Увагу чытачоў “Свіслацкай газеты” хацелася б звярнуць на цікавую кніжку, якая ёсць на паліцы ў дзіцячай бібліятэцы. Гэтая кніжка незвычайная, бо яе напісалі дзеці – вучні школ Беларусі.
У 1994 годзе Беларускім фондам сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям” быў аб’яўлены конкурс “Усім па казцы”. Прынялі ў ім удзел і вучні школ Свіслаччыны. На конкурс было даслана шмат казак і казачных гісторый. Затым былі адабраны лепшыя з лепшых (бо ўсе казкі кранулі сэрцы членаў журы) і дасланы на рэспубліканскі конкурс.
Колькі ж радасці было ў калектыва, калі ў 1995 годзе бібліятэка атрымала кнігу “Казкі дзяцей Беларусі”. На яе старонках мы з цікавасцю яшчэ раз прачыталі казкі “Урок малявання” Сярожы Касцюка (СШ № 2); “Кемлівы хлопчык” Аксаны Назаравай (Ханявіцкая СШ); “Сірата Алеся” Тані Лінкевіч; “Воўчае сяброўства” Уладзіміра Васіленкі (Дабравольская СШ); “Данік і хлебны чалавек” Алы Гогаль (Сакольніцкая СШ). Мы вельмі ганарыліся іх поспехам.
На сённяшні момант яны ўсе дарослыя людзі, якія ўжо, напэўна, сваім дзецям чытаюць свае казкі.
А мы і сёння працягваем слаўныя традыцыі нашых былых калег, дасылаем на розныя конкурсы творы чытачоў нашай бібліятэкі. Так, прэміяй былі адзначаны вершы і фотаздымкі Насці і Дашы Баяркіных (часопіс “Лесавік”, 2004 г.). У тым жа часопісе ў 2005 годзе былі надрукаваны малюнак Насці Янцэвіч і верш Вікторыі Якуты. А ў 2008 годзе Вікторыя Якута стала пераможцай конкурсу “Люблю Беларусь”, што аб’яўляў часопіс “Вясёлка”, яна атрымала падзяку, падпісаную Уладзімірам Ліпскім. У 2010 годзе часопіс “Вясёлка” надрукаваў апавяданне Маргарыты Маркевіч “Салёны чай”. Творы чытачоў нашай бібліятэкі неаднаразова з’яўляліся і ў “Свіслацкай газеце” на дзіцячай старонцы “Теремок”. Яе героямі былі Ганна Пясняк, Дзмітрый Барэль, Эдвард Лаушкін, Уладзіслаў Трусіла.
І сёння нам хочацца звярнуцца да ўсіх чытачоў “Свіслацкай газеты”: калі вы пішаце вершы, складаеце байкі і казкі, даносьце свае работы ў Свіслацкую дзіцячую бібліятэку, а мы дапаможам вашаму твору ўбачыць свет. А рэдакцыям усіх перыядычных выданняў мы вельмі ўдзячныя за падтрымку здольных дзяцей.
Тамара ЯНЦЭВІЧ,
загадчыца Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі.