Якуб Колас страсна любіў прыроду. Коласаўская любоў да прыроды, да зямлі мела глыбокія карані. Ён глядзеў на прыродныя з’явы не толькі як мастак, які тонка адчуваў прыроду і мог перадаць усю яе прыгажосць, яе паэзію, усе адценні яе хараства ў сваім трапным слове. Ён глядзеў на ўсе з’явы прыроды і вокам селяніна, які бачыць у зямлі перш за ўсё сродак існавання, які цэніць тое, што так ці інакш спрыяе добраму ўраджаю, а гэтым самым і дабрабыту людзей, іх шчасцю і радасці.
Іншы раз можна было бачыць Коласа засмучаным. Ён нервова пастукваў пальцам па шкле насценнага барометра.
– Яшчэ некалькі дзён такіх, і ўсё завяне, засохне... Самы раз жытам пайсці ў рост, дык на табе... – і, кінуўшы трывожны позірк на яснае сонечнае неба, незадаволена адыходзіў ад акна.
І трэба было бачыць Коласа, радаснага, шчаслівага, калі ў спякотныя дні перападалі добрыя, спорныя дажджы.
– Гэта, брат, не дажджы, а золата. Будзе і хлеб, будуць і травы на лузе, не абярэшся і грыбоў, і ягад.
Ён любіў упрыгожваць зямлю. Ужо ў гады пасля Айчыннай вайны ён пасадзіў пладовы сад ля свайго дома, садзіў там і іншыя дрэвы: дубкі, рабінкі, бярозкі, клапаціўся аб кветніках. Як рады ён быў, калі пад дрэвамі прыжыліся прывезеныя з лесу некалькі сцяблінак верасу і чарнічніку. Тут жа ў садзе, ля самага дома, была і яго невялічкая, як казаў ён, “доследная дзялянка”, на якой ён штогод праводзіў розныя доследы, засяваў усякімі гатункамі жыта, ячменю, правяраў розныя ўгнаенні, удакладняў спосабы апрацоўкі глебы.
Кожнае лета ён выязджаў у якую-небудзь вёску, бліжэй да лесу, да Свіслачы. Уладжваўся з сям’ёй у сялянскай хаце і праводзіў лета сярод лясоў, палёў і лугоў. Любіў ён чыстыя баравыя лясы, дзе прасторна воку, дзе над галавой ніколі не змаўкае вячысты гоман хвойных вяршынь, дзе ў дастаку паветра і сонца.
Падрыхтаваў Васіль КАРЖАНЕВІЧ.