Хто ж не любіць Каляды?! І дарослыя, і малеча з асаблівай асалодай чакаюць іх. Бо свята прыходзіць тады, калі “сонейка звяртаецца да лета, а зіма на мароз”.
Нашы продкі лічылі, ды і мы таксама, што калі добра сустрэнеш Каляды – увесь наступны год будзе спрыяць поспех. Таму і ў нашай клубнай установе шырока і гасцінна былі адчынены дзверы Калядзе, каб наступны год быў творчы і багаты ды ў хатах нашых панаваў дабрабыт.
Гасцей клуба, удзельнікаў забаўляльнай праграмы “Смачна есці, Каляды”, сустрэла сама Матухна-Зіма з гарэзлівымі Сняжынкамі (сям’я Данільчык). Яна сыпала снегам, ладзіла Завіруху, кідалася бахматымі снежкамі і, зразумела, спявала свае зімовыя песні.
А на імправізаванай кухні збіраліся дбайныя гаспадыні. Запахла кісленькай капусткай, пацяклі слінкі ад салёнага гурка, завурчаў жывот ад аладак з мёдам. Водар стаяў такі, што ажно нос зрывала.Яўгенія Паўлаўна Барэль – гаспадыня якіх пашукаць. Нарадзілася і гадавалася ў шматдзетнай дружнай сям’і, у якой да Калядаў заўсёды дбайна рыхтаваліся. Прытрымліваліся посту, не спявалі песень. Для малых асабліва жаданымі былі святочныя вечары. А як жа! Можна было смачна “ад пуза” наесціся. Даўно пакінуўшы бацькоўскую хату, Яўгенія Паўлаўна і ў сваім доме, з сваёй сям’ёй заўсёды ладзіць Каляды. За яе багатым святочным сталом збіраюцца трое дзяцей з зяцямі і нявесткай і шасцёра ўнукаў. А самы пачэсны госць – яе матуля, якая сёлета адзначыць 91 год.
У Любові Мікалаеўны Плескачэўскай 17 гадоў сямейнага жыцця, чацвёра дзяцей, любімых і жаданых. Гаспадыня хоць і маладая, але спрытная і ўвішная, кулінарка добрая. Кожны год на куццю ўсёй сям’ёй крочылі да свякрыві са свёкрам. Сёлета бабуля з дзядулем прыйшлі святочным вечарам да сына з нявесткай, да любых унукаў.
Год, як прызнаецца Люба, быў добрым і шчодрым. А самая значная падзея – набылі ва ўласную гаспадарку кароўку. Цяпер сям’я будзе і з малачком, і з тваражком.
Любоў Мікалаеўна і Яўгенія Паўлаўна прынеслі з сабой смачныя стравы, якія заўсёды бываюць на іх калядным стале. Гледачы смакавалі селядзец у цесце, блінчыкі з мёдам, наліснікі з грыбамі і не ведалі, хто “аўтары” страў. Калі ж прагаласавалі за наліснікі з грыбамі, вядучая адкрыла «сакрэт»: іх з любоўю прыгатавала Люба Плескачэўская.
А потым гаспадыні пачалі “калдаваць” над традыцыйнай поснай стравай – вінегрэтам. У кожнай – свае сакрэты, якія адкрылі апасля.
А пакуль гаспадынькі ўвіхаліся на кухні, зала варажыла, як і трэба ў Каляды, спявала і весялілася…
Мы ж там былі! Вінегрэт спрабавалі, гарбатаю запівалі. І атрымалі ад усяго асалоду і адчуванне свята, а ўдзельніцы – падарункі. Ды яшчэ раз упэўніліся, што Каляда – свята дабра, шчасця і агульнай весялосці. І вельмі добра, што мы “не зачыніліся” ад роднай спадчыны. А наадварот, адкрылі шырока дзверы і шчыра пагукалі: “Добры вечар, шчодры вечар, Каляда!”
М. САМАЛЕВІЧ,
загадчыца Грынкаўскага сельскага Дома культуры.
Фота аўтара.
На здымках: «Каляда» ў гасцях у сям'і Трахімік; грынкаўскія гаспадынькі.