banner

Аднавяскоўцы. Ханчыцы

16 Декабря’14
2100
Аднавяскоўцы. ХанчыцыСёння мы працягваем свае вандроўкі па раёну і завітаем у прыгожую вёсачку Ханчыцы. Хаця, трэба адзначыць, што з нядаўніх пор яна стала аграгарадком, а гэта, зразумела, дадае ёй большай значнасці. 
Чаму ж менавіта так яна завецца? Давайце звернемся да гістарычных вытокаў. Паводле звестак беларускага вучонага-географа В. А. Жучкевіча, назва гэтая ўтворана ад імя Ханок і вытворных ад яго прозвішчаў. Але ёсць і другія меркаванні: паходзіць яна ад слова «хан» з татарскіх пасяленняў, якія тут узніклі пры князю Вітаўце. 
Зараз аграгарадок налічвае 198 чалавек, 47 – гэта пенсіянеры, 122 – грамадзяне працоўнага ўзросту і 29  – непаўналетнія жыхары. 
Ханчыцы – цэнтр СУП «Ханчыцы-Неман». Ёсць магазін, ФАП, клуб, бібліятэка, сталовая. І жывуць тут працавітыя, шчырыя і добрыя людзі, дзверы іх заўсёды адчынены насустрач жаданым гасцям, сябрам, суседзям. У Ханчыцах умеюць і аддана працаваць, і адпачываць, адным словам, не здарма мы сюды завіталі.


Сэрца адкрыта наўсцяж

Аднавяскоўцы. Ханчыцы
Першы адрас – вуліца Цэнтральная, 17. Тут жыве Вера Станіславаўна Шышко. Яе дом – гэта ўзор чысціні і парадку, тут шмат кветак, ад якіх сыходзіць дзівосны водар. І наогул, у гэтым доме лунае такая цудоўная атмасфера цеплыні і шчодрасці, што сюды прыемна зайсці.
Прыехала Вера ў Ханчыцы 20-гадовай дзяўчынай яшчэ ў 1972-м годзе. Уладкавалася спачатку на працу ў Монтаўты памочніцай загадчыка ўчастка. Там і жыла ў добрай бабулькі Яніны Людвігаўны Немец. А пасля старшыня калгаса К. С. Пушкін забраў яе ў Ханчыцы касірам. Паглядзеўшы на стараннасць дзяўчыны, перавялі яе бухгалтарам. Праз год Вера выйшла замуж за добрага працавітага хлопца Мар’яна Шышко. У хуткім часе нарадзіліся ў іх дзеткі: дачушка Аленка і сынок Валера. 
Дзеці падрасталі, а Вера вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і стала студэнткай-завочніцай эканамічнага факультэта Ленінградскага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ўніверсітэта. Атрымаўшы дыплом, Вера становіцца галоўным бухгалтарам гаспадаркі. 
Вось так і працуе на гэтай пасадзе. Даўно павырасталі дзеці. Абое жывуць у Свіслачы. Дачка падарыла любай матулі ўнука і ўнучку, сын – два ўнука. Гэта галоўная радасць бабулі і дзядулі, яны ўсёй душой адданы дзецям і ўнукам.
Вера Станіславаўна ўжо 7 гадоў працуе, будучы на пенсіі. І калегі не ўяўляюць сабе на яе месцы каго-небудзь іншага. Гэта цудоўная жанчына, над якой гады не маюць ніякай улады, вельмі добрая гаспадыня, кулінарка, агародніца, а ўжо ў кампаніі дык яна самая вясёлая і завадная. У вёсцы Вера Станіславаўна – чалавек вельмі паважаны, бо яе добрае сэрца адкрыта наўсцяж для ўсіх.
Муж, Мар’ян Іванавіч, таксама яшчэ працуе. Яны ўжо 42 гады разам і жывуць душа ў душу. Ды і хіба можа быць іначай, калі абое працавітыя, мудрыя людзі, якія ўмеюць зразумець і калі трэба саступіць.


