banner
Мая мова – мова продкаў
10:10 13 Апреля’22
Так склалася, каб людзі не забылі сваю мову, існуе Міжнародны дзень роднай мовы. А чаму і не? Мова адлюстроўвае традыцыі, звычаі народа. Яна захавальніца гістарычнай памяці. Наша беларуская мова самабытная і непаўторная. 

На ёй гаварылі бацькі, дзяды і прадзеды. Гэта і мова чалавека сучаснага, які мае магчымасць гаварыць па-беларуску, думаць, марыць. А пісьменнікі і паэты нашай краіны зрабілі ўсё, каб яна была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. У розныя стагоддзі напісаны і празаічныя, і паэтычныя творы, у якіх спрадвеку гучыць мілагучнае роднае слова, такое знаёмае кожнаму з самага дзяцінства.

Задача беларусаў – зрабіць усё, каб мова продкаў не знікла, не памерла. Калі народ страчвае сваю мову, тады знікае і культура, а праз пэўны час можа знікнуць і сам народ як нацыя. Няма роднай мовы – і народа няма. На жаль, гэта так. У нашай краіне склалася такая сітуацыя, што перавагу часцей за ўсё  мы аддаем рускай мове. Але гэтаму ёсць сваё тлумачэнне: вучоныя называюць гэта беларуска-рускім блізкароднасным двухмоўем, якое спалучае і генетычнае сваяцтва людзей, і лімітавую блізкасць моў. Чаму лімітавую? Таму, што толькі працэнтаў дваццаць слоў у беларускім тэксце цалкам адрозніваюцца ад слоў рускай мовы.

Мова продкаў павінна гучаць. Каб мова жыла і развівалася, трэба на ёй гаварыць. І гэтаму існуе шмат прычын. Па-першае, чалавечая годнасць і вартасць пачынаюцца з пашаны да роднага слова, да роднай зямлі, да ведання гісторыі сваёй Радзімы. Усё мае свае карані, так і чалавек. Без каранёў ён – ніхто. А па-другое, яшчэ Францыск Скарына ведаў адказ, калі нашчадкам пісаў: “…Як птушкі, што лятаюць у паветры, помняць свае гнёзды… гэтак і людзі, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць” і патрэбу ў сваёй мове роднай таксама будуць мець. 

У нашай краіне шмат робіцца дзеля таго, каб выхаваць у падрастаючага пакалення павагу і любоў да сваёй роднай мовы. Так, у першую нядзелю верасня штогод адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Гэта вельмі значнае свята для краіны і для людзей. Яно пакідае пра сябе памяць не толькі ў словах, але ў новых турыстычных аб’ектах. Так, у Полацку быў адкрыты ўнікальны помнік літары “ў”. У Ганцавічах з’явіўся помнік Якубу Коласу. У Хойніках – скульптурная кампазіцыя “Па старонках твораў Івана Мележа”. У Капылі – Алея пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Капыльшчыне.

Гэта ўсё сведчыць аб тым, што беларуская мова з’яўляецца яшчэ і сродкам выхавання, дапамагае людзям абменьвацца духоўнымі каштоўнасцямі. Патрыятызм без роднай мовы не выхаваеш, грамадзянскую свядомасць не сфарміруеш. Мову трэба шанаваць, знаць, з павагай адносіцца да яе. Паэт Аляксей Пысін быў задаволены тым, што: “Дала мне маці гэту мову, каб не нямым прыйшоў у свет, дала мне маці гэту мову, як спадчыну і запавет…” Але ён яшчэ і турбаваўся, вельмі жадаў, каб мова не знікла, таму і прасіў нашчадкаў: “Дачка мая! У жыццёвай прозе, у буднях і святочным днём не пакідай яе ў парозе, калі ў нечы ўвойдзеш дом”.

Текст: Валентина Хамчук

Предыдущая статья

Lukashenko: Belarus will develop economic cooperation with Primorsky Krai