Сёння нярэдка прыходзіцца чуць пра складанасці лёсу, пра шматлікія праблемы, якія наступаюць на пяты і перашкаджаюць жыць паўнацэнна. Можа, гэта і так, але, калі сустракаешся з людзьмі, якія наперакор усяму жывуць з усмешкай на твары і нават у складанасцях шукаюць пазітыў, то свет адразу становіцца яскравым і цудоўным.
Гэта датычыць і тых, хто паўсядзённую прозу ўпрыгожвае паэтычным словам, для каго паэзія не проста рыфмаваныя радкі, а частка жыцця, нешта, без чаго сябе чалавек не ўяўляе.
З мэтай далучыць да паэтычнага слова як мага больш людзей, узбагаціцца творчымі скарбамі, здабыткамі фальклорнага і сучаснага мастацтва паэтычнай формы быў аб’яўлены і праведзены агляд-конкурс выканаўцаў размаўляльнага жанру “Паэтычная скарбонка”.
Гэты конкурс сабраў разам аматараў паэтычнага і празаічнага жанраў мастацкага слова розных узростаў, і мерапрыемства ператварылася ў сапраўднае свята паэзіі.
Нельга не адзначыць, што на конкурс былі запрошаны ўжо вядомыя аўтары, творы якіх не раз друкаваліся ў раённай газеце, іншых выданнях, калектыўных паэтычных зборніках, а таксама тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без паэтычнага слова.
Свае вершы чыталі Іван Ламашкевіч, Таццяна Варанец, Вольга Янецкая, Фёдар Цямежнікаў. Вершы іншых паэтаў чыталі Ніна Дзідзенка, Ларыса Пархімовіч. Шчырыя апладысменты былі адзнакай за прыгожыя вершаваныя радкі.
А пасля пачаўся конкурс. Ён праходзіў у чатырох намінацыях. Першая, на мой погляд, была самай адметнай і прыгожай, таму што ў ёй гучала матчына мова. Лягенды, паданні, апавяданні, казкі гучалі, нібы спеў, нібы звон ручая. “Шануйце роднае слова” – так называлася літаратурная кампазіцыя, якую прадставіла на суд журы Наталля Барэль з раённага Дома культуры з дзеткамі. Пасадзіўшы каля сябе малых, яна так прыгожа і шчыра гаварыла пра неўміручыя скарбы, якія тоіць у сабе беларуская мова, так замілавана гучалі казкі і паданні з вуснаў дзяцей, што нельга было не заслухацца. Не менш цікава выступілі і іншыя выканаўцы.
Другая намінацыя насіла назву “Святыя тэмы”. Гучалі вершы пра маці, пра каханне, пра шчаслівы лёс тых, хто знайшоў адзін аднаго на жыццёвых перакрыжаваннях.
У намінацыі “Цуды ёсць на свеце” артыстычныя здольнасці паказалі многія выканаўцы, у тым ліку Віктар Ганчарэвіч з Поразаўскага ГДК, Ірына Харашэўская з Гарнастаевіцкага СДК.
А найбольш вясёлай была апошняя намінацыя – “Гумараць землякі”. Кожнаму выканаўцу можна было ставіць вялікую дзясятку а некаторым і па дзве. Гумарэска “Пятух”, якую выканала Таццяна Янюк з Ціхаволі, узарвала зал апладысментамі. Многа смеху нарабіла інтэрмедыя “Кашатнікі”, што прадставілі працаўнікі Занкаўскага СДК. А Марына Швяцова з таго ж Дома культуры паставіла сакавітую кропку ў конкурсе сваёй гумарэскай “Дзед-прызыўнік”.
Калі прыйшла пара падводзіць вынікі, журы было трошкі складана вызначыць пераможцаў, але конкурс ёсць конкурс...
Дыпломамі пераможцаў узнагароджаны Наталля Барэль, Сямён Саўко, Юлія, Дзмітрый і Алёна Баралі (РДК), Настасся Бялестра (Корнадзьскі СДК), Віктар Ганчарэвіч (Поразаўскі ГДК), Рыта Мешчаракова (Нязбодзіцкі СДК) і Ірына Харашэўская (Гарнастаевіцкі СДК), Алена Пісар і Марына Валюк (Ханявіцкі СДК), Таццяна Янюк (Ціхавольскі Дом фальклору), Марына Швяцова, Таццяна Вярбіцкая і Ірына Штоп (Занкаўскі СДК).
Спецыяльнымі дыпломамі за яркі сцэнічны вобраз адзначаны Валянціна Дырында (Велікасельскі СК) і Аксана Ціток (Сакольніцкі СК).
Дыплом за сцэнічны дэбют атрымала самая маленькая выканаўца Ксенія Трахімік (Грынкаўскі СДК).
Зараз нашых аматараў паэтычнага слова чакае абласны агляд-конкурс. Гонар раёна там будуць абараняць выканаўцы з раённага Дома культуры. Няхай ім пашчасціць.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.
На здымку: шанаваць роднае слова вучаць Н. Барэль з дзеткамі.