Вось і зноў, як радасны і ясны золак, узыходзіць святы дзень Пасхі, праменячы святло, суцяшэнне, радасць і жыватворную надзею ўсім веруючым.
З нагоды ўрачыстага святкавання Уваскрэсення нашага Збаўцы прыміце самыя шчырыя пажаданні Божага благаславення ва ўсіх добрых справах. Як Хрыстус перамог смерць, так няхай і нам дапаможа перамагчы нашы слабасці і грахі.
Няхай будзе непахіснай наша вера ва ўсепераможнасць і жыццясцвярджальную моц Божага плана збаўлення адносна кожнага чалавека. Хрыстус здзяйсняе факт перамогі Жыцця над смерцю, святла любові над слепатой грэшнасці. Сын Божы акунае чалавечую слабасць у Ахвяры Крыжа, каб адкрыць перад кожным перспектыву Уваскрэсення. Няхай жа з прыходам вялікага свята вашы сэрцы напоўняцца цеплынёй і спагадай, а прамяністы свет Уваскрэсення Хрыстовага спадарожнічае ва ўсіх справах, прынясе ўтульнасць у вашы дамы, натхніць на добрыя пачынанні.
Няхай паўсталы з мёртвых Хрыстус будзе жаданым госцем нашых думак, слоў і ўчынкаў!
Дасылаем свае віншаванні і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне заўсёды будзе з вамі.
Са святам вас, дарагія браты і сёстры. Хрыстус уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Касцёл Рымска-Каталіцкі св. Францішка з Асыжа ў Свіслачы і яго вернікі для ўсіх веравызнаўцаў каталіцкай канфесіі на Свіслаччыне.
На здымку: першая Пасха Яраслава Вяжбіцкага.