banner

Жыхары партызанскай гасцініцы

19 Мая’09
2291

Жыхары партызанскай гасцініцыАмаль шэсць з паловай дзесяцігоддзяў мінула з той пары, як заціхлі гарматы. У лясах на месцы былых партызанскіх зямлянак кожнай вясной зацвітаюць суніцы. Стаіць цішыня, і чутно толькі, як гудзяць пчолы, збіраючы з кветак нектар, ды спеў лясных птушак. Ападуць сунічныя пялёсткі, і на іх месцы з’явяцца ягады. Іх ярка-чырвонымі кропелькамі будуць усыпаны паляны і пералескі, напамінаючы аб тым, што некалі тут грымелі баі. І кожнаму, чый лёс пераплецены з ваенным ліхалеццем, нагадаюць тыя ягадкі кропелькі крыві змагароў за свабоду і незалежнасць нашай вялікай Радзімы і таго маленькага куточка, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Іх, тых крывавых кропелек, было тут шмат. Памятаюць аб гэтым сосны ды елкі, якія ўкрывалі партызан ад ліхога варожага вока, і кожнай вясною плачуць па загінуўшых бярозы.


Жыхары партызанскай гасцініцыВёсачка Сабалькі. Яна прытаілася ў пералеску паміж Ружанскай і Белавежскай пушчамі, і выпаў ёй на долю нялёгкі, але гераічны лёс. З першых дзён акупацыі жыхары Сабалькоў актыўна ўключыліся ў барацьбу з гітлераўцамі. Яны ратавалі ад варожага палону і смерці параненых байцоў і камандзіраў, хавалі, лячылі народнымі сродкамі, кармілі, апраналі, узбройвалі і адпраўлялі ваеннаслужачых далей на ўсход на злучэнне з Чырвонай Арміяй, а пазней тых, хто выходзіў з акружэння, — у лес да партызанаў.

Яшчэ ў ліпені 1941 года ўзнікла адна з першых у раёне антыфашысцкая група, а потым — Поразаўскі падпольны антыфашысцкі камітэт, арганізатарам якіх быў ураджэнец вёскі Сабалькі Вікенцій Вікенцьевіч Янушка. У жніўні ён стварыў і ўзначаліў партызанскую групу, якая перарасла ў атрад Паддубнага (такой была падпольная мянушка камандзіра). Ядром атрада сталі жыхары Сабалькоў А. С. Саўко, С. К. Куцько, Т. М. Янушка, а таксама група савецкіх ваеннаслужачых. Да жніўня 1942 года атрад вырас да 180 чалавек. І народныя мсціўцы пастаянна адчувалі падтрымку і дапамогу жыхароў вёскі Сабалькі. Яны збіралі зброю, пяклі хлеб, мылі бялізну, тут партызаны адпачывалі пасля баявых заданняў, падрыву мастоў і чыгунак, дыверсій супраць варожых войск. У барацьбу з ворагам уключыліся не толькі асобныя жыхары, а цэлыя сем’і. Збіралі звесткі аб праціўніку, перамяшчэнні войск і эшалонаў, хадзілі на чыгуначныя станцыі, у фашысцкія гарнізоны Ваўкавыска, Свіслачы, Поразава, Падароска.

Добраахвотныя памочнікі падказалі партызанам, што на вялікай паляне ва ўрочышчы Войтаў Мост немцы будуюць пасадачную пляцоўку для самалётаў, каб лягчэй было весці барацьбу з партызанскім рухам і выяўляць партызанскія стаянкі. Дзякуючы своечасовым даным партызанам удалося ноччу наблізіцца да паляны, зняць вартавых і разбіць праціўніка. Пасля гэтага ў гітлераўцаў прапала ахвота будаваць аэрадром. За гасціннасць і ветлівасць, з якімі, нягледзячы на смяротную рызыку і небяспеку, сустракалі вяскоўцы партызан, Сабалькі сталі называцца “Партызанскай гасцініцай”.

Сёння, на жаль, многіх з тых гасцінных жыхароў ужо няма на свеце. Апусцелі дамы, пазарасталі сцежкі, па якіх прыходзілі сюды партызаны, і сведкаў тых даўніх падзей засталося няшмат. І так балюча кранаюць за сэрца іх шчырыя аповеды.

Антону Іванавічу Зіновіку споўнілася ўсяго чатырнаццаць гадоў, калі спакой яго роднай вёсачкі парушыў люты вораг.

— У той вечар я быў на сяле на вячорках, а калі вярнуўся, то ля хаты немцаў убачыў, — успамінае Антон Іванавіч. — Спачатку не хацелі мяне пускаць, але потым неяк дазволілі ў хату зайсці. Я кароў пасвіў, а калі жыхары вёскі пайшлі ў партызаны, то я ім зямлянкі дапамагаў капаць.

Аднойчы мой тата хацеў партызанам завезці што-небудзь з ежы. Ён паклаў прадукты на воз, прыкрыў трошкі, узяў малодшага брата майго і сякеру, нібы па дровы ехаць сабраўся. Але не вярнуўся ён дахаты. Высачылі яго і забілі. Брат з канём вярнуўся, а бацьку знайшлі толькі вясною, калі снег сышоў. У яго галава была прастрэлена, вока не было. Тады і пахавалі.

А ў 43-м мяне ў Германію забралі. Нас чатырох было такіх гаротнікаў: два хлопцы і дзве дзяўчыны. Я там у лагеры быў. Нагараваўся вельмі, не думаў, што выжыву, але ў студзені 45-га нас вызвалілі. І адразу – на фронт. Стралком я быў. Вучыцца страляць часу не было, трэба было наступаць, і мы наступалі. Мяне спачатку параніла ў галаву, але няцяжка, я хутка ў строй вярнуўся, потым яшчэ ў ногу было раненне, а там і Перамогу сустрэў. Як мы цешыліся! Я паспеў яшчэ скончыць акружныя курсы ваенных краўцоў і шаўцоў. Вярнуўся ў свае Сабалькі толькі ў 1951 годзе. Тады ж і ажаніўся. І адразу пачаў новую хату будаваць. Жонка мая родам з Кавалёўцаў. Тры дачушкі мне нарадзіла. Адна ў Церахавічах жыве, а дзве – у Гродне. Маем шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. І найбольш за ўсё хочацца, каб яны шчаслівымі былі, каб не зведалі таго, што нам давялося.

Жыхары партызанскай гасцініцыІмя Яўгеніі Вікенцьеўны Сушко назаўсёды ўпісана ў гісторыю Свіслаччыны. Гэта менавіта яе бацька, Вікенцій Янушка, арганізаваў першы партызанскі атрад, але гэта не значыць, што яна грэецца ў бацькоўскай славе. Свой уклад у імя Перамогі ўнесла і сама Яўгенія Вікенцьеўна. Яна разам з сёстрамі Глафірай і Марыяй таксама ўдзельнічалі ў партызанскім руху, былі сувязнымі атрада, дапамагалі збіраць зброю, варылі есці, перавязвалі параненых і... чакалі Перамогу.

Шмат мінула гадоў. Пастарэла, пасівела былая партызанская сувязная. Але гады не кранулі памяць.

— Я ў гэтай хаце нарадзілася. Мы з Марыйкай блізнятамі былі, а Груня малодшая за нас на два гады. Тата наш да вайны быў старшынёй Кукліцкага сельскага Савета. Калі немцы прыйшлі, то бацьку загадалі ў Лыскава прыйсці. Ён прыйшоў, і яму сказалі, каб ішоў працаваць на немцаў. Ён згадзіўся, і яго адпусцілі. Але бацька, вядома ж, на немцаў не стаў працаваць і стварыў невялікую партызанскую групу. З ім былі ў партызанах Васіль і Цімафей Янушкі, Аляксей Шабат, Аляксей Саўко і іншыя. А мы тады яшчэ дома былі. Аднойчы прыйшлі да нас немцы, схапілі маму і ў гумне доўга білі яе. Мяне толькі нагой немец ударыў і сказаў: “Бандыцкая дачка”. Потым маму нашу Крысціну Янушка, Вольгу Янушка (жонку Цімафея), Аляксандру Шабат (жонку Аляксея) і яшчэ многіх з Корнадзі, Рудні, Магілёўцаў і іншых вёсак пагналі ў Лыскава і там расстралялі. У той дзень 75 душ немцы загубілі. Там зараз брацкая магіла, і ўсе імёны загінуўшых увекавечаны.

Пасля гэтага тата забраў нас у партызаны. І многія пайшлі ў лес тады, амаль з кожнай хаты. Мы з сёстрамі спачатку кухаркамі былі, а потым і на заданні хадзілі, сувязнымі былі. Хіба аб усім раскажаш? Цяжка было. Бывала, суткамі нічога не елі, але ніхто не скардзіўся, не наракаў. І людзі ў вёсках дзяліліся чым маглі. Усе, ад малога да вялікага, прагнулі, каб хутчэй вайна скончылася, каб не баяцца за сваё жыццё, за жыццё дзяцей, унукаў. Таму і перамаглі, што вельмі верылі ў Перамогу.

Яшчэ адзін сведка Васіль Сцяпанавіч Шыбайла таксама не можа без хвалявання расказваць пра тыя даўнія падзеі.

Жыхары партызанскай гасцініцы— Хата наша тады ў іншым месцы стаяла. Калі немцы прыйшлі, мы ўсе дома былі. А тут страляніна пачалася. З аднаго боку немцы стралялі, а з другога – нашы. Мы выбеглі на двор і на агародзе ў разорах схаваліся. Ляжым і раптам бачым, што наша хата загарэлася. А мы ж у чым былі, у тым і выскачылі. Страшна і балюча было глядзець, як на вачах хатку нашу агонь з’ядае. А што парадзіш?

Датла згарэла. А потым бачым, салдат наш ляжыць паранены недалёка ад таго месца, дзе мы ляжалі ў разорах. Тата разарваў на сабе ніжнюю кашулю і перавязаў таго салдата. А самі пайшлі ў Навікі. Там у мяне нявеста была Марфа Буцько. Вось там мы і заначавалі.

Мае знаёмыя хлопцы ў партызаны падаліся, але я не пайшоў. Я тут, чым мог, дапамагаў. Зброю збіраў, харчаванне ў лес ім насіў. А ў 44-м на фронт пайшоў. У Варшаве пачаўся мой ваенны шлях, а дайшоў аж да Берліна. Вярнуўся восенню 45-га. Мая Марфа чакала мяне, і мы хутка пабраліся з ёй. Чацвёра дзяцей падарыла мне, але аднаго сына ўжо няма. Маем шасцёра ўнукаў, аднаго праўнука. Так вось і жывём. Галоўнае, каб мір быў, бо нічога даражэйшага за мір няма на свеце.

Тэкст і фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Потому что чтим