
Мінула больш за восем дзесяцігоддзяў з часоў той бязлітаснай вайны, падрастае пятае пасляваеннае пакаленне, а хатынскія званы ўсё звіняць і звіняць. Даўно адышлі ў нябыт апошнія сведкі тых страшэнных падзей, якім пашчасціла выйсці з агню і застацца жывымі. З апёкамі на целе, а яшчэ больш на душы, яны ўжо нікому не раскажуць, як гэта было. Тыя нешматлікія сведкі заснулі навекі, але іх абвугленая памяць засталася тут, на зямлі. Яна звонам, набатам грукае ў нашыя сэрцы, апякае іх хатынскім полымем, і мы не маем права забываць пра тое, што ўчыніла звярынае племя фашыстаў на нашай шматпакутнай зямлі.
Кожны з нас, хоча ці не, чуе той звон. У кожнага сваё рэха, свая памяць пра мінулую вайну. Як не свая, дык бацькоў, дзядоў, прадзедаў… Тое, што тварылася тут, што рабілася ў беларускіх вёсках, датычыцца ўсіх нас, пра гэта павінны ведаць усе.
Бег часу спыніўся назаўсёды
22 сакавіка 1943 года ў невялічкай вёсцы трагічна і назаўсёды спыніўся бег часу.Хатынцаў сагналі ў калгасны хлеў. Абклалі яго саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Тых, хто вырываўся з полымя, бязлітасна расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.
149 жыхароў вёскі, прыняўшы пакутніцкую смерць, згарэлі зажыва. 75 з іх – дзеці...
У Хатынскім мемарыяльным комплексе ўвекавечана 186 вёсак, якія былі знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны, 433 вёскі, якіх спасцігнуў лёс Хатыні і якія аднавіліся. 325 вёсак, якія былі знішчаны з часткаю насельніцтва, пазначаны агеньчыкамі на своеасаблівай Сцяне Памяці фотадакументальнай экспазіцыі.
На Могілках вёсак захоўваецца зямля з вёсак Беларусі, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Побач узвышаюцца сімвалічныя Дрэвы жыцця са спісам адро-джаных пасля вайны вёсак. Мемарыял уключае Сцяну памяці вязняў фашысцкіх канцлагераў, на мемарыяльных плітах якой назвы 66 найбольш буйных лагераў і месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі.
А ўспаміны жывуць
Перада мной ляжыць кніга “Я з вогненнай вёскі”. Яе аўтары – Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік – у свой час аб’ехалі 147 вёсак, трыццаць пяць раёнаў рэспублікі. Яны запісвалі ўспаміны людзей, якія цудам выжылі. Горкія аповеды больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый. Людзі з “вогненных вёсак” сабраліся на старонках кнігі і расказалі пра тое, што помніць страшна, а забыць – немагчыма. На кожнай старонцы крычаць раны памяці, якія нічым не загоіш.Перачытваю тыя радкі і амаль фізічна адчуваю той пякельны боль, той неперадавальны страх, якія выпалі на долю і дарослых, і малых дзетак. Цяжка чытаць, а як жа было насіць у сабе такія ўспаміны? Як было з імі жыць?
У людзей, якія цудам засталіся жывымі, была не толькі вогненная памяць, але і вогненныя сны. “Мы былі ў лесе, – расказвала пісьменнікам Вольга Рыгораўна Грышановіч з вёскі Лазовая Асіповіцкага раёна. – Ну а прыйшлі з лесу, калі нашых спалілі. Паглядзелі, сабралі попел: дзеці ляжаць, здаецца, жывыя. Возьмеш – папялок рассыпаецца. У адной хаце мы сабралі ўсіх. Дзевяць цаброў – адны беленькія костачкі. А ў другой – там ужо была гара, і кроў відна была, іх, мусіць, білі. Мы збіралі тыя костачкі і закапвалі. Потым прыйдзем у лес, нагалосімся і зноў на папялішча бяжым. Прыснілася нам: “Што вы нас не пахавалі?...” Колькі раз прыбягалі. Зноў пойдзем у лес, ляжым: які там сон! Але зноў сняцца: “Вы нас усіх не пахавалі…” Зноў ідзем, разграбаем цэглу, шукаем… Ні адной душы ў нас не ўцякло. У нас такія жанчыны былі маладыя… Дык з дзецьмі каторыя, тых палілі, а без дзяцей – у Германію. Тых, што ў лесе лавілі, тожа ў агонь кідалі”.
Гэта толькі адзін успамін з тысячаў. А колькі іх так і не было запісана! Людзі паміралі, а ўспаміны па сёння жывуць. І павінны жыць, бо іначай нельга, каб ніколі, ніколі больш не паўтарыўся той жах.
Хто яшчэ не быў у Хатыні, знайдзіце час і паедзьце туды. Там сустрэне вас на ўваходзе цёмная фігура старога з такім каменным і такім мяккім целам мёртвага хлопчыка. Вы прой-дзецеся па страшным “могільніку вёсак” – адзіным на ўсёй зямлі. Пастойце каля сімвалічнага паваленага даху хлява, у якім згарэлі людзі. Прыслухайцеся, і пачуеце крыкі ахопленых полымем людей, дзіцячы плач і праклёны фашысцкім нелюдзям. А яшчэ абавязкова прачытаеце зварот-заклік загінуўшых у агні: “Людзі добрыя, помніце, мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні, наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе ў віхры пажараў жыццё не ўмірала”.