Нам кніга – вечнае святло

28 Апреля’12
5134

Нам кніга – вечнае святло

На мінулым тыдні ў Свіслачы адбылося незвычайнае свята, якое было прысвечана добрай і мудрай сяброўцы – Кнізе. Той, якая суправаджае нас ад моманту першага з ёй знаёмства і праз усё жыццё. Верная і надзейная, добрая і мудрая, яна дае нам веды, напаўняе жыццё сэнсам, умее суцешыць і падтрымаць, дапамагчы і парадзіць, адказаць на любое пытанне, адкрыць любую таямніцу, вывесці з цемры да святла. Вось якую незвычайную моц мае Яе Вялікасць Кніга.

Прэлюдыя

Атмасфера свята адчувалася, варта было пераступіць парог раённага Дома культуры. Вялізную выставу кніг, пачынаючы ад дзіцячых казак да сучасных сур’ёзных твораў, дапаўнялі работы юных мастакоў Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў. Здавалася, што раптам трапляеш у іншы свет, іншае вымярэнне. Гэтаму адчуванню спрыяла цудоўная музыка, якую дарылі гасцям свята два калектывы: фальклорны ансамбль “Купалінка” і інструментальны ансамбль “Арфей” з той жа школы мастацтваў. Яны як нельга лепей упісваліся ў атмасферу свята, бо слова і музыка неразрыўныя: цяжка ўявіць сябе як без Слова, так і без Музыкі. І яна лілася чыста і шчыра, запрашаючы ўсіх, хто прыйшоў на свята, у дзівосны свет мудрасці і прыгажосці, зачароўвала, прыцягвала, здзіўляла.
Са сцэны на гледачоў пазіралі добрыя вочы любімых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 130-годдзе з дня нараджэння якіх мы адзначаем сёлета. Атмасфера свята адчувалася ва ўсім, і радасць перапаўняла сэрцы. Здавалася, што вось-вось адбудзецца нешта незвычайнае і вельмі важнае. Так яно і сталася.

Ода Кнізе

Нам кніга – вечнае святлоПакуль збіраюцца ў зале людзі, на экране дэманструецца слайд-шоу “Бібліятэкі Свіслаччыны запрашаюць”.
Музыка. Выхад вядучых свята. Яны клічуць у цудоўнае падарожжа. Мы вяртаемся ў мінулае, у той час, калі чалавек яшчэ не ведаў, што такое кніга, калі не было ні паперы, ні літар, а людзі рабілі надпісы на скалах, камянях, цялячай скуры, бярозавай кары. У мінулыя вякі дзякуючы першадрукару Францыску Скарыне з’явілася першая кніга. Ён адрасаваў яе “дзецям малым”, каб навучыць іх грамаце, уменню чытаць і правільна гаварыць… Свой “Псалтыр”.
А вось і сам Скарына з’яўляецца на свята, а маленькі хлопчык нясе ў руках тую кнігу, што адкрыла свет ведаў нашым продкам.
На сцэну запрашаецца ганаровы госць, намеснік старшыні райвыканкама В. А. Суботка. Ён прывітаў усіх, хто прыйшоў на свята, шчыра падзякаваў усім, хто сябруе з кнігай, хто прысвяціў ёй сваё жыццё, той вялікай арміі людзей, якія працуюць у бібліятэках і школах, якія з’яўляюцца пасрэднікамі паміж чытачом і кнігай.
Прамоўца адзначыў, што ніякія высокія тэхналогіі, інтернэт і электронная кніга не здолеюць парваць моцную сувязь чалавека з жывым словам, бо нішто не можа яго замяніць.
Віктар Аляксеевіч выказаў сваю думку наконт таго, каб у вялізную скарбонку друкаванага слова дадаць і творы мясцовых аўтараў, тых, хто зараз друкуецца ў раённай газеце і іншых выданнях, каб асобным зборнікам выдаць усё тое, што пішуць таленавітыя землякі.
Прамоўца шчыра пажадаў прысутным здзяйснення ўсіх мар, радасці, шчасця і непарыўнай сувязі з кнігай.

