banner

Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст.

30 Марта’13
2764
Нарыс гісторыі мястэчка
На папярэднюю.
На пачатку ХІХ ст. сялянскі лад жыцця навадворцаў спалучаўся з мяшчанскай свядомасцю, якая ў іх захавалася да канца стагоддзя. Галоўным заняткам было земляробства. Новы Двор заціснуты паміж пясчанымі глебамі на поўначы і белавежскімі багнамі на поўдні, таму зямельнае пытанне стаяла тут вельмі востра. У 1818 г. навадворцы судзіліся за захопленыя землі местачкоўцаў з памешчыкамі Быхаўцам і Сухадольскім і выйгралі справу.
Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. У 1847 г. у рамках рэформы, якую ініцыяваў міністр дзяржаўных маёмасцяў граф П. Кісялёў, у Новым Двары была праведзена люстрацыя. Яна папярэднічала пераводу дзяржаўных маёнткаў на аброк. Паводле новага інвентара, мястэчка мела 1296,91 дзесяціны «бесспорной земли» (разам з лесам) і 5433,2 дзесяціны «спорной» (на яе прэтэндавалі памешчыкі Свяжыньскі і Андрэйкавіч). Усе землі былі нізкай якасці. Апрача сялян, землямі ў мястэчку валодалі праваслаўная царква (66,64 дз.) і карчма (1,29 дз.). Жыхары мястэчка ўпарта не хацелі прызнаваць сябе сялянамі і шматразова скардзіліся Гродзенскаму губернатару і Ваўкавыскаму павятоваму суду наконт выканання павіннасцей і выплаты падаткаў. Такія скаргі мелі месца ў 1852, 1856, 1865 гг.
Судовыя працэсы навадворцаў з памешчыкамі за спрэчныя тэрыторыі вяліся на працягу ўсяго ХІХ ст. Адной з самых заблытаных была судовая справа з уладальнікам маёнтка Нядзвецк памешчыкам Г. Вайткоўскім. Звычайна пры разглядзе судовых спрэчак местачкоўцы спасылаліся на дакументы зямельных размежаванняў Новага Двара за 1581 і 1775 гг. Паказальна, што размежавальны дакумент, складзены па каралеўскім загадзе Вацлавам Лапацінскім 17 красавіка 1581 г., называе Новы Двор мястэчкам, а яго жыхароў – мяшчанамі. Пры судовых працэсах такога кшталту навадворцы таксама спасылаліся і на вышэйзгаданую прывілею Аўгуста ІІІ Прыгожага і на яшчэ існуючы тады арыгінал прывілеі Міхала Вішнявецкага.
Не абмінула мястэчка паўстанне 1830-1831 гг. У лясах Белавежскай пушчы дзейнічалі атрады паўстанцаў, якія сваімі дзеяннямі ставілі пад пагрозу забеспячэнне расійскай арміі харчаваннем і медыкаментамі. Па тэрыторыі ваколіц Новага Двара праходзілі войскі Д. Хлапоўскага, да якіх у Свіслачы далучыўся генерал Тадэвуш Тышкевіч, а затым атрад партызан пад кіраўніцтвам тытулярнага дарадчыка, акруговага ляснічага Яўгена дэ Ронка, у шэрагах якога сваімі доўгімі пер’ямі на капелюшах вызначаліся стралкі Белавежскай пушчы.
Новы Двор у XV – пачатку ХХ стст. Пасля паразы пад Вільняй у чэрвені 1830 г. атрад Генрыка Дэмбінскага рухаўся па тэрыторыі Літвы і Беларусі на поўдзень, а пасля гэтага прайшоў праз Поразава і Новы Двор у бок мяжы з Каралеўствам Польскім. Пасля таго як войскі Г. Дэмбінскага пакінулі межы губерні, у ваколіцах Поразава, Лыскава і Новага Двара дзейнічаў атрад князя Гедройца. Атрад неаднаразова з’яўляўся ў згаданых мясцовасцях і пасля карнай экспедыцыі рускіх войскаў і плянення Гедройца спыніў сваю дзейнасць. Вядома таксама, што ў гэты ж час існавала фарміраванне пад кіраўніцтвам шляхціца Дабравольскага, якое ў ваколіцах Новага Двара і Поразава пазбавіла жыцця некалькіх яўрэяў.
У 1833 г. мястэчка знаходзілася ў фазе заняпаду: мела 409 жыхароў (206 мужчын, 203 жанчыны), адну драўляную царкву, 90 драўляных хат. Напрыканцы 80-х гг. ХІХ ст. у Новым Двары ўсё яшчэ адсутнічала прамысловасць. Тут не было заводаў і фабрык, адсутнічалі гандлёвыя лаўкі (у Свіслачы – 35, у Поразаве – 49), не праводзіліся базары і кірмашы. Затое мястэчка мела 8 млыноў (у 4 разы болей, чым мелі разам Поразава і Свіслач). Тут адчыніліся два «кабакі», якія давалі 300 рублёў прыбытку штогод. Але і па гэтым паказчыку Новы Двор саступаў суседзям. У Поразаве існавала 8 «кабакоў» (прыбытак – 4 тыс. руб.), а ў Свіслачы – 12 (прыбытак – 5,2 тыс. руб.). У мястэчку налічвалася 229 дамоў. З іх 211 належала сялянам, 16 – мяшчанам, 1 – мястэчку, у адным жыў бацюшка з сям’ёй.
За мястэчкам лічылася 2060 дзесяцін зямлі, з якіх 2000 належала сялянам, а 60 дзесяцін – Святаміхайлаўскай царкве. Перапіс 1897 г. зафіксаваў тут ужо 271 сялянскую гаспадарку і 1481 жыхара. Перапісчыкі згадваюць краму дробнага тавару, збожжавы склад, праваслаўную царкву, народнае вучылішча, два млыны і два «піцейных дамы».   
Неабходна акрэсліць рэлігійнае жыццё мястэчка. Як адзначалася вышэй, упершыню ўпамінанне аб праваслаўнай царкве ў Новым Двары мы сустрэлі на карце Градэцкага 1562 г. У 1690 г. святаром у мястэчку быў Ян Зубрыцкі (верагодна, уніят), які плаціў падатак з аднаго дома. На працягу сваёй гісторыі Новы Двор захоўваў выразнае праваслаўнае аблічча. Уніяцтва на побытавым узроўні таксама захоўвала