, таполя белая, дуб, конскі каштан, ліпа, клён, бяроза).

Магчыма алея – элемент старой кампазіцыі. Яна прадстаўлена дрэвамі ва ўзросце 150 – 180 гадоў, маляўніча нахіленымі ў розныя бакі.

Паўночна-усходнюю частку парка займае вялікая паляна, ахопленая нешырокім дрэвавым масівам з чаромхаю. Уздоўж яе праходзіць другая ліпавая алея шырынёю 4 м. У пойме была невялікая водная сістэма з трох вадаёмаў, запоўненых вадою з Росі. Сістэма парушана, вадою запоўнены адзін квадратны вадаём.

Маляўнічым прарэджаным дрэвастоем прадстаўлена частка парка за сядзібным домам у выглядзе авалу, краем якога з’яўляецца добра абведзены склон тэрасы. У глебавым покрыве – злакі і лугавое рознатраўе.

З гаспадарчых пабудоў часткова захавалася гумно.

Сядзіба Багудзенкі не адносілася да вялікіх і мела ў 1924 годзе 375 гектараў зямлі. У даваенны час была падзелена. У 1937 годзе сядзібны двор (жылы маёнтак, гаспадарчыя пабудовы і 120 гектараў зямлі) выкупілі за 120 000 злотых жыхары Поразава (дакладней, гміна). Гэту суму яны атрымалі, прадаўшы лес “Бродкі”. Зямля была падзелена паміж жыхарамі мястэчка, якія займаліся сельскай гаспадаркай. 5 гектараў зямлі гміна аставіла за сабой. У канцы 1939 года тут была створана бальніца. Частку двара заняла воінская часць.

У чэрвені 1941-га ў выніку баёў за Поразава з’явіліся пагарэльцы, якія размясціліся ў Багудзенках. Аднак хутка іх папрасілі вызваліць будынак для нямецкага лясніцтва. Адразу пасля вайны тут адкрылі бальніцу. Цяпер будынак чакае свайго гаспадара.

Падрыхтавала Святлана КАВАЛЬЧУК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

На благо людей