banner

Наша Пасха — Хрыстос

25 Апреля’11
2751

Дарагія браты і сёстры!

На крылах вясны спяшаецца да нас найвялікшае свята — Дзень Змёртвыхпаўстання Хрыста. Падзея, якая адбылася амаль дзве тысячы гадоў таму, зноў і зноў урываецца ў нашы сэрцы, ускалыхвае душу, прымушае асэнсаваць сваё жыццё, задумацца аб існаванні на гэтым свеце, успомніць, што Бог надзяліў кожнага з нас бессмяротнай душой, за якую мы перад Ім у адказе.

Усе гэтыя перадсвяточныя дні многія з нас, адкінуўшы прэч мітусню і вечную занятасць, спяшаліся ў святыя Храмы, каб аддаць Богу свае грахі, каб паўстаць перад Змёртвыхпаўстаўшым Хрыстом з чыстай, амытай Яго Святой Крывёю душой.

Гэтае свята з’яўляецца найважнейшым днём у гісторыі чалавецтва, бо праз Сваю смерць і ўваскрэшанне Хрыстос дараваў кожнаму чалавеку, які ў Яго верыць, збаўленне ад грахоў.

Без Іісуса Хрыста мы не мелі б ніякага шанца на дараванне і вечнае жыццё. Слова Божае гаворыць: “Ибо так возлюбил Бог мир, что отдал Сына Своего Единородного, дабы всякий верующий в Него, не погиб, но имел жизнь вечную” (Иоанна 3,16).

Іісус Хрыстос стаў тым Пасхальным Ягнём, якое было прынесена ў ахвяру за грахі ўсяго свету. Ізраільскі народ праз Пасху меў выхад з рабства, так сёння мы можам мець свабоду ад грахоў, усякага пракляцця ў сваім жыцці, бо Пісанне гаворыць, что наша Пасха — Хрыстос.

У гэтыя дні заклікаем кожнага яшчэ раз задумацца над вялікім значэннем гэтага свята ў нашым жыцці і ўвайсці ў яго з любоўю да бліжняга, з уменнем прабачыць, падзяліцца цеплынёй свайго сэрца, падарыць пяшчоту і ласку тым, хто таго патрабуе.

Прыміце ж самыя шчырыя віншаванні і пажаданні дабра і спагады на кожны дзень. Няхай Неўміручая Хрыстова Любоў вядзе вас па жыцці, няхай стане тым святлом, якое асвеціць шлях у неба, у вечнае жыццё. Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і галоўным гаспадаром і дарадчыкам будзе Бог, няхай пануюць у дамах дабрыня, разуменне і ўзаемапавага. Няхай будуць атуленыя цеплынёй і пяшчотай дзеці, старыя бацькі, няхай ніколі не будзе канфліктаў паміж братамі, суседзямі, калегамі.

Дасылаем свае віншаванні і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенства заўсёды будзе з вамі.

Са святам вас, дарагія браты і сёстры. Хрыстос з мёртвых паўстаў! Справядліва з мёртвых паўстаў!

Касцёл Рымска-Каталіцкі св. Францішка з Асыжу ў Свіслачы і яго вернікі для ўсіх веравызнаўцаў каталіцкай канфесіі на Свіслаччыне.

Предыдущая статья

Живите в мире и любви!