Гаспадыня клубных вечароў

Аднавяскоўцы. Ханчыцы
Марыю Іванаўну Калоша мы засталі ў сельскім клубе, дзе яна працуе загадчыцай вось ужо чатыры гады. Акурат распачыналася работа дзіцячага гуртка "Кудесница”. Дзяўчынкі з задавальненнем рабілі выцінанкі і склеівалі іх у прыгожыя сняжынкі.
Наогул, рукамі гэтых дзяўчатак тут зроблены сапраўдныя цуды, якія стаяць на выставе ўсім на паказ. 
Родам Марыя з Ваўкавыскага раёна, але жыве ў Ханчыцах ужо амаль 20 гадоў. Тут сустрэла свайго суджанага Станіслава Калоша, выйшла за яго замуж. Атрымалася ў іх добрая, дружная сям’я. Нарадзіліся дзеткі: дачушка Аня і сынок Ваня. 
Да таго, як прыйсці на працу ў клуб, Марыя была поварам у Палонкаўскай школе. І вось прыйшлося змяніць прафесію. Але Марыя не шкадуе аб гэтым. Яна з задавальненнем праводзіць мерапрыемствы, ладзіць канцэрты, ранішнікі для дзяцей, вядзе гурткі. У клубе працуе сямейнае аматарскае аб’яднанне "Ты + я = мы”. Па выхадных тут праводзяцца дыскатэкі, на свята – "агеньчыкі”, словам, установа культуры жыве сваім цікавым і разнастайным жыццём. 
А дома Марыя Іванаўна старанная гаспадыня. Яна кулінарка, якіх пашукаць, і гэта могуць пацвердзіць многія вяскоўцы. 
Муж працуе вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы. Станіслаў вельмі добры гаспадар, працавіты і ўмелы. Яго проста абагаўляюць дзеці. Дачушка ўжо вырасла, вучыцца ў хіміка-тэхналагічным коледжы, а сынок пакуль яшчэ школьнік, ён у 9 класе Вердаміцкай сярэдняй школы. 
Сям’ю Калоша ў вёсцы паважаюць, а гэта, вядома ж, трэба заслужыць.


Тут іх другая радзіма

Аднавяскоўцы. Ханчыцы
Спяшаемся ў дом да Аркадзя і Марыны Петрасянаў. Яны прыехалі ў Ханчыцы 24 гады таму з Арменіі. Праўда, жылі яны спачатку ў Баку, а потым прыехалі ў Арменію да Марынінай мамы. Але там было цяжка атрымаць жыллё, і Аркадзь прыняў рашэнне ехаць на радзіму сваёй мамы – у Беларусь. Яна родам з Нязбодзічаў. Калісь паехала ў Баку вучыцца і там сустрэла свайго суджанага. Шэсць сыноў яму нарадзіла. І з цягам часу ўсе яны прыехалі ў Беларусь. Аркадь – апошнім. Вось з таго часу і стала для яго з жонкай гэтая вёсачка другой радзімай.
Прыехалі сюды з двухгадовай дачушкай Іветай, а тут нарадзілася другая – Лілія. Калі дзяўчынкі трошкі падраслі і пайшлі ў дзіцячы сад, Марына ўладкавалася ў Палонкаўскую школу бібліятэкарам. Муж 10 гадоў працаваў кладаўшчыком, а потым таксама перайшоў у школу, вёў гаспадарчыя справы. Дачушкі заўсёды былі перад вачамі, і гэта таксама цешыла. 
У доме Петрасянаў ніколі не было вялікіх спрэчак. Марына з Аркадзем заўсёды разумелі адзін аднаго. Таму і дзеткі раслі паслухмянымі, вучыліся на бацькоўскім прыкладзе. 
Калі закрылі Палонкаўскую школу, Аркадзь уладкаваўся ў Вердаміцкую, а Марыне прапанавалі работу сакратара ва ўпраўленні гаспадаркі. Вось з тае пары яна тут і працуе. Добрая, шчырая, адкрытая жанчына, яна даўно ў вёсцы стала сваёй, роднай. Прыгажуні-дачушкі мелі тут шмат сяброў, з якімі трымаюць сувязь і сёння.
Хутка яны выраслі. Абедзьве маюць вышэйшую адукацыю, Лілія атрымлівае другую. А Івета ўжо замужам, нядаўна падарыла матулі ўнука Сярожку. 
У доме Петрасянаў і сёння пануе атмасфера ўзаемаразумення і павагі. Марына – цудоўная кулінарка. Перавагу аддае стравам армянскай кухні, але і беларускія прысмакі ёй таксама да спадобы. 
Летам Марына любіць працаваць у агародзе, дзе ў яе ўсё расце і цвіце. Аркадзь займаецца садам. У іх растуць і пладаносяць абрыкосы, персікі, нядаўна пасадзілі кізіл.   
На жаль, ужо няма ў жывых бацькоў Марыны і Аркадзя. Але ў Арменіі засталося шмат родных жонкі, па якіх яна вельмі сумуе. Добра, што ёсць скайп і можна калі-некалі пагаварыць. 


У вёсцы яна паважаная

Аднавяскоўцы. Ханчыцы
А вось і хатка Ганны Іванаўны Столік. Яна сустракае нас на парозе і шчыра запрашае ва ўтульны невялікі пакой. На стале ў вазе стаяць духмяныя яблыкі...
78 гадоў жыве на свеце Ганна Іванаўна. Тут нарадзілася, тут вырасла. Шмат чаго сталася ў яе жыцці за гэты час. Самае страшнае, што прыйшлося перажыць – гэта вайна. Яна секанула агнём па шчаслівым дзяцінстве і пакінула ў сэрцы горыч на ўсё астатняе жыццё. 
Пасля вайны таксама было вельмі цяжка. У школу пайшла, дык не было сшыткаў, пісалі на чым прыйдзецца, а ручкі дзеці майстравалі самі з палачкаў, да якіх ніткай прыкручвалі пёры. Чарніла Ганначка рабіла з фарбы, якой фарбавала маці ніткі для кроснаў. Якога колеру былі фарбы, такія былі і чарніла. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, дзяўчынка цягнулася да ведаў, старалася добра вучыцца. А ў вольную хвілінку бралася за кручок ды за пруткі. Вязаць умела яшчэ да школы. Вывязвала панчохі, шкарпэткі, тапачкі. А якія ў яе прыгожыя атрымоўваліся сурвэткі! Умела і прасці, і ткаць. Словам, працавітаю расла дзяўчынка. 
Паспяхова скончыла 7 класаў. Хацелася вучыцца далей, і праз год, калі адкрылася Палонкаўская школа, дзяўчынка прадоўжыла вучобу. Атрымала жаданы атэстат. Яшчэ будучы ў 8 класе, яна запала ў вочы настаўніку фізкультуры. Тоненькая, зграбная, прыгожая, яна вельмі спадабалася яму, і яны пачалі сустракацца. 
У 56-м Ганна і Павел пажаніліся. Праз год нарадзілася ў іх дачушка Зоя, а яшчэ праз два  другая – Ніна. Жылі душа ў душу, ва ўсім разумелі адзін аднаго, гадавалі дзетак. Ды нядоўгім было тое сямейнае шчасце. Недарэчны выпадак на чыгунцы адабраў жыццё ў Паўла і пакінуў Ганну ўдавою. Ёй усяго 40 гадоў было, як завязала на галаву чорную хустку. 
Дзякуй богу, што дзеткі добрыя выраслі. Старэйшая дачка Зоя жыве ў Рызе. Выгадавала два сына, мае два ўнука. А малодшанькая Ніна – у Занках. У яе выраслі дзве дачушкі, і яна таксама мае два ўнука. Хлопцы часта бываюць у бабулі, шкадуюць яе, дапамагаюць, падтрымліваюць. 
Ганна Іванаўна шмат гадоў адпрацавала бухгалтарам у калгасе, яе вельмі паважаюць у вёсцы. 
Зараз Ганна Іванаўна гаспадаркі ўжо не трымае, але агарод невялікі садзіць. Бо нельга ў вёсцы, каб на стале не было свайго бурачка, морквачкі ці цыбулькі. Вось бабулька і шчыруе летам на градах. І расце ў яе ўсё як на дражджах. Люба-дорага паглядзець. 
А як збіраюцца ўнукі прыехаць, дык бабка Ганна завіхаецца ля печы. Булачкі, піражкі, сочнікі – усё гэта выпякае яна вельмі смачна. Пэўна, таму, што ўсё робіць з душою, бо іначай не ўмее.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ і Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).


Предыдущая статья

Мы хотим, чтобы люди научились слышать людей