banner

Адвечная магія кнігі

17 Сентября’12
3376

Сённяшнія нашыя суразмоўцы разважаюць над тым, якую ролю ў іх жыцці адыграла бібліятэка, кніга наогул і ці можа камп’ютар стварыць альтэрнатыву кнізе. Адметная агульная асаблівасць усіх апытаных (а гэта выпадковыя прахожыя) – у кожнага з іх ёсць свая бібліятэка.
Адвечная магія кнігі

 Лідзія Мікалаеўна ПРАХАРЭНКА,
былая настаўніца:
– Бібліятэка адыгрывае вялікую ролю ў лёсе кожнага чалавека. На гэтым падмурку фарміруецца яго асоба. Што на чалавека паўплывала найбольш з літаратуры, тое і вызначае далейшыя яго паводзіны ў свеце.
З кнігай я ніколі не развітвалася і зараз не магу без яе. У мяне дома ёсць бібліятэка, неблагая, сабраная пад мае і маіх блізкіх запатрабаванні. Зусім нядаўна я перачытала Блока. Захацелася ўспомніць забытае. У мяне ёсць збор твораў Талстога, Пушкіна, я вельмі люблю дзіцячую літаратуру, якая вяртае ў мінулае, у тыя лепшыя маладыя гады, калі я працавала з пачаткоўцамі.
Учора сустрэла маму аднаго са сваіх вучняў. Аказваецца, Косця ўжо кандыдат медыцынскіх навук. І гэта не дзіўна, ён прыйшоў у першы клас вельмі развітым хлопчыкам і потым столькі многа чытаў, што, несумненна, адбілася на яго прафесійнай кар’еры. Мне так прыемна, нібыта гэта маё роднае дзіця.
– А што вы думаеце наконт таго, ці настане час, калі кнігу заменяць электронныя носьбіты? Маладыя ж зараз апантаныя камп’ютарам...
– Мне іх шкада. Яны самі сябе абмяжоўваюць, таму што нішто не заменіць кнігу, шэлест яе старонак, пах іх. Пасябраваў з кнігай – стаў чалавекам, не любіш кнігі – нічога ў жыцці не дасягнеш, таму што кніга адкрывае перад намі неабсяжныя гарызонты.
Адвечная магія кнігі

 Віктар Станіслававіч НОШЧЫК,
жыхар в. Сакольнікі (ён толькі што з кніжнага магазіна, з дзьвюма кніжкамі ў руцэ):
– Я працую вахтавым метадам, часу вольнага бывае шмат. Кнігі купляю часта. У Свіслачы з гэтым цяжкавата. Стараюся ў Гродне, у Ваўкавыску, дзе даводзіцца працаваць, купляць. У Гродне, напрыклад, можна вярнуць у магазін прачытаную кнігу. Наступны чытач купіць яе за капейкі.
Вельмі люблю кнігі на гістарычныя тэмы, дэтэктывы. Дома маю цікавую і вялікую бібліятэку. Але, на жаль, дзеці мае ўжо не рвуцца да чытання, хаця стараюся ім выпісваць літаратуру па інтарэсах, неяк заахвочваць. Інтэрнэт для іх цікавей, але бібліятэку я працягваю папаўняць літаратурай. Не дзеці, дык, можа, унукі пачытаюць.
Адвечная магія кнігі

 Ірына Аляксандраўна ВАСІЛЮК,
жыхарка г. Свіслач:
– Кніга – гэта, можа, цікавей, чым той жа тэлевізар. І я лічу, што камп’ютар наўрад ці заменіць яе. Нават не ведаю, як гэта патлумачыць, але ёсць нейкае ўнутранае адчуванне, што такі цуд, як Кніга, не саступіць месца. На працягу стагоддзяў яна служыла адукацыі чалавека. Нават, калі дакранаешся да кнігі, адчуваеш нейкае цяпло, якое ад яе зыходзіць. Часта перачытваеш кнігі, каб адчуць тую незабыўную атмасферу, у якую здольна перанесці толькі цікавая кніга. Таму ролю бібліятэк нішто не заменіць.

Ядвіга КУРЫЛА
Фота аўтара

Предыдущая статья

Награды к празднику