banner

Свята гумару – са смакам!

12 Апреля’11
2467

Свята гумару – са смакам!

Пэўна, ніхто не будзе спрачацца, што наш вясковы стол без капусты быў бы значна бяднейшым. Добрыя словы і любоў аддаем мы гародніне, у якой “лата на лаце”, а яна корміць нас круглы год. Здаецца, яшчэ пару гадоў назад акрамя белакачаннай у нашых гаршках не было іншых гатункаў. А зараз каляровая, брокалі, пякінская, кальрабі, брусельская, чырвонакачанная, савойская не толькі даюць добры ўраджай на нашых сядзібах, а і шырока ўжываюцца ў вясковай кухні. Таму на нашым кулінарным шоу “Смачна есці!” быў аб’яўлены “Капусны дзень”.

Чаму ж гэта не свята? Хто так палічыў з жыхароў вёскі Грынкі, той ніколькі не пашкадаваў. Маладыя, прыгожыя, спрытныя, увішныя маладзіцы Таццяна Данільчык, гардэробшчыца ў мясцовай школе, і Наталля Акудовіч, касір ААТ “Грынкі”, спачатку расказалі пра сябе, пахваліліся сваімі заняткамі і, канешне ж, кулінарнымі здольнасцямі. Кожная з іх вырошчвае капустачку сама. У Наталлі растуць побач і капуста, і розныя гатункі кветак. А Таццяна кожную раніцу адчувае задавальненне ад вясковай мелодыі, у якую зліваюцца гудзенне пчолак, мяўканне любімых катоў, спеў птушак і подых ветру… Разам гэта – ці не вясковая ідылія?!

Свята гумару – са смакам!У дбайных гаспадынек падрастаюць па дзве дачушкі, яны пакуль што вучаніцы. Мамы з задавальненнем перадаюць ім свае кулінарныя сакрэты. Разам рыхтавалі і конкурсныя стравы з капусты. Гледачы перавагу аддалі блінчыкам з капустай, якія з любоўю напякла сям’я Акудовічаў. Кожная гаспадынька мае свой, хоць маленькі, сакрэт квашання капусты.

Маленькія кухаркі, якія падчас усёй праграмы завіхаліся на “клубнай кухні”, паспрабавалі перадаць яго ў гульнёвай форме (фота 2). А пакуль нашыя гераіні, Наталля і Таццяна, увіхаліся каля сваіх фірменных страў з капусткі, зала “спявала” гімн любімай гародніне.

Кажуць, адзін з’еш хоць вала – адна хвала, а як станеш гуртам есць – будзеш мець і чэсць. Вось і мы ўсім гуртам смакавалі вінегрэт з грыбамі ад Таццяны Данільчык і салат “Нежность” ад Наталлі Акудовіч (фота 1). За рэцэптамі прыязджайце да нас, у Грынкі, на наступнае кулінарнае шоу “Смачна есці!”.

Удзельніцы атрымалі за свой плён і старанне падарункі, а мы ўсе – вялікую асалоду.

А завяршыўся гэты цудоўны вясенні выхадны святам гумару “Смейцеся, людзі, і вечна жывіце”, якое падрыхтавала аматарскае аб’яднанне “Спадчына”. Падчас яго зала ўзрывалася апладысментамі і дружным рогатам. А ўсе гісторыі, канешне, з жыцця. Віруе яно ў вясковай сям’і Мані і Вані (Л. Лукша і А. Пічкоўская), бо яны любяць не толькі пра сябе расказаць, але, як “тое сарафаннае радыё”, разнесці ўсе навіны па вёсцы. Дуня з Тэкляю (П. Лукашэвіч і Л. Трахімік) “махнулі” за мяжу, а што з гэтага атрымалася? Марыйка (М. Казлоўская) мяняе кавалераў, а дзе добрага знайсці, як яны даўно на мяккіх жончыных падушках?

Песні, прыпеўкі, тонкі гумар…

Вось так весела і дружна жывём мы ў нашай вёсачцы! Чаго і ўсім вам жадаем!

М. САМАЛЕВІЧ.

Предыдущая статья

В восхищении от Беларуси