Майстры матчынага слова

15 Июня’12
2466

Майстры матчынага слова

…Так і крочылі яны па жыцці. Якуб ды Янка. Якуб – ад зямлі, нават псеўданім сабе ўзяў – Колас, як сімвал народнага дабрабыту. Янка ж, яго сябра-рамантык, напрыклад, сваім дзіцячым вершам “Хлопчык і лётчык” здолеў сягнуць высока ў неба Бацькаўшчыны. Ды і псеўданім узяў у гонар самага яркага свята народнага календара – Купалля з яго загадкавай папараць-кветкай…
Якуб Колас – з маленства мой любімы пісьменнік і духоўны настаўнік. Дзякуючы класіку айчыннага мастацтва і яго герою Андрэю Пятровічу Лабановічу з аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях” я і абраў пачэсную прафесію педагога.
Глыбока сімвалічна, што свой першы апублікаваны верш Я. Колас назваў “Наш родны край” (1906): ужо з першых крокаў ён вызначыў асноўным у сваёй творчасці служэнне Бацькаўшчыне і яе народу. Этапнымі стануць у мастака рэалістычная паэма “Новая зямля” і рамантычная паэма “Сымон-музыка”.
У “Новай зямлі” асэнсавана цэлая эпоха ў жыцці беларускага народа, праўдзіва адлюстравана становішча сялянства напрыканцы ХІХ стагоддзя.
“Сымон-музыка” – твор пра народныя вытокі мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане – пра духоўнае адраджэнне народа. Сродкамі рамантычнай вобразнасці тут паказаны складаны лёс таленавітага вясковага музыкі Сымона, пошукі ім адвечнай праўды і сэнсу нацыянальнага жыцця.
У трылогіі “На ростанях” на багатым фоне грамадскага жыцця пачатку ХХ стагоддзя раскрываецца лёс галоўнага героя – настаўніка Андрэя Лабановіча, прадстаўніка перадавой часткі беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі. Аўтар здолеў шырока ахапіць падзеі грамадскага жыцця, адлюстраваць побыт сялянства, местачковай і вясковай інтэлігенцыі, стварыць галерэю партрэтаў людзей, у кожнага з якіх сваё аблічча і характар. Асабліва яскрава выявілася ў рамане майстэрства Коласа-пейзажыста: мы бачым тут непаўторны выгляд тых мясцін, дзе адбываюцца падзеі, – глухіх беларускіх вёсачак і мястэчкаў, лясоў і лугоў, дарог і сцяжынак…
Творчасць Янкі Купалы – глыбока праўдзівы летапіс жыцця беларускага народа.
Непаўторнае хараство яго лірыцы надае арганічнае зліццё лірызму і рамантычнай незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі айчыннага фальклору – паэтыкай беларускай народнай песні, з каларытам беларускіх легенд, паданняў, казак. А купалаўскае сцвярджэнне чалавечай годнасці мужыка (яго першы беларускі друкаваны верш і атрымаў назву “Мужык” (1905) гучала ва ўнісон з горкаўскім узвелічэннем чалавека-працаўніка. Купала і адкрывае ўсяму свету вобраз беларускага мужыка (“Я мужык-беларус”), адкрывае беларусаў як народ (“А хто там ідзе?”). Паэт адзін з заснавальнікаў беларускай пейзажнай і інтымнай лірыкі (“Явар”, “Дзве таполі”, “Абнімі…” і інш.). Класічнымі сталі яго фальклорна-рамантычныя паэмы: “Курган”, прасякнутая ідэяй неўміручасці народнага мастацтва; “Бандароўна” – эпічная песня пра героіку народнага змагання супраць прыгнятальнікаў; “Яна і я” – паэтызацыя шчаслівага жыцця, кахання. Героі Купалавых паэм яскрава сцвярджалі сутнасць нацыянальнага характару беларуса.
Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Мы гаворым: Янка Купала – і працягваем: Якуб Колас. Класік украінскай літаратуры Паўло Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюма вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”. Гэтыя класікі – сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве.
Сябры! У Год кнiгi перачытайце бессмяротныя творы нашых беларускіх песняров – Купалы і Коласа. І я ўпэўнены: душы вашы стануць прыгажэйшымі, у сэрцы вашы ўвальецца любоў да Бацькаўшчыны і яе таленавіта народа. Вы адразу ўсвядоміце, што беларускасць – не пусты гук… Хопіць ужо нам браць за прыклад заморскае, у нас, беларусаў, ёсць сваё – добрае і людскае, прыгожае і ўнікальнае! Гэтаму вучылі і працягваюць вучыць многія пакаленні беларусаў Вялікія Майстры матчынага слова, свядомыя сыны Беларусі – Якуб ды Янка.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Предыдущая статья

Девять незабываемых дней