Такія сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі, і гэта не можа не цешыць. Відаць, наша Свіслаччына мае нейкую дзіўную прыцягальную сілу, і таму сюды імкнуцца людзі, каб наталіць душу натхненнем, удыхнуць у сябе таямнічы і непаўторны дух творчасці.
На гэты раз да нас завіталі сапраўдныя майстры слова, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. А гэта дзіцячы паэт і пісьменнік, аўтар амаль дваццаці кніг, лаўрэат прэміі імя А. Дубко ў намінацыі “Пісьменнік года” Віктар Сямёнавіч Кудлачоў, празаік Ірына Васільеўна Фамянкова і паэт, аўтар трох зборнікаў вершаў Мікалай Іванавіч Сяроў. На сустрэчу з вядомымі творцамі былі запрошаны мясцовыя аўтары, члены літаратурнага аб’яднання “Люстэрка душы”, якое працуе пры рэдакцыі “Свіслацкай газеты” з ліпеня бягучага года, а таксама юныя аматары паэтычнага слова, пераможцы школьных алімпіяд па рускай і беларускай мовах.
На працягу дзвюх гадзін гучалі цудоўныя вершаваныя радкі, напаўняючы чытальную залу раённай бібліятэкі дзівосным святлом, якое адсвечвалася ў кожнай душы, у вачах тых, хто прыйшоў на сустрэчу з Яе Вялікасцю Паэзіяй.
Нялёгкі лёс выпаў на долю Віктара Кудлачова. Яго дзяцінства ў прамым сэнсе слова апаліла вайна, асляпіўшы полымем вочы. Так, яны схованы за чорнымі шкельцамі акуляраў, але, страціўшы магчымасць бачыць вачамі, ён атрымаў у дар ад Бога другі зрок, зрок душы. Яна бачыць нябачнае нікому, яна адчувае так, як не здольны адчуваць іншы, нават самы празарлівы чалавек. Вершы паэта пранікнуты ні з чым не параўнальнымі пачуццямі. І не дзіва, што Віктар Сямёнавіч вельмі часты госць у школах, дзіцячых садках, розных клубах, бібліятэках. Цудоўныя радкі паэта можна слухаць бясконца, як і вершы Мікалая Сярова, якія з’яўляюцца адлюстраваннем яго трапяткой, чыстай і тонкай душы, якая ўмее адчуць чужы боль, як свой, раздзяліць чужую радасць, якая нясе ў сабе толькі пазітыў.
Кожны твор Ірыны Фамянковай – гэта лёс. Лёс жанчыны, маці, жонкі, каханай. Яе аповесці, апавяданні, эсэ нельга чытаць без хвалявання. Яны пранікнуты тонкай філасофіяй, маюць глыбокі псіхалагічны напрамак, прымушаюць задумацца аб сэнсе жыцця. Што ні вобраз, то асоба, і за кожнай такой асобай чыясь радасць ці боль, адчай, шчасце, надзея, вера, любоў.
Прыемна здзівілі прафесійных пісьменнікаў і нашы аўтары. Свае вершы з натхненнем прачыталі Іван Ламашкевіч, Аляксандр Дубатоўка, Фёдар Цямежнікаў, Аксана Баяркіна.
Бібліятэка атрымала ў дар кнігі аўтараў, таксама была магчымасць набыць іх кожнаму, хто меў такое жаданне.
Усе, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу, несумненна атрымалі шмат задавальнення і асалоды. Таму і дамовіліся сустрэцца зноў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На здымках: выступае І. Фамянкова; слухаючы паэтычнае слова.