banner

Аднавяскоўцы: БЯЗВОДНІКІ

07 Августа’13
1651
Аднавяскоўцы: БЯЗВОДНІКІПасяленне гэта ўзнікла ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў часы В. Тышкевіча, па загаду якога вырубалася Свіслацкая пушча, і ачышчаная ад лесу зямля засялялася ў тым месцы, дзе блізка не было вады: рэчкі, возера, крыніцы. Таму і назва – Бязводнікі. У пачатку ХХ ст. вёска належала да Свіслацкай воласці, налічвала 13 двароў, 119 жыхароў, у тым ліку 63 мужчыны і 56 жанчын. Сённяшнім часам гэта вёска ў  Нязбодзіцкім сельсавеце налічвае 33 дамы, 47 жыхароў, з якіх 4 непаўналетніх, 17 працаздольных і 26 пенсіянераў.

Дзве
яе каштоўнасці –
сям’я і работа

Аднавяскоўцы: БЯЗВОДНІКІАлена Мікалаеўна Калач нарадзілася на Зэльвеншчыне ў вёсцы Марачы ў сялянскай сям’і. Яна рана пазнала нялёгкую працу на зямлі, зведала цану кавалка хлеба на стале. І, калі прыйшла пара зрабіць выбар прафесіі, вырашыла звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Паступіла ў Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум і, скончыўшы яго, прыехала па размеркаванні ў Свіслацкі раён. Ёй, маладзенькай дзяўчыне, даверылі Ятвескую ферму, і Алена ўзялася за работу. Яна не прывыкла працаваць абы як, ёй хацелася, каб яе ферма была адной з лепшых, і рабіла ўсё магчымае, каб гэта было менавіта так. У хуткім часе ферма «Ятвеск» пачала набіраць абароты. Даяркі надойвалі па 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы і не збіраліся здаваць пазіцый.
Тут, у гэтай невялічкай вёсачцы, Алена сустрэла свайго суджанага Аляксея. Ён працаваў шафёрам і ўпадабаў маладзенькую загадчыцу фермы. Пажаніліся, нарадзіліся адзін за адным тры сына. Муж быў добрым, працавітым, талковым гаспадаром, клапатлівым бацькам. На жаль, яго ўжо няма на свеце, але памяць аб сабе ён пакінуў добрую.
– У мяне было дзве каштоўнасці: сям’я і работа, – гаворыць Алена Мікалаеўна. – Хоць для дома, для сям’і часу заставалася няшмат, старалася, каб муж, дзеці былі накормлены, каб у хаце нічога не бракавала, каб і дом, і гаспадарка былі дагледжаны. Праца адымала больш часу. Даілі тады ўручную тры разы на дзень. Першая дойка пачыналася ў 5 гадзін раніцы, другая – у 12 і трэцяя – у 9 вечара. Часам даводзілася самой брацца за вядро і даіць кароў, калі тая ці іншая даярка хварэла і не магла прыйсці на работу. Але я сама выбрала для сябе такі лёс і ніколі аб ім не пашкадавала. Не раз былы старшыня калгаса С. П. Смурага гаварыў: «На цябе, Алена, можна ва ўсім палажыцца. Ты не падвядзеш».
У працоўнай кніжцы Алены Мікалаеўны толькі адзін запіс: «Прынята на…». За плячамі 34 гады сумленнай працы. За гэта былая загадчыца фермы ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», была неаднаразова ўдарніцай пяцігодак, мае мноства знакаў «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», «Ударнік сацыялістычнай працы», яна ўладальніца шматлікіх грамат, дыпломаў, прэмій. Але, бадай, найвышэйшая ўзнагарода для яе – гэта павага людзей, аднавяскоўцаў, былых работнікаў фермы, якую яна ўзначальвала.
Зараз Алена Мікалаеўна на пенсіі. Але гэта не значыць, што яна адпачывае. Увесь яе агародчык і падворак у кветках. Што тут толькі не расце, вочы разбягаюцца. А яшчэ ёсць вялікі агарод, які патрабуе пастаяннага догляду, іначай ураджаю не чакай.
Вось так і жыве гэтая добрая, сціплая жанчынка, любуецца кветкамі, цешыцца кожным пражытым днём, просіць у Бога здароўя і шчасця для дзяцей і ўнукаў.


Я маю чым ганарыцца
Аднавяскоўцы: БЯЗВОДНІКІКалі я, прыехаўшы ў Бязводнікі, спытала, дзе жыве Алена Антонаўна Пракопік, мне сказалі: "Глядзіце, дзе будзе найбольш кветак у агародчыку, там яна і жыве”. Знайсці было няцяжка. Рознакаляровыя краскі-кветкі магнітам прыцягвалі да сябе ў адным з агародчыкаў. Ды і сама гаспадынька, якая акурат была на падворку, ветліва запрасіла ў хату. І вось я сяджу ва ўтульным пакойчыку і слухаю, як Алена Антонаўна распавядае мне пра сваё жыццё-быццё.
– Нарадзілася я не тут, а ў Дрэчанах, сюды замуж пайшла. Спачатку мы жылі ў маленькай хатцы, а побач будавалася другая. Але потым мы яе прадалі ды купілі сабе гэту. Тут мае дзеткі нарадзіліся: два сыночкі і дзве дачушкі. Добрыя дзеці выраслі, ні за аднаго не сорамна. Працавітыя, разумныя, добрыя. Сыны жывуць і працуюць у Гродне. Як паехала на юбілей да аднаго сына, калі яму 50 споўнілася, дык столькі добрых слоў пра яго пачула, што ад шчасця плакаць хацелася. А дачушкі – адна ў Свіслачы, а другая ў Грынках. Што ім ад мяне перадалося? Працавітасць. Маленькія былі, а мне ва ўсім дапамагалі. А яшчэ вельмі ў лес любілі хадзіць па грыбы, па ягады. Проста прападалі ў лесе. І любоў да прыгожага я ім перадала, да кветак асабліва. Рая жыве ў гарадской кватэры, не мае магчымасці кветкі разводіць, але затое хатніх мае вялікае мноства, а Марыя дык проста жыць без іх не можа. Каб вы бачылі, што ў яе робіцца ў двары, яна там сапраўдную кветкавую казку зрабіла. Людзі дзівяцца.
Дзеці мяне цудоўнымі ўнукамі парадавалі. Дзевяць іх маю і ўжо нават дзве праўнучкі. Чым не радасць?! У мяне, дзякуй Богу, ёсць чым ганарыцца.
Алена Антонаўна расказвае, і вочы свецяцца такой цеплынёй, такой пяшчотай, што аж хочацца ёй па-добраму пазайздросціць. Колькі гонару чуецца ў яе голасе, якая па-дзіцячаму шчырая ўсмешка ўпрыгожвае яе такі светлы, такі адкрыты і мілы твар. Жанчынка проста на вачах маладзее ад радасці за сваіх дзяцей, бо няма ў свеце для яе большага скарбу і большага шчасця.
Яе лёс падобны на лёсы тысяч такіх, як яна, жанчын: з малога працавала, лёгкага хлеба не шукала, гадавала дзяцей, збірала капейку да капейкі, каб яны не галодныя былі, каб адзетыя не горш за іншых, каб вывучыліся. Пачалі роднае гняздо пакідаць – благаславіла ў дарогу, потым чакала ля акенца – адкуль хто прыйдзе-прыедзе, парадуе добрым слаўцом, абдыме, пацалуе, пра здароўе распытае.
Так і жыве. Вось ужо 22 гады, як аўдавела. Шмат гадоў працавала ў калгасе імя Каліноўскага. Паляводам была. Вырошчвала лён, буракі, бульбу, у складзе шчыравала. Ніякай працы не баяліся яе рукі, бо змалку так маці з бацькам навучылі.
Калі свята прыходзіла, дык уся хата пірагамі пахла, аж галава кружылася ад таго паху. А ўжо што за смакоцце было – тыя пірагі ці пончыкі – язык праглынеш!
Алена Антонаўна расказвае, а я ўяўляю сабе яе хату, напоўненую дзіцячымі галасамі, і стол, накрыты белым абрусам, на якім ляжаць румяныя, духмяныя пірагі. Няхай жа як мага даўжэй ён не выветрываецца з гэтай хаты і няхай яшчэ доўга-доўга цвітуць кветкі-краскі ў яе агародчыку.


За шчасцем
далёка хадзіць
не прыйшлося

Аднавяскоўцы: БЯЗВОДНІКІУ гэтым годзе Алена Іванаўна і Уладзімір Іосіфавіч Дудзінскія адзначаць сваё залатое вяселле. Гэта значыць, што жывуць яны разам амаль пяць дзясяткаў гадоў і не абы як, а душа ў душу. Нарадзілі і выгадавалі дачушку. Яна даўно пакінула бацькоўскі парог, звіла сваё гняздо, дзякуй Богу, недалёка – у Свіслачы, так што наведвае часта, дапамагае. Гадуе дваіх дзетак – дачушку і сына. Бабуля з дзядулем вельмі цешацца ўнучанятамі, ды і чаму ж не – гэта іх прадаўжэнне, іх надзея і радасць заўтрашняга дня.
…Валодзі Дудзінскаму не трэба было далёка хадзіць за сваёй суджанай. Яна жыла пад  бокам. Малымі разам босенькімі бегалі па вуліцах, гулялі ў свае дзіцячыя гульні. Праўду кажучы, не вельмі спачатку было да гульняў: вайна бушавала. Але ж вайна вайною, а жыццё працягвалася. Нават тады, калі прыйшла пахавальная на бацьку Алены. Ён у 45-м загінуў, перад самым канцом вайны. А пісьмы ад яго Алена Іванаўна да сённяшніх дзён беражэ. Колькі разоў яна іх чытала-перачытвала, ды слязьмі палівала. А ў астатнім лісце ён напісаў маці, што сон прысніў: нібы дачушку Аленку чорны кот за пальчык укусіў…
Малой на тую пору і трох гадкоў не было. Цяжка прыходзілася, змалку працавала, дапамагала маме, ведала цану кожнай капейчыне, кожнай лустачцы хлеба. Валодзя шкадаваў дзяўчынку, дапамагаў ёй, чым мог. Кароў разам пасвілі, зелле парсючкам рвалі і паціху раслі. І, калі  неўзабаве хударлявае дзяўчо з суседняга дому ператварылася ў статную дзяўчыну-красуню, Уладзімір, доўга не думаючы, заслаў сватоў. А Алена супраць не была, ёй таксама запаў у сэрца суседскі хлопец, высокі, прыгожы, добры, а да таго правераны часам – не падвядзе, не здрадзіць.
Яшчэ да арміі пабраліся. Алена чакала мужа аж тры гады, але калі вярнуўся, зажылі маладыя ўсім на зайздрасць. Дачушка нарадзілася – Наталька – радасць мамы і таты. Перабраліся ў Свіслач, там кватэру атрымалі. Працавалі ў будаўніцтве, але Алена потым кінула будоўлю і пайшла санітаркай у раддом. Адтуль і на пенсію выйшла. А калі дачушка вырасла ды замуж пайшла, бацькі вярнуліся ў родную вёску. Тут і жывуць у сваім невялікім утульным доме, трымаюць гаспадарку, дапамагаюць дачцэ, унукам. Просяць у Бога для іх здароўя і шчасця. І няхай тыя малітвы будуць пачуты, няхай і надалей у гэтым доме пануюць згода і ўзаемаразуменне, няхай нічым не будзе парушаны спакой.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ (тэкст і фота).

Предыдущая статья

Принимает депутат