banner
Вялікія справы пачынаюцца з малога
08:45 17 Ноября’20
Заўсёды захаплялася мужнасцю і гераізмам людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны не задумваючыся маглі аддаць сваё жыццё за Радзіму, за выратаванне іншых, за вялікую высакародную справу. “Вось гэта подзвіг! Вось гэта патрыятызм!” – разважаю пра сябе. А ці шмат цяпер знойдзецца сярод нас сапраўдных патрыётаў?
Адказаць адназначна нельга. Так, грамадства паступова змяняецца. Мяняюцца каштоўнасці, прыярытэты, маральныя і сацыяльныя ўяўленні. Мы ўсе спасылаемся на такі час, каб неяк апраўдаць сваю пасіўнасць. 

Калі чытаю кнігі ці гляджу фільмы, дзе распавядаюцца сапраўдныя гісторыі пра мужных сыноў сваёй зямлі, яны кранаюць да глыбіні душы. Чую знаёмыя імёны і знаёмлюся з новымі. Ці змагла б я здзейсніць нешта падобнае? Не ведаю. А яны, сапраўдныя патрыёты, змаглі. Сваё жыццё за Радзіму 75–80 гадоў назад аддавалі не толькі дарослыя, але і дзеці. Яны добраахвотна ішлі на пагібель, не думаючы пра карысць і славу. Яны, дзеці, юнакі і дзяўчаты, у якіх жыццё толькі пачыналася, якіх чакаў наперадзе вялікі жыццёвы шлях…

Многіх маленькіх герояў мы ведаем. У савецкі час іх партрэты віселі ў кожнай школе. І кожны падлетак ведаў іх імёны: Зіна Партнова, Марат Казей, Лёня Голікаў, Валя Коцік, Зоя і Шура Касмадзям’янскія. Але былі і дзясяткі тысяч юных герояў, чые імёны засталіся невядомымі. Іх называлі піянеры-героі, камсамольцы. Але героямі яны былі не таму, што, як і ўсе равеснікі, яны былі сябрамі піянерскай або камсамольскай арганізацыі, а таму, што яны былі сапраўднымі патрыётамі і сапраўднымі людзьмі.
У час Вялікай Айчыннай вайны супраць гітлераўскіх акупантаў паўстала цэлая армія хлопчыкаў і дзяўчынак. Толькі ў акупаванай Беларусі ваявалі не менш 74 500 дзяцей і падлеткаў. Дзіўна тое, што яны не чакалі, пакуль іх паклічуць дарослыя, яны самастойна дзейнічалі з першых дзён акупацыі, рызыкуючы жыццём. 

Хтосьці знаходзіў раскіданыя з самалётаў лістоўкі і распаўсюджваў іх у сваім райцэнтры або вёсцы. Напрыклад, полацкі хлапчук Лёня Касач сабраў на месцах бітваў 45 вінтовак, 2 ручных кулямёта, некалькі кошыкаў патронаў і гранат і надзейна схаваў усё гэта. Калі прадставіўся выпадак, перадаў усё партызанам. Такім жа чынам стваралі для партызан арсеналы і сотні іншых хлопчыкаў. 

Сярожа Расленка ў 13 гадоў акрамя збірання зброі вёў разведку і перадаваў звесткі партызанам. Шасцікласнік Віця Пашкевіч восенню 1941 года арганізаваў у акупаваным фашыстамі Барысаве спецыяльную каманду, якая выносіла з варожых складоў зброю і боепрыпасы, дапамагала ладзіць падпольшчыкам уцёкі ваеннапалонных з канцлагераў, паліла варожыя склады з абмундзіраваннем…
Мінскі падпольшчык Валодзя Шчарбацэвіч быў адным з першых падлеткаў, каго немцы пакаралі смерцю за ўдзел у падполлі. Пакаранне яго яны запісалі на фотастужку і распаўсюдзілі потым гэтыя кадры ў навучанне іншым. Хлопчык мужна вытрымаў усе катаванні.

Алёша Вялаў (Малы) дзейнічаў у складзе сямейнай групы. Калі пачалася вайна, яму было 11 гадоў, старэйшым сёстрам Васілісе і Ганне – 16 і 14. Алёша і яго сёстры тройчы падпальвалі віцебскі чыгуначны вакзал, падрыхтавалі выбух біржы працы, каб заблытаць улік насельніцтва і выратаваць моладзь і іншых жыхароў ад згону ў «германскі рай», узарвалі пашпартны стол у памяшканні паліцыі... На іх рахунку дзясяткі дыверсій. Такіх гераічных прыкладаў шмат. Гэтыя дзеці, як і малавядомыя Вольга Дзямеш, Віця Сітніца, Ціхан Баран, Іван Казачэнка, не шукалі славы, яны рабілі тое, што ім падказвала іх сэрца. 
Я ні ў якім разе не хачу вайны. Не хачу, каб дзеці выказвалі свою любоў да Радзімы, рызыкуючы жыццём. Сёння гэтыя подзвігі маленькіх беларусаў вучаць нас рабіць добрыя ўчынкі, не думаючы пра славу і ўзнагароды. Нездарма кажуць, што ўсе вялікія справы пачынаюцца з малога.

Текст: Снежана Журневич

Предыдущая статья

О результатах работы сельскохозяйственной отрасли района