Калі хочаш свята – ствары яго сам. Іван Петрушкевіч перад Новым годам стварыў каля сваёй хаты сапраўдную чароўную казку

18 Января’26
378

Спачатку быў тэлефонны званок з вёскі Качкі. Жанчына распавяла, што яе сусед Іван Петрушкевіч перад Новым годам стварыў каля сваёй хаты сапраўдную чароўную казку. “Прыязджайце, самі пабачыце, – запэўніла вяскоўка. – Вы такога хараства, пэўна, яшчэ не бачылі”. Як было не адгукнуцца! Такую хату абмінуць немагчыма.
Яна зіхацела на ўсе колеры і прыцягвала ўвагу здалёк. Сапраўды – казка! Калі гаспадар запрасіў у хату, то там уражанне патроілася. Я думала, што мяне здзівіць ужо цяжка, але ж памылялася.


І стала хата – бацькоўскай

Іван Петрушкевіч нарадзіўся і вырас у Свіслачы. Жылі ў прыватным доме, Іван з маленства любіў майстраваць разам з татам. Той пастаянна штосьці стругаў, пілаваў, прыбіваў, і маленькі Ваня яму дапамагаў.

Пасля школы хлопец паступіў у Калінінградскае ваенна-авіяцыйнае вучылішча. Служыў за мяжой, потым у гарадскім пасёлку Рось. Адтуль і пайшоў на пенсію ў званні маёра. Тады і вырашыў ажыццявіць даўнюю мару – купіць дом ў вёсцы. Знаёмы падказаў, што ёсць добрая хата ў Качках. Парада была вельмі своечасовай.

Набываўся дом пад лецішча, а зараз гэта сапраўдны церам, жыць у якім само задавальненне. Іван Іванавіч жыве тут пастаянна, і для яго гэта самы дарагі куточак на свеце. У размове з ім я выказала шкадаванне, што гэта, на жаль, не спадчына і таму не пападзе ў мой праект “Бацькоўская хата”. На што Іван Іванавіч адказаў: “Так, я яе купіў, але раблю ўсё магчымае, каб яна стала бацькоўскай хатай для маіх дзяцей і ўнукаў. Ды і не сумняваюся, што ўжо стала. Яны з задавальненнем прыязджаюць у Качкі, дапамагаюць мне ва ўсім. Іх ужо цягне сюды, і я вельмі цешуся з гэтага”. Такімі словамі ён мяне крануў за душу.

Ад той хаты, якую першы раз убачыў Іван Петрушкевіч, засталіся толькі сцены, дах і падлога. Усё астатняе было перабудавана па-новаму.


Хата мне адразу спадабалася, – гаворыць Іван Іванавіч. – Нейкай цеплынёю ад яе павеяла, нібы прасілася сама: “Купі, не дазволь загінуць, не дазволь зарасці бур’яном”. І я доўга не раздумваў. Жонка таксама была не супраць. Мне асабліва спадабалася, што дом аддалены ад пастаяннага аўтамабільнага руху, побач рака, лес. Гэта ж – любата! Купілі мы хату і з жонкай Аленай пачалі планаваць, дзе што і як перабудоўваць будзем. Ідэі падкідвала жонка. Яна ў мяне па прафесіі фінансавы работнік, а па духу – дызайнер. Часам здзіўляюся, як яна ўжо наперад бачыць канчатковы вынік?! Пагаджаюся з усімі яе задумкамі. Наогул, мы разам усё робім. Яна дапамагала фундамент заліваць пад прыбудоўкі, хату абшываць. Разам малады сад пасадзілі, агарод, кветкі садзім вясною. Ад былога гаспадара засталася галубіка. Праўда, пакуль дом быў нічый, шмат кустоў загінула, але многа ўдалося і выратаваць. Кожны год ягада цешыць ураджаем. А яшчэ ў нас ёсць экзатычныя птушкі – паўліны. Пакуль што іх два – Паўлік і Паўлінка, але плануем развесці больш. І фазанаў хачу развесці таксама.

Птушкі, сабака ды каты – вось і ўся гаспадарка.

Утульнае гняздзечка на гарышчы

Іван Іванавіч вядзе мяне паказваць свае перабудовы. Падымаемся на другі паверх. Дакладней – на гарышча, якое рукамі Івана і Алены ператварылася ва ўтульнае сямейнае гняздзечка. Колькі ж было ўкладзена працы, каб месца, куды звычайна выкідваецца ўсё непатрэбнае, ад чаго тое гарышча робіцца вялікай звалкай, стала такім непазнавальным. Гэта ж ўсе “скарбы” трэба было спачатку сабраць, ачысціць пляцоўку і толькі потым абсталяваць на свой густ.


Ідзём у кухню. Тут таксама ва ўсім адчуваецца рука гаспадара. І, зразумела, гаспадыні. Яна пакуль што прыязджае толькі на выхадныя і ў водпуск, бо яшчэ працуе, але за тыя дні, што праводзіць тут, паспявае шмат чаго зрабіць. І ў гасцёўні ёсць на што паглядзець. На сцяне – фоташпалеры з марскім пейзажам. Такое ўражанне, што гэта вокны з відам на мора. І нават драўляны насціл да берага вядзе. Любата! У кутку – елачка з металічных пруткоў. Здаля выглядае як сапраўдная. Старыя печы перароблены ў прыгожы камін з функцыяй рускай печы, у якой запякаецца бабка, кішка, куры, качкі і іншыя смакоцці, калі сюды прыязджаюць дзеці, госці. Праведзены водаправод, абсталяваны санвузел.

“Люблю адчуванне свята”

На сценах у хаце Петрушкевічаў – абразы. Іван Іванавіч прывёз іх з Санкт-Пецярбурга. Хата кожны год асвячаецца. Прыязджае ў Качкі настаяцель Дабравольскага храма Успення Прасвятой Багародзіцы айцец Пётр. Наогул сям’я Петрушкевічаў шчыра верыць у Бога і жыве згодна з Яго запаведзямі. Можа, таму ўсё ў Івана з Аленай атрымліваецца ладна і спраўна.

Сюды часта прыязджаюць мае сябры, былыя саслужыўцы, проста добрыя знаёмыя. Тады на ўсю вёску пахне шашлыкамі і іншымі мяснымі дэлікатэсамі. Гучаць песні, і гутарка не змаўкае да ночы. Кожная такая сустрэча – свята. Я вельмі люблю, калі ў мяне дома госці. Не толькі жонка, я і сам умею ўсё прыгатаваць, накрыць багаты стол. Я ж былы ваенны, жыццё шмат чаму навучыла. Люблю адчуванне свята – тады душа спявае. Наогул думаю так: калі хочаш, каб было свята, ствары яго сам. Вось я і ствараю.

Родныя людзі

Летам – рыбалка, грыбы, ягады.

Толькі не лянуйся – збірай. А я не лянуюся. Мне вельмі падабаецца тут жыць. Але і вандраваць мы любім. Аб’ездзілі амаль ўсе гарады ў Беларусі, у Расіі шмат дзе былі. Адусюль, дзе пабывалі, прывозім сувеніры.

Іх у гаспадароў ужо вельмі шмат сабралася.


У нас з Аленай гэта другі шлюб. У мяне ад першага – два сыны. А ў яе – дзве дачкі. Дзеці паміж сабою хутка знайшлі агульную мову, сябруюць, прыязджаюць сюды адпачываць і дапамагаюць ва ўсім. Усе святы – разам, на выхадныя, у водпуск таксама ў Качкі спяшаюцца. Ім тут добра, а нам так прыемна гэта адчуваць, бачыць, што ў іх, як і ў нас, ляжыць душа да гэтай хаты, да вёскі.

Тут, у Качках, Петрушкевічы хутка сталі сваімі – што казаць, паважаюць на вёсцы людзей працавітых, шчырых.

У мяне суседачка Зінаіда Андрэеўна Раецкая, такая цудоўная жанчына, такая добрая, шчырая. Я ёй вельмі ўдзячны за парады, за кожнае цёплае слова. У яе такі лёс быў цяжкі. Бацьку немцы расстралялі, калі яна яшчэ зусім маленькай была. Расказвала мне аб гэтым, аж мароз па спіне.

З болем кажа Іван Іванавіч, што вёска з кожным годам усё больш пусцее. Маладыя рвуцца ў горад, дамы застаюцца пакінутымі. Няправільна гэта.

Некаторыя не разумеюць нас. Не раз гаварылі: “Навошта табе тая хата ў забітай вёсцы? Хіба грошай няма куды падзець? Ёсць кватэра з усімі выгодамі, ёсць куды пайсці ў вольны час, а цябе ў глухамань пацягнула”. Ім цяжка зразумець, што ў гэтай “глухамані” я адчуваю сябе, як рыба ў вадзе. Мне тут так лёгка дыхаецца, так светла на душы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Многотомники классиков и летопись страны. Старейшему издательству Беларуси - 105 лет