banner

Дожджык дзетак не мачыў, ён на свята запрасіў

09 Июня’12
1702

Дожджык дзетак не мачыў, ён на свята запрасіў

Першы дзень летніх канікулаў супаў з Міжнародным днём абароны дзяцей. Напэўна, не адзін прахожы запрыкмеціў, як 1 чэрвеня ў раённы Дом культуры, не зважаючы на дождж, спяшалася вясёлая дзетвара. Свае строгія школьныя формы і касцюмы яна змяніла на яркія сукенкі, прывабныя тунікі, модныя легінсы і джынсы, а школьныя ранцы – на рукзакі і элегантныя сумачкі. Ішлі рабяты з бацькамі, педагогамі, сябрамі, а некаторыя прыхапілі з сабою нават хатніх гадаванцаў, каб паспаборнічаць у традыцыйным конкурсе. Не забыліся дзеці пра ролікі і веласіпеды. А як жа! Паклапаціліся аб аматарах рухомых конкурсаў арганізатары свята, падрыхтаваўшы спаборніцтвы і для іх.
…Уладкаваўшыся ў крэслах глядзельнай залы РДК, рабяты з нецярпеннем чакаюць урачыстага адкрыцця мерапрыемства “Рознакаляровае неба дзяцінства”. На сцэну падымаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Э. С. Тарноўскі, ён адрасуе цёплыя словы і найлепшыя пажаданні віноўнікам свята.
Затым гучнымі апладысментамі дзетвара вітае знаёмых з кніжак і мультфільмаў вясёлых казачных герояў, якія і запрасілі рабят у цікавае і таямнічае падарожжа дзяцінства.
Тэатралізаваныя прадстаўленні змяняюцца танцамі, танцы – песнямі, песні – сольнымі выступленнямі юных дараванняў. Паўтары гадзіны канцэртнай праграмы хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама дарослым, якія іх суправаджалі, выдаліся за 15 хвілін.
Дожджык дзетак не мачыў, ён на свята запрасіўЗабавы і конкурсы па свайму густу дзеці знайшлі ў танцавальнай зале, фае Дома культуры і ля фантана. Менавіта там свята прадоўжылася. Адны спяшаліся ацаніць выставу хатніх жывёл, другія паўдзельнічаць ў гульнявой праграме. Эрудытаў і сяброў кнігі сабраў літаратурны аўкцыён. Для тых, хто любіць працаваць з паперай, быў арганізаваны майстар-клас “Чарадзейнае арыгамі”. Аматары двухколых транспартных сродкаў разгарнулі велаэстафету. Знайшліся жадаючыя паўдзельнічаць у ролік-кросе і турыстычным конкурсе. Акцыю “Не пакідайце дзяцей адных” у гэты дзень арганізавалі работнікі РАНС, у рамках яе ў фае РДК яны абсталявалі тэматычны стэнд “Зрабіце жыццё сваіх дзяцей бяспечней”, правялі сярод дзяцей тлумачальную работу, уручылі памяткі і лістоўкі па забеспячэнні правіл пажарнай бяспекі.
Акрамя ўдзелу ў конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, канцэртнай праграмы, дзеці маглі набыць цацкі, паласавацца салодкай ватай, кулінарнай выпечкай і іншымі прысмакамі.
За падоранае свята рабяты павінны дзякаваць дарослым, а менавіта: прадстаўнікам райвыканкама, аддзела адукацыі райвыканкама, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Цэнтра турызму і краязнаўства, дзіцячай бібліятэкі, кінатэатра, раённага Дома культуры, РАНС і Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Алена КЕДЗІК (фота аўтара).

На здымках: на выставе хатніх жывёл; майстар-клас «Чарадзейнае арыгамі».

Предыдущая статья

Орден Матери — жительнице Нового Двора