Так пачыналася вайна. Успаміны жыхаркі вёскі Занкі Ганны Бародзіч пра чэрвень 1941-га

22 Июня’25
292

22 чэрвеня - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Кожны раз, калі закранаю тэму вайны, лаўлю сябе на думцы, што не магу ўявіць, якія пачуцці былі ў тых людзей, якіх так неспадзявана напаткала вялікая, ні з чым не параўнальная бяда. Што адчувалі мірныя жыхары, якія яшчэ ўчора выношвалі нейкія планы? Хлопцы, дзяўчаты танчылі, спявалі песні на вячорках, дзеткі засыналі пад матуліну калыханку, і ніхто не здагадваўся, што гэта апошнія гадзіны мірнага часу, што ўжо раніцай усё жыццё будзе падзелена на "да" і "пасля". Будуць перакрэслены ўсе планы, усе мары, а вельмі часта і само жыццё.


"Мы з раніцы чулі: "Вайна! Вайна!"

Гэта было ў чэрвені 1941-га. Людзі клаліся вечарам спаць, і ніхто не ведаў, што чакае заўтра. А заўтра чорнымі крумкачамі наляцелі нямецкія самалёты, загрукаталі танкі, забуркацелі матацыклы, машыны, і на нашай шматпакутнай зямлі нелюдзі стварылі сапраўднае пекла.

Вось што ўспамінае пра першыя дні вайны жыхарка вёскі Занкі Ганна Кузьмінічна Бародзіч:

– Мне яшчэ сямі гадкоў не было, як вайна тая праклятая пачалася. Мы, дзеці, з раніцы чулі: "Вайна, вайна". А што мы разумелі – малыя яшчэ былі. А тут нехта крычыць: "Немцы ідуць! Хавайцеся!" Мы з хаты выбеглі і схаваліся за хлеў. Але выглядвалі: цікава ж было паглядзець, што там за немцы такія. І вось бачым здаля – ідуць па сцежачцы за вёскай, што людзі вытапталі, калі ў поле на працу хадзілі. Усе ў чорным, рукавы закасаныя і аўтаматы настаўленыя наперад. Ах, як жа страшна было! Як яны пачалі ў вёску заходзіць, мы пабеглі ў хату: мама, тата і нас чацвёра. А я самая малодшанькая. Страшна было, але і цікава. Стаю за печкаю і гляджу ў акно, як яны па вуліцы ідуць. Шмат іх было, па ўсёй вуліцы расцягнуліся. Ад Кавалёў праз Занкі пайшлі па дарозе на Вялікае Сяло.

А потым да нас на двор прывезлі немцы кухню. А яшчэ ў нас патэфон у хаце быў, прыйшлі, каб забраць яго. Немец здымае яго з палічкі, а я ўчапілася за край мундзіра і крычу на ўсю хату: "Не чапай, аддай наш патэфон". Але ж не аддаў, зразумела, мяне нагою адпіхнуў, я адляцела аж у куток. Паплакала і годзе.

Жыхары беглі ў поле, а вёска палала

Такімі былі першыя дні. А наперадзе яшчэ колькі! І ніхто не ведаў, колькі жыць яшчэ пад гэтым страшэнным ярмом, колькі прыйдзецца цярпець і чакаць вызвалення. Ганна Кузьмінічна працягвае свой горкі аповед:

– Пачалі забіраць моладзь у Германію. Да нас прыйшоў солтыс і сказаў сястры Алене, каб збіралася. Хацелі яшчэ і брата забраць, але ён быў хворы. Мама праводзіла, паплакала, а што было рабіць. А з нашай Леначкай яшчэ чалавек дзесяць у той дзень забралі. Да Свіслачы пешшу зайшлі, а потым павезлі ў Кёнігсберг. Там яе забралі ў сям'ю, дзе была немка ляжачая. Яе трэба было даглядаць і ўсю гаспадарку ў дадатак. Была там Лена, пакуль не вызвалілі.

Яна потым яшчэ ў Літве ў ваеннай часці выпякала хлеб нашым салдатам. А дзядзьку нашага расстралялі. Партызаны цягнік нямецкі ўзарвалі, і нехта немцам сказаў, што гэта дзядзька навёў тых партызанаў. Яго схапілі, вельмі доўга здзекваліся, білі, мучылі, а потым расстралялі.

Помніцца Ганне Кузьмінічне і той дзень, калі вызвалялі родную вёску. Як яны ў склепе хаваліся, а потым у суседскім гумне. Як ляцелі запальваючыя бомбы ў хаты, у хлявы. Як усе жыхары беглі ў поле, бо вёска палала.

Крык стаяў да неба, бабы галасілі, дзеці нема крычалі. Па вёсцы ішлі танкі і запальвалі дамы.

– Амаль уся вёска згарэла, – гаворыць бабуля Нюра. – Толькі некалькі дамоў засталося. Дзякуй богу, наша хатка ўцалела. Калі па вёсцы нашы салдаты ішлі, людзі насустрач беглі, выносілі, хто што мог, частавалі. Мама выбегла з хаты, крычыць: "Детачкі мае, родненькія! Папіце малачка цёпленькага!". Так вось вярнуўся да нас мір і спакой...

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

В Беларуси сегодня День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида белорусского народа