banner
Размаўляйце на роднай мове, размаўляйце...
08:18 18 Февраля’20
Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята, якое было абвешчана 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана, у першую чаргу, на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, захаванне нацыянальнай самабытнасці і адметнасці. Бо менавіта мова робіць народ своеасаблівым носьбітам сваёй культуры, сваёй гісторыі.
Вельмі часта мне падчас вучобы ва ўніверсітэце даводзілася сустракацца з людзьмі, якія штодзень размаўлялі на беларускай мове, а таксама спрабавалі прапагандаваць яе выкарыстанне сярод сваіх знаёмых. Першы час гэта выклікала нейкае непаразуменне з майго боку. Бо, добра ведаючы гісторыю Беларусі, асабліва рашэнні рэспубліканскага рэферэндума 1995 года, якія затым знайшлі сваё адлюстраванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, можна было б паспрачацца з чалавекам і пераканаць яго гаварыць на рускай мове, якая мае статус дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Але ці патрэбна гэта рабіць? Я размаўляю па-руску, мяне выдатна ўсе мае сябры разумеюць, а калі раптам я перахожу на беларускую мову, узнікаюць шматлікія пытанні аб лексічным значэнні многіх слоў.

А потым я працаваў ва ўстановах адукацыі раёна, дзе амаль усе школьныя прадметы выкладаліся на беларускай мове. І было крыху нязвыкла самому на ёй гаварыць, а таксама вучыць дзяцей даваць грунтоўныя адказы, разважаць на беларускай мове. З цягам часу я зразумеў адну цікавую рэч: некаторыя тэмы і нават прадметы важна прагаворваць на роднай мове, каб не страціць яе, а нейкія паняцці і падзеі лепш растлумачыць па-руску. Бо калі чалавек можа з лёгкасцю ўспрымаць дзве мовы, пераходзіць пры размове з адной на другую, не блытаць з трасянкай, – значыць яго можна назваць адукаваным і культурным чалавекам. І часта, калі я ішоў на працу ў школу, я размаўляў са знаёмымі на рускай мове, але, пераступіўшы парог установы адукацыі, адразу пераключаўся на беларускую. Незвычайна, падумаюць многія з вас, але менавіта так і было.

Яшчэ адзін выпадак заставіў мяне па-іншаму зірнуць на пытанне выкарыстання мовы ў паўсядзённым жыцці. На вечары сустрэчы выпускнікоў Вердаміцкага ДС СШ, якая адбылася ў першай дэкадзе лютага, мне пашчасціла пагаварыць з ветэранам педагагічнай працы, былым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Леанідай Уладзіміраўнай Борыс. Гэта быў настолькі цікавы субяседнік, што нашу размову я памятаю  і па сённяшні дзень. Ці чулі вы пра факультатывы ў школе па беларускай літаратуры? Мне, напрыклад, давялося пачуць пра іх упершыню. На занятках дзеці, як многія б падумалі, не пісалі ў сшытках творы беларускіх пісьменнікаў, а проста чыталі іх. Чыталі і аналізавалі, спрабавалі адчуць непаўторны «смак» беларускай народнай гаворкі. І гэта было вельмі важна, каб не забываць родную мову, размаўляць на ёй і несці свае веды будучым пакаленням.

Сёння ў школах вялікая ўвага надаецца вывучэнню замежных моў, якія дапамагаюць чалавеку адчуваць сябе часткай сусвету, наладжваць дыялог з носьбітамі іншых моў, мець рацыю пры абмеркаванні міжнародных праблем. Але важна не забываць роднай мовы, каб не згубіць яе зусім. Неабходна больш чытаць беларускіх народных казак. Так-так, бо яны даюць унікальную магчымасць успрыняць фантазію народа дзякуючы беларускамоўным слоўнікавым адзінкам. Таксама калі-некалі неабходна прачытаць вершы беларусіх паэтаў, прозу і часцей у жыцці размаўляць на беларускай мове. Бо дзякуючы кожнаму з вас, нашы чытачы, беларуская мова жыве, развіваецца і мае шансы не застацца забытай на старонках гісторыі. Размаўляйце па-беларуску, размаўляйце…     

Текст: Владимир Михальчик

Предыдущая статья

Не сори в лесу и на берегу!