banner

Аднавяскоўцы. Целякі

19 Октября’14
2121
Аднавяскоўцы. ЦелякіСёння мы пазнаёмім нашых чытачоў з жыхарамі вёскі Целякі, што знаходзіцца на тэрыторыі Поразаўскага сельсавета. У пачатку года ў ёй налічвалася 26 двароў, 64 жыхара, з якіх 28 – працаздольнага ўзросту, 27 пенсіянераў, 9 дзяцей.

Жыццё –як жытнёвае поле
Аднавяскоўцы. Целякі
Алена Дзмітрыеўна Шастак – адна з найстарэйшых жыхарак вёскі. Жанчына на дзіва светлая, з яснай, добрай усмешкай. 
– Маё жыццё – як неабсяжнае жытнёвае поле, на якім я з малога разам з маці сярпом жала залатое калоссе, – пачынае яна размову. 
У сям’і было шасцёра дзяцей. Алена Дзмітрыеўна самая старэйшая. Таму рана спазнала сялянскую працу. З маленства займалася гаспадаркай, абрабляла зямлю, жала жыта. Чытаць і пісаць навучылася ў Дзешкаўскай школе, дзе скончыла тры класы. Калі арганізавалі саўгас, пайшла працаваць паляводам. Спачатку старэйшыя за яе працаўніцы былі незадаволеныя тым, што ў іх звяне такая маладая дзяўчына – маўляў, не справіцца... Але ўжо праз тыдзень Алену ставілі ў прыклад іншым калгасніцам. Так шчыра і працавала ўсё жыццё ў саўгасе. Спачатку ў паляводстве, а апошнія гады на свінаферме. 
Алена Дзмітрыеўна выйшла замуж за Часлава Іосіфавіча, які працаваў на пякарні ў Поразава. У сям’і нарадзіліся Іван, Марына, Эдуард. Дзеці для яе, як і для любой маці, – самае вялікае шчасце. Дваццаць гадоў таму назад жанчына аўдавела. Сёння яна жыве радасцямі і нягодамі сыноў і дачкі, пяці ўнукаў, праўнучкі, якія часта наведваюць любую матулю і бабулю.

Тут нашы карані
Аднавяскоўцы. Целякі
Антаніна Міхайлаўна і Антон Ігнацьевіч Воўк – карэнныя жыхары Целякоў. У дзяцінстве яны разам ха­дзілі ў Поразаўскую васьмігодку. Жылі насупраць, праз дарогу. Скончыўшы школу, Антаніна паступіла ў Клімавічскі ветэрынарны тэхнікум, Антон пайшоў у армію. Праз некалькі гадоў пажаніліся. Працавалі ў саўгасе. Антаніна Міхайлаўна адпрацавала на свінаферме тэхнікам-асемянатарам 45 гадоў. Працавала шчыра. Кіраўніцтва саўгаса не аднойчы ўзнагароджвала жанчыну ганаровымі граматамі, яе імя было занесена на Дошку гонару саўгаса. Антон Ігнацьевіч лічыўся адным з найлепшых электрагазазваршчыкаў у раёне. У яго шмат хто вучыўся гэтай справе. Добрага майстра не забываюць і сёння, прыязджаюць за дапамогай ці парадай.
На пенсіі Антаніна Міхайлаўна і Антон Ігнацьевіч займаюцца хатняй гаспадаркай, шчыруюць на агаро­дзе. Бо як на вёсцы без працы? Трэба і дзецям, і ўнукам дапамагчы, лічаць яны.
– Мы не ўяўляем сябе жыхарамі іншай вёскі, – кажа на развітанне Антаніна Міхайлаўна. – Тут нашы карані, тут жылі нашы бацькі, гэтая зямля для нас самая родная і дарагая.

Сіла матчынай малітвы
Аднавяскоўцы. Целякі
Марыя Баляславаўна Улас карыстаецца асаблівай павагай сярод аднавяскоўцаў. Яна маці сямярых дзяцей, бабуля чатырнаццаці ўнукаў і пяці праўнукаў. Калі вялікая сям’я збіраецца разам у бацькоўскай хаце, жанчына адчувае сябе самай шчаслівай на свеце, забываючы пра ўсе цяжкасці, якія прыйшлося перажыць. 
Нарадзілася Марыя Баляславаўна ў Крапіўніцы. Нібы кветка, цвіла адзіная любая дачка ў бацькоў. У вайну бацька быў на фронце. Вярнуўшыся дамоў, цяжка хварэў, і дзяўчыне рана прыйшлося навучыцца мужчынскай працы па гаспадарцы. Скончыўшы чатыры класы мясцовай школы, Марыя пайшла працаваць на цагляны завод у Шадзілках. Калі ў Целяках пабудавалі ферму, сям’я пераехала ў гэтую вёску. Дзяўчына ўладкавалася даяркай. Кароў даілі ўручную тры разы на дзень. Кожная даярка абслугоўвала больш за дваццаць галоў. Пасля рэарганізацыі кароўніка ў свінаферму даглядала свінаматак, малых парасят. 
Аднавяскоўцы. ЦелякіУ 1982 годзе выйшла замуж за Часлава Уласа, які працаваў у саўгасе ў будаўнічай брыгадзе. На шлюб благаславіла маці: "Памятай, дачушка, што сям’я – гэта, найперш за ўсё, – дзеці. Бог тады даруе літасць, калі ў сям’і шмат малых”. 
Хутка ў маладых Уласаў пачалі з’яўляцца на свет дачушкі-кветачкі Ірына, Марыя, Нэля, Ганна, Людміла, Дана і доўгачаканы сынок Паўлік.
Непрыкметна прайшоў час, дзеці павыляталі, нібы птушкі, з радзімага гнязда, стварылі свае сем’і. Марыя Баляславаўна лічыць, што лёс кожнага дзіцяці склаўся ўдала. Шчасце вялікай сям’і Уласаў наканавана матчынай малітвай.

Рабі дабро дзеля людзей
Аднавяскоўцы. Целякі
Праз дом ад Уласаў жывуць добрыя суседзі Таццяна Фёдараўна і Іосіф Адольфавіч Нелюбовічы. У Целяках сям’я жыве толькі каля дзесяці гадоў. У вёсцы іх адразу добра прынялі, адным словам – запаважалі. Іосіф Адольфавіч – майстар на ўсе рукі. Хто ні папросіць яго ў чым-небудзь дапамагчы, нікому не адкажа. Пабудаваў вялікі дом, усё сваімі рукамі. Ды і агарод у Нелюбовічаў вялікі, толькі паспявай абрабляць зямлю, даглядаць за раслінамі і збіраць ураджай. Працуе наш гаспадар вадзіцелем у Поразаўскім лясніцтве. Таццяна Фёдараўна – сацыяльны работнік. 
У Нелюбовічаў падрастае сынок. Раману зараз дванаццаць гадоў. Ён вучыцца ў Поразаўскай школе. Займаецца вольнай барацьбой, заваяваў чатыры залатыя медалі ў раённых спаборніцтвах.
 – Галоўнае ў жыцці – ад чыстага сэрца рабіць людзям дабро, – лічаць Таццяна Фёдараўна і Іосіф Адольфавіч, – тады і жыццё вас узнагародзіць.
Кацярына ДУДКО (тэкст), 
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).


Предыдущая статья

А у нас в запасе много шуток