banner

Ад Халхін-Гола да Браціславы пра нашых ветэранаў ідзе слава

19 Мая’09
2268

Ад Халхін-Гола да Браціславы пра нашых ветэранаў ідзе славаЗ'язджаючы з ваўкавыскага гасцінца ў Кусянцах направа, мы трапляем на хутар. У садзе ветліва сустракае высокі, сівавалосы мужчына. Гэта і ёсць ветэран вайны Уладзімір Іванавіч Анціпкін. Аб тым, што чалавек ён з гумарам, мы даведаліся адразу пасля знаёмства. Як прыстала сапраўднаму гаспадару, Уладзімір Іванавіч запрашае ў хату. Мы, як малодшыя, прытрымліваючы дзверы, прапануем паважанаму ветэрану ўвайсці ў хату першым. Ён жа ў адказ: «Я ўжо тут не раз быў, а вы ўпершыню».


Уладзімір Іванавіч, як і яго тры браты, родам з Тульскай вобласці. Усе як адзін ваявалі. Толькі старэйшаму Івану не пашчасціла вярнуцца з вайны. У 1941 годзе ад нямецкай кулі загінуў у Ржэве, што пад Масквой.

Сам Уладзімір Іванавіч быў прызваны ў армію ў 1939 годзе, служыў у Манголіі. Там прымаў удзел у ваенных дзеяннях на рацэ Халхін-Гол.

— Пасля япона-мангольскай вайны застаўся далей несці службу. Умовы для пражывання былі цяжкія. Казармаў не было, спалі ў юртах на кашме. Пасярод юрты, каб не замерзнуць, — агонь. Дзяжурны, які змяняўся праз некалькі гадзін, падтрымліваў яго. Служыў у аўтароце. У кожнай роце было па 30 машын. Я добра разбіраўся ў тэхніцы, таму быў прызначаны галоўным, атрымаў званне яфрэйтара.

— 1941 год... — працягвае, перавёўшы дыханне, Уладзімір Іванавіч. — Прыйшоў час збіраць чамадан, тэрмін службы завяршаецца. Тут паступіла каманда будаваць супрацьтанкавыя катлаваны. Потым пранеслася вестка аб тым, што пачалася вайна. Чакалі, што вось-вось у ваенныя дзеянні ўключыцца Японія, у яе ж пакт быў заключаны з Германіяй. Японія ў вайну не ўступіла, а нас перакінулі ў Падмаскоўе. Адтуль прайшлі заходнюю Расію, Беларусь. Завяршыў наступленне наш кавалерыйскі корпус непадалёку ад Оршы. Затым камандаванне перакінула нас на паўднёвыя Украінскія І і ІІ франты. Далей наш шлях ляжаў праз Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію. Доўгачаканы Дзень Перамогі сустрэлі ў Браціславе. З радасці нашы салдаты адкрылі такі агонь, што многія думалі, што немцы зноў у горад уварваліся.

У вайну давялося мне быць механікам-вадзіцелем танка Т-38. Пры штурме Будапешта атрымаў раненне: да сённяшняга дня на адно вока амаль не бачу.

Пасля вайны Міхаіл, брат ветэрана, аднаўляў Поразаўскі раён. Уладзімір Іванавіч прыехаў з бацькам з Расіі да яго пагасціць, аблюбаваў месца і застаўся. Назаўсёды. Ажаніўся, пабудаваў дом. Як і брат, узначаліў суседні саўгас «17 Верасня». Пасля аб’яднання саўгасаў працаваў галоўным механікам. Калі пайшоў на пенсію, стаў старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі саўгаса «Гарнастаевічы». Як успамінае Уладзімір Іванавіч, у той час пярвічка налічвала 68 удзельнікаў вайны, а зараз толькі 3. Пасля смерці жонкі штогод Уладзіміра Іванавіча на зіму забірае дачка, але як толькі зыходзіць снег, ён зноў імкнецца ў Кусянцы. Прыкіпеў, прырос усёй душой да Поразаўшчыны, якая стала для яго другой радзімай.

Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Жыхары партызанскай гасцініцы