banner
Шчаслівы бібліятэкар – шчаслівы чытач
08:33 15 Сентября’20
322
грушевская.jpgГаліна Уладзіміраўна Грушэўская працуе ў Нязбодзіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства з кастрычніка 2003 года. Як чалавек неабыякавы да літаратуры яна зрабіла бібліятэку камфортнай для зносін. Тут пануе атмасфера добразычлівасці і спагадлівасці. Для ўсіх у яе знойдзецца адказ на любое пытанне, увага, карысная літаратура.

Ёсць такія бібліятэкары, якія перажываюць, што кніга сыходзіць на другі план. Але цяпер адной кнігай у бібліятэку людзей не прыцягнеш. Калі ствараліся бібліятэкі, не было інтэрнэту, электронных кніг, тэлебачання і радыё. Кніга была адзінай крыніцай інфармацыі. Зараз на нашы галовы адусюль паступае столькі інфармацыі, толькі паспявай яе перапрацоўваць. А яшчэ хуткі рытм жыцця робіць сваю справу, у людзей проста не хапае часу на чытанне кніг.

Калі спытаць, што робяць бібліятэкары, можна атрымаць адзін адказ – «выдаюць кніжкі». А як яно на самой справе? Пра гэта ведае толькі сам бібліятэкар. Галіна Уладзіміраўна з сямнаццацігадовым стажам адказвае на гэтае пытанне так: «Бібліятэкар – гэта ўсебаковы чалавек, творчы, у якога аб’ёмная і цікавая работа. Часам не месціцца ў васьмігадзінны працоўны дзень, не таму, што дрэнна працуеш, а таму, што не паспяваеш увасобіць задуманае».

Галіна Грушэўская – адна з самых вопытных, пісьменных, эрудыраваных бібліятэкараў раёна. Пазітыўная, чулая і дзіўная жанчына, у якой праца будзе ісці толькі ў правільным накірунку. Яшчэ ў 2004 годзе пачала навучанне ў  Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па спецыяльнасці «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія». За гэты час шмат чаму навучылася, бо ведала, што важна быць спецыялістам у сваёй справе. 

Пры размове Галіна Уладзіміраўна задумалася, кім яна была б, калі б не прыйшла ў бібліятэку? Вельмі складана ўявіць сабе гэта. Дарэчная фраза: «Шчаслівы бібліятэкар – шчаслівы і чытач». 

– Я люблю сваю працу, удзячная лёсу, які падарыў мне такую выдатную прафесію. І гэта адчуваюць мае чытачы, таму ў бібліятэку прыходзяць з задавальненнем, – разважае суразмоўца.

Менавіта яна праводзіць вялікую працу па арганізацыі і правядзенні ў бібліятэцы мерапрыемстваў, афармляе выставы, праводзіць сустрэчы з чытачамі, арганізуе чытанне ў іншых населеных пунктах. І нават бібліятэчнае абслугоўванне аддаленых вёсак – Дрэчаны, Зарэчаны, Качкі, Раманаўцы, Якушоўка – ёй таксама дастаўляе шмат станоўчых эмоцый. Як лічыць Галіна Уладзіміраўна, наведваючы чытачоў дома, вельмі важна, каб зносіны неслі станоўчыя эмоцыі і пакідалі добрыя ўражанні. 

Пад кіраўніцтвам Галіны Уладзіміраўны працуе аб’яднанне сямейнага напрамку «У сямейным крузе», а таксама вядзецца праца з дзецьмі.

Зараз у бібліятэцы 184 чытача. Свядома сюды прыходзяць вяскоўцы ва ўзросце ад 60 гадоў, паколькі чытанне кніг паляпшае памяць. Аддаюць яны перавагу кнігам пра каханне, веру, дабро, сям’ю, чытаюць часопісы і газеты.

Святлана Піваварчык, дырэктар Свіслацкай раённай бібліятэкі: «Галіна Уладзіміраўна – сапраўды бібліятэкар па прызванні. Яшчэ ў самым пачатку працоўнага шляху яна так закахалася ў гэтую прафесію, што яе азарт дагэтуль адчуваецца на справе. Адказны, выканаўчы работнік, які хварэе душой за працу. Менавіта ў яе ў бібліятэцы ёсць брэндавае мерапрыемства «Сямейны кніжны выхадны», якое праводзіцца два гады запар».

Вольга БОТВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Нацкомиссия по правам ребенка: очевидно, что детям не место на несанкционированных митингах (+видео)