banner

Аднавяскоўцы: НЯМЕРЖА

26 Мая’13
1950
Аднавяскоўцы: НЯМЕРЖА У глыбіні  пушчанскага хараства, на беразе ракі Нараў схавалася маленькая, усяго шэсць дамоў, вёсачка Нямержа. Нібы вартавыя, акружаюць яе з усіх бакоў векавыя дубы і сосны, і рознагалосыя птушкі спяваюць ёй свае песні.
Яна прыцягвае да сябе ў любую пару года. І вясной, калі абуджаюцца ад зімовага сну першыя пралесачкі, квітнеюць сады і прылятаюць з далёкіх краёў буслы, і летам, калі ўсё вакол квітнее, спее,  і ўвосень, калі паспяваюць у садах яблыкі ды грушы, прыгінаючы галінкі аж да зямлі, і ўзімку, калі ўся вёска ўкрываецца бялюткай іскрыстай коўдрай і з комінаў шэранькімі стужкамі паўзе дымок.  
Ды не толькі сваім хараством вабіць да сябе Нямержа, а яшчэ і гасціннасцю, і добразычлівасцю людзей, якія тут жывуць. На ўсю вёску 26 чалавек . З із 12 – працаздольныя, 9 – дасягнулі пенсійнага ўзросту, і только пяцёра дзетак. Але жыве вёска. І сёння пойдзе аповед пра яе добрых і шчырых жыхароў.


«Памяць мне
спакою не дае...»

Аднавяскоўцы: НЯМЕРЖА Бадай, найстарэйшай вяскоўкай тут лічыцца Зінаіда Ануфрыеўна Барэль. Нарадзілася яна, праўда, не тут, а ў суседняй вёсцы Рудня, але ж, як састарылася ды пачала сябе нядобра адчуваць, пераехала ў Нямержу да сына Алега. Тут ёй добра, выгодна, тут яна атулена цеплынёю і пяшчотай. А што яшчэ трэба чалавеку на старасці гадоў?
Зінаіда Ануфрыеўна ўсім задаволена, вось толькі памяць спакою не дае і бясконца вяртае ў гады ваеннага ліхалецця, калі яе, 17-гадовую дзяўчыну, вывезлі ў Нямеччыну як рабыню.
– Памятаю, як павестка прыйшла дадому, каб я ехала на камісію ў Белавежу, – усхвалявана ўспамінае бабуля. – А мама мяне падвучыла нейкага зелля напіцца, я напілася ды чуць не памерла ад яго. Так рвала, што аж памяць страціла. Вырашыла: што ўжо будзе, і паехала. Аглядзеў доктар і нічога не знайшоў, здаровая, значыць можна забіраць у Германію. А я не хацела, Божухна, як жа я не хацела туды ехаць. Нарвала "курынай слепаты” і да нагі прылажыла. Праз дзень рана адкрылася, але нікому я тую рану не паказвала, баялася, што маму з татам ды малодшых братоў паб’юць.
Вось у назначаны дзень павёз мяне тата ў Белавежу, на станцыю. Разам са мной мама паехала. Мы з ёю ўсю дарогу сядзелі на возе ды плакалі.
У Белавежы пагрузілі нас у вагоны, у якіх скаціну возяць, і павезлі. І мама са мной паехала. Даехалі мы да польскага горада Бельска, там нас загналі ў вялікі барак з высокімі дзвярыма ды зачынілі. А я праз шчылінку глядзела і бачыла маму, вельмі цяжка было расставацца. Там так цесна было, што мы ўсю ноч прастаялі, нават прысесці не было магчымасці.
На другі дзень павезлі далей. Мама засталася. Разам са мной яшчэ дзве дзяўчыны з нашага сяла ехалі, ды і з навакольных вёсак таксама былі дзяўчаты, чалавек дванаццаць усіх. Прывезлі ў нейкі лагер. Выкінулі з вагонаў ды за калючы дрот загналі. А раніцай – на работу. Вельмі цяжка працавалі: грузілі скрыні цяжкія, жалества нейкае, колы, шмат чаго. Аднаго разу жалезнае кола мне на нагу ўпала, яна ўспухла і вельмі доўга балела.
Вясной 45-га нас амерыканцы вызвалілі, але я яшчэ няхутка дадому вярнулася. А калі ў хату ўвайшла, то мама на калені ўпала, абняла мяне і плакала вельмі.
Як арганізаваўся калгас, я пайшла працаваць. У 1954-м стала кладаўшчыком, а ў 1967-м мяне выбралі брыгадзірам. Да самай пенсіі працавала. Замужам была, але жыццё не склалася. Дзякуй Богу, што сына маю. Добры вырас¸ спагадлівы, шкадуе мяне. Працуе ў лесе, за дзікімі звярамі назірае. Маю аднаго ўнука, дзве ўнучкі і два праўнукі. Люблю іх усіх вельмі, хачу, каб здаровымі былі і шчаслівымі. Больш мне нічога не трэба.
Я ўважліва слухаю сваю суразмоўцу, і тут нехта стукаецца ў дзверы. На парозе з’яўляецца урач Дабравольскай амбулаторыі Міраслава Вітольдаўна Паўлючэня. Яна прыехала пацікавіцца здароўем бабулі, змерыць ціск, паслухаць сэрца. Напэўна, ад цяжкіх успамінаў ціск у Зінаіды Ануфрыеўны быў павышаны. Урач хуценька зрабіла бабулі ўкол, падказала, якія піць лекі і, пажадаўшы добрага здароўя, пайшла да другіх пацыентаў.
Я ж для сябе адзначыла, што медыцынскія работнікі тут справу сваю ведаюць, кожны жыхар вёсачкі на ўліку, як, зрэшты, і быць павінна.