Мова матчына

Нам кніга – вечнае святлоУ кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. У нас, беларусаў, гэта Янка Купала і Якуб Колас. Імкліва бягуць гады… Але колькі б ні прайшло часу, заўсёды будуць жыць у памяці народа нашы выдатныя песняры, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Гэта ім Богам было дадзена несці веліч матчынай мовы людзям, успяваць яе ў сваіх творах. Традыцыі Купалы і Коласа працягваюць сёння сотні пісьменнікаў і паэтаў. Для іх роднае слова, як ласка маці, як крынічная вада.
На сцэне калаўрот, за ім сядзіць жанчынка з дзвюма дзяўчынкамі і хлопчыкам. Яе размова з дзеткамі такая мілагучная, такая прыгожая. І адчуваецца ўсім сэрцам гонар за тое, што мы нарадзіліся ў Беларусі, самай цудоўнай краіне свету, дзе жывуць такія гасцінныя, такія шчырыя і працавітыя людзі. І дзеткі гэтак хораша размаўляюць па-беларуску, і няма сумнення, што наша мова найпрыгажэйшая ў свеце. На экране беларускія краявіды: палі і лясы, лугі і азёры – наша Беларусь, наша Радзіма. “Мой родны кут, як ты мне мілы…” – гучыць песня, і гледачы ціхенька яе падпяваюць.

Жывая казка

Першая кніга, з якой знаёміцца чалавек яшчэ ў маленстве, несумненна, – казка. Спачатку гэта кніжкі-малышкі, кніжкі-размалёўкі, потым – вясёлыя вершы, апавяданні, гісторыі, цікавыя падарожжы ў чароўны свет казак, дзякуючы якім мы праносім веру ў тое, што дабро мацней, чым зло, праз усё жыццё.
Яшчэ імгненне – і на сцэне ажывае Казка. У госці да гледачоў з’яўляюцца любімыя казачныя героі: Чарапаха Тарціла, Мядзведзь, сямёра Казлятак, Чырвоная Шапачка, тры Парасяці. Казачныя героі разыгрываюць міні-спектакль “Ну, пачакай”, і гледачы захапляюцца дзеяннем на сцэне.

Парад кніг

Расце чалавек, змяняюцца яго светапогляд і чытацкія запатрабаванні. На змену казкам прыходзіць мастацкая літаратура, класіка, гістарычныя выданні, філасофія, навуковыя кнігі. Усё гэта можна без цяжкасці знайсці на паліцах нашых бібліятэк. Як у самай галоўнай – нацыянальнай, якая лічыцца нашай Жамчужынай, так і раённых, сельскіх. У гэтых вялікіх і маленькіх кніжных Храмах працуюць людзі, якія выбралі для сябе прафесію ўсё жыццё прапаведаваць кнігу.
На сцэне адбываецца незвычайны парад кніг па ўсіх раздзелах, якія знаходзяцца ў бібліятэках раёна. Работнікі бібліятэк, як найцаннейшы скарб, нясуць у руках кнігі таго ці іншага напрамку. А ўсяго ў бібліятэках раёна амаль 370 тысяч экзэмпляраў кніг. Усе яны да паслуг чытачоў. Толькі прыходзьце і чытайце.

Лепшыя сябры

Нам з вамі выпала жыць у няпросты, але цікавы час: час камп’ютарызацыі і новых тэхналогій. Цікавасць да электроннай навізны ў падрастаючага пакалення настолькі вялікая, што, здаецца, кніга адышла на задні план, на другое месца.
Але гэта толькі здаецца. Для добрай паловы маладога пакалення Свіслаччыны кніга засталася крыніцай ведаў, добрым сябрам і дарадчыкам.
Для ўзнагароджання лепшых чытачоў, сапраўдных сяброў кнігі запрашаецца дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна, бібліятэкар с саракагадовым стажам Ніна Уладзіміраўна Калач.
На сцэну падымаюцца юныя чытачы Злата Німяровіч, Юлія Барэль, Ганна Пясецкая, Эдвард Лавушкін, Аляксей Галаўкоў. Пра кожнага з іх ідзе кароценькі аповед, з якога добра відаць, што яны сапраўдныя сябры кнігі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўзнагароджваюцца дыпломамі і падарункамі за чытацкую актыўнасць і адданасць Яе Вялікасці Кнізе.
Да юных чытачоў далучаюцца дарослыя. Тыя, хто шмат гадоў не расстаецца з кнігаю, хто застаецца верным ёй на працягу многіх гадоў. На сцэне свіслачане Алена Іванаўна Кавальчук, Валерый Сяргеевіч Лукша, Валерый Мікалаевіч Пекар, Валянціна Іосіфаўна Марчанка, Пётр Пятровіч Цумараў, Уладзімір Нікадзімавіч Лысюк, лепшая чытачка Ціхавольскай бібліятэкі Марыя Іванаўна Барэль, Пацуеўскай – Марыя Раманаўна Халімон, Ханявіцкай – Алена Уладзіміраўна Зошчык, Нязбодзіцкай – Марыя Чаславаўна Захарка, Ханчыцкай – Людміла Васільеўна Жук, Дабравольскай – Вольга Уладзіміраўна Сянчук. Ёсць у нас і сямейныя пары, якія не ўяўляюць сябе без кнігі. Сярод іх Валянціна Іванаўна і Аляксандр Іванавіч Дубатоўкі, Ніна Іванаўна і Барыс Віктаравіч Дзідзенкі. Для іх кніга, як жывая вада, якую яны п’юць шмат гадоў і напаўняюць сэрцы чысцінёй і свежасцю слова. А Аляксандр Іванавіч Дубатоўка не толькі чытае, а і сам піша вершы. Адзін з іх ён напісаў менавіта да свята Кнігі і прачытаў са сцэны.
Актыўным чытачам былі ўручаны дыпломы і сувеніры.
Ніна Уладзіміраўна Калач шчыра падзякавала ўсім, хто сябруе з кнігай, хто часта наведвае бібліятэку, хто чэрпае з кнігі мудрасць, узбагачаецца духоўна.

Ліхтар ведаў

Яго выносіць на сцэну сам Францыск Скарына, каб передаць маленькай дзяўчынцы як свяшчэнны агонь жыцця і дабрыні. Іскры гэтага агню прыйшлі да нас з мінулага і аселі ў чалавечых душах. Яны не могуць згаснуць, пакуль жыве чалавек, пакуль імкнецца да ведаў, пакуль шукае ісціны.
– Я перадаю вам агонь Ведаў і Пазнання, – гаворыць Скарына. – Няхай яго святло гарыць і перадаецца з пакалення ў пакаленне!
Дзяўчынка асцярожна прымае з рук першадрукара ліхтарык, каб берагчы яго святло, а потым перадаць нашчадкам.
Такое вось цудоўнае свята было прысвечана Кнізе. Год скончыцца, але ніколі не скончыцца любоў да кнігі, бо яна – душа народа. А як жа нам без душы?

Хто свята падарыў

Немагчыма не адзначыць тых, хто стварыў такое цудоўнае мерапрыемства. У першую чаргу гэта работнікі бібліятэкі. Іх добрая задумка лягла ў аснову сцэнарыя, які напісала таленавіты рэжысёр і сцэнарыст, вядучы метадыст Свіслацкага раённага метадычнага цэнтра Аліна Адашчык. Сваё мастацтва дарылі інструментальны ансамбль “Арфей” (кіраўнік І. Сікор), фальклорны ансамбль “Купалінка” (Т. Вайцяхоўская), ансамбль скрыпачоў “Натхненне” (І. Чуланава), народны тэатр “Памфлет” (рэжысёр Т. Саляхава), танцавальны калектыў “Усмешка” (А. Балюк), песні гучалі ў выкананні В. Даўгайла, В. Аніські, В. Жданюк, П. Кучмар, К. Хмурчык, К. Краўчук. У ролі Ф. Скарыны выступіў Д. Бародзіч, жанчыны з калаўроткам – Н. Барэль, вядучымі свята былі І. Гутар і Т. Мацкевіч.

Тэкст і фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

На здымках: выстава кніг і дзіцячых творчых работ; ля мікрафона Б. В. Дзідзенка; парад кніг.

Предыдущая статья

Проблемы решаются, когда есть понимание