banner
Не ўсё тое золата, што свеціць
11:33 13 Июня’18
Адышоў у мінулае на Свіслаччыне выпускны баль, які ў кожнага ўдзельніка мерапрыемства пакінуў свае ўражанні і ўспаміны.
Безумоўна, кранальным і запамінальным ён быў для гараджан, якія прыйшлі атрымаць асалоду ад урачыстасці. Дзе яшчэ ўбачыш столькі прыгажосці? Дзяўчаты ў модных сукенках з цікавымі прычоскамі, інтэлігентныя юнакі ў шыкоўных касцюмах пад гальштукамі і бабачкамі, рознакаляровыя паветраныя шары, ганаровыя госці, цырымонія ўзнагароджання…

Гэтай святочнай атмасферай пранікліся і віноўнікі ўрачыстасці – выпускнікі школ, іх бацькі і блізкія. Чаму ж не? Для першых у мінулым засталіся школа, хатнія заданні, настаўнікі, наперадзе – новае самастойнае жыццё. Для бацькоў выпускны баль дзяцей таксама немалаважная падзея ў жыцці, якая выклікае дваякія пачуцці. Напрыклад, у мяне гонар за дачку, што яна добра скончыла школу, вырасла нядрэнным чалавекам, выбрала вышэйшую навучальную ўстанову, у якую марыць паступіць. А з другога боку, разумееш, што ўжо ніколі не будзе так, як у школьныя гады: сумесныя хатнія заданні, штодзённыя сямейныя вячэры за адным сталом, ранішнія зборы ў школу…

На жаль, на фоне станоўчых эмоцый з выпускным балем, а дакладней з падрыхтоўкай да яго, усплываюць і адмоўныя бакі. Калі знаёмыя агучваюць сумы ў 1 400, 1 600 беларускіх рублёў і вышэй, у якія ім выліліся зборы на выпускны баль, за галаву бярэшся. Так і хочацца адказаць: “Не мелі б грошай, і за 600 рублёў усёй сям’ёй апрануліся б”. Вы скажаце: шанцуе бацькам юнакоў – ім не патрэбны прычоскі, макіяж, нарошчванне пазногцяў. Наўрад ці. Зараз і хлопцы розныя, адзін перад другім ды перад дзяўчатамі моднічаюць. Толькі адзін касцюм з якаснай тканіны 600 рублёў каштуе. А яшчэ абутак скураны, ды маці з татам апрануцца патрэбна. Хіба жарты?

Скажаце, несучасная ці жыццё такое дарагое? Не, была на рынку і ў крамах, сама апраналася, для выпускніцы ўбранне падбірала. Сапраўды, ёсць дарагія рэчы, але хапае і такіх, якія кожнаму па кішэні.

Паважаныя бацькі, ці не задумваліся вы, што мы самі з маленства сваіх дзяцей шыкоўна жыць прывучаем, а потым плачамся. Вы лічыце нармальнай з’явай, калі вучаніцы 8–9 класаў ходзяць у школу з нарошчанымі пазногцямі? Дарэчы, на бацькоўскія грошы зробленымі. А потым здзіўляемся аб запытах на выпускны баль. Хачу разачараваць: не заўсёды сукенка, набытая за 400 ці 500 рублёў, выглядае на сваю цану. Хіба што цэннікі патрэбна прычапляць, ці ў натоўпе людзей агучваць, як гэта часта і робяць бацькі на выпускным балі.

Я салідарна з адной са сваіх знаёмых, якая палічыла, што на выпускны баль да сына можна абысціся прыгожай сукенкай з шафы, сваімі рукамі нанесеным макіяжам, самастойна зробленым манікюрам, вось толькі за прычоскай да прафесіянальнага майстра звярнулася. І сыну звычайнае, недарагое, але з густам адзенне набыла. У выніку іх святочныя вобразы нічым не ўступалі тым, хто на ўбранні немалую суму грошай выдаткавалі. Не выключэнне, што гэтая дарагая вопратка так і будзе вісець гадамі ў шафе, займаючы толькі месца.

Мяркую, што аднавіць гардэроб і апрануць выпускніка, улічваючы яго запыты, патрэбна. Немалаважнае значэнне мае і знешні выгляд бацькоў, таму і аб сабе неабходна паклапаціцца. Але вось празмернасці і высакамернасці, што я і маё дзіця апрануты лепш за другіх, тут не месца. Так і напрошваецца вядомы ўстойлівы выраз: “Не ўсё тое золата, што свеціць”.

Текст: Елена Кедик

Предыдущая статья

Охрана труда: звенья одной цепи