Яе радасць – дзеці і ўнукі
Аднавяскоўцы: НЯМЕРЖА У доме Уршулі Францаўны Смактуновіч прыемна пахне ляснымі зёлкамі, а сама яна, нягледзячы на свой узрост, такая прывабная, стройная, нават трошкі таямнічая. Ва ўсёй яе постаці выразна чытаецца шляхетнасць, інтэлігентнасць. Сёння на вёсцы не часта сустрэнеш жанчыну яе гадоў, каб яна карысталася касметыкай, каб сачыла за сваім выглядам. І гутарка ў Уршулі Францаўны пад стаць ёй – мілагучная, прыгожая, заварожваючая. Адно задавальненне размаўляць з ёю. Нават язык не паварочваецца назваць яе бабуляй, гэта проста сталая жанчына, з добрымі, мудрымі вачамі і прывабнай усмешкай. Ды і імя рэдкае, прыгожае, гаворыць само за сябе.
Нарадзілася Уршуля непадалёк ад Нямержы, на хутары. Была пятай дачушкай у сям’і. Прыгожымі дзяўчаткі раслі, спрытнымі, з малых лет умелі і ткаць, і прасці, і шыць, і вышываць, і гаспадарку весці, і стол накрыць. І розумам Бог ні адну не пакрыўдзіў. Таму, калі прыйшла пара замуж выходзіць, сваты не прымусілі сябе чакаць. Адна за другой з роднага гнязда павыляталі. Пачуў аднойчы пра красу малодшанькай Уршулі малады хлопец з Камянюкаў Анатоль Смактуновіч, ды паехаў «на агледзіны» на той хутар. Прычыну, праўда, зусім іншую прыдумаў, але цэнтрам увагі была юная Уршуля. Таму, калі наведаўся другі раз, ужо адкрыта прызнаўся чаго і да каго…
Так і нарадзілася сям’я. Пераехалі перш у Камянюкі, там у Анатоля была маленькая кватэрка, дзе і пасялілася маладая пара. Адзін за другім з’явіліся на свет сыночкі Георгій і Яўген. Падрасталі кемлівымі, дасціпнымі хлопчыкамі. Клопат аб малых ляжаў у асноўным на Уршулі, муж цэлымі днямі прападаў на працы.
Праз некалькі гадоў Анатоль Смактуновіч атрымаў накіраванне на пасаду ляснічага ў Язвінскае лясніцтва. Уршуля вельмі радавалася пераезду, але тут заставаліся старэнькія бацькі. Як толькі атрымалі жыллё, адразу забралі іх да сябе. Да апошніх дзён былі яны сагрэты любоўю і ласкай дачкі і зяця. Дапамагалі гадаваць унукаў, дзяліліся сваёй жыццёвай мудрасцю з маладымі. Тут, у Нямержы, нарадзілася дачушка Марынка – маміна памочніца і такая ж прыгажунька. З’явіўшыся на свет сярод пушчанскай красы, дзеці не маглі не палюбіць лес. Ды і не было тут іншых забаў. Па выхадных ці пасля работы садзіліся ўсе разам на матацыкл і, знайшоўшы прыгожую палянку, адпачывалі. Дзеці з задавальненнем елі на свежым паветры бутэрброды, дамашнюю каўбаску ці сала. У лесе ўсё гэта здавалася намнога смачнейшым. Так і раслі, упітваючы ў сябе непаўторны водар соснаў ды елак, закалыханыя птушыным спевам і шолахам лісцяў, набіраліся сілы, каб у хуткім часе пакінуць родную хату.
Сёння ў кожнага свая сям’я. Старэйшы Георгій – у Луцкаўлянах. Выгадаваў тры сыны. Яўген доўгі час працаваў у Дзяржаўным нацыянальным парку «Белавежская пушча», зараз разам з сынам заняліся прадпрымальніцтвам. Маюць сваю лесапілку. Дачка Марына – у Гродне. Уршуля Францаўна зімою жыве ў дачкі, на весну прыязджае ў Нямержу. Тут у яе агарод, а галоўнае – лес. У свае восемдзесят з гакам яна садзіцца на веласіпед і гоніць яго па лясных сцежках. Усе пушчанскія куточкі ведае на памяць, тут жа ўсё жыццё прайшло. А калі прыязджае ў Гродна, то таксама не сядзіць склаўшы рукі. Разам з дачкою абучаюць у гуртку дзяцей саломапляценню. Гэта, дарэчы, хобі Уршулі Францаўны. Яна такія саламяныя цуды ўмее рукамі выплятаць, што толькі дзіву даешся.
Бабуля Уршуля цешыцца і дзецьмі, і ўнукамі, якіх у яе сямёра, і трыма праўнучанятамі. Вось якая багатая бабуля. Калі збіраюцца ўсе разам, то трэба два сталы састаўляць. А ўжо, што на сталы ставіць, бабуля добра ведае. Яна такія прысмакі ўмее прыгатаваць, што не сорамна самых высокіх гасцей запрасіць. І дай Божа, ёй яшчэ шмат гадоў пражыць у добрым здароўі.

А жыццё ляціць...

Аднавяскоўцы: НЯМЕРЖА Пётр Канстанцінавіч і Вера Пятроўна Сакалоўскія ў студзені наступнага года адзначаць сваё «залатое» вяселле. Разам пройдзена дарога ў 50 вёрстаў-гадоў. І хоць не быў гэты шлях шырокім ды лёгкім, але прайшлі яны яго дастойна і сумленна. У раскошы не жылі, на лёгкі хлеб не спадзяваліся, як маглі працавалі ды гадавалі дзяцей. Пяцёра ім Бог даў: тры сына і дзве дачушкі. Добрымі выраслі, працавітымі, спагадлівымі. Каля бацькоў толькі малодшанькая Таццяна засталася, у яе падрастаюць два сыночкі. Наогул, усе дзеці падарылі па двое ўнучанят бабулі з дзядулем.
Анатоль у Ваўкавыску жыве, Сяргей – у Бераставіцкім раёне, Мікалай і Ала – у Свіслачы. Прыязджаюць часта, дапамагаюць ва ўсім, клапоцяцца аб здароўі, шкадуюць, атуляюць цеплынёй і пяшчотай. А жыццё ляціць, ляціць, ні на імгненне не спыняецца. Здаецца, учора маладымі былі, сустракаліся, кахаліся, і ад шчасця кружылася галава…
– Мы з Пятром пазнаёміліся на выпускным вечары ў Полацку, – дзеліцца ўспамінамі Вера Пятроўна. – Ён там у палітэхнікуме вучыўся, а я ў педвучылішчы. Танцавалі разам, спадабаліся адно аднаму. Мяне размеркавалі ў Летчанскую санаторную школу, што на Віцебшчыне, а яго – у Нямержу намеснікам ляснічага. Летам мы пазнаёміліся, а ў студзені ён да мяне прыехаў і мы распісаліся. Год я там адпрацавала і пераехала да мужа. Перш мы жылі не ў гэтым доме, а вось у тым, што насупраць, там зараз кантора Язвінскага лясніцтва. І мама мая з намі жыла, дзетак дапамагала гадаваць.     
Хуценька яны павырасталі. Мы азірнуцца не паспелі, як павыляталі з роднага гнязда. Мы ўжо і праўнучка дачакаліся. Унук старэйшага сына Анатоля парадаваў нас. Вельмі любім унукаў, усю душу ім аддаём. Няма большай радасці на свеце, чым дзеткі, унукі. Для іх жывём.
Вера Пятроўна шмат гадоў працавала ў школе, была настаўніцай пачатковых класаў. Пётр Канстанцінавіч да самай пенсіі не змяніў сваёй першай пасады – намесніка ляснічага. На жаль, са здароўем праблемы. Некалькі гадоў таму перанёс інсульт, але паціху прыходзіць да сябе, папраўляецца, дзякуючы клопатам добрай жонкі і дачкі.  
І няхай сабе даўно пасівелі яго валасы, для жонкі ён па-ранейшаму малады і прыгожы з пышным кучаравым чубам, такі, якім быў тады, на выпускным вечары, калі яны кружыліся ў сваім першым вальсе, калі наперадзе было ўсё жыццё.  
Вера Пятроўна любіць бываць у лесе, і хоць вольных хвілінак не так шмат, яна знаходзіць час, каб пахадзіць на лясных сцежачках разам з унукамі. Расказвае ім пра розныя пароды дрэў, раслін, пра звяроў ды птушак, якія жывуць у пушчы. Хлопчыкі ўважліва слухаюць і ўсё больш улюбляюцца ў хараство Белавежжа. Добра ім тут, прасторна, лёгка дыхаецца і сумаваць няма калі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Сельский клуб – гостеприимный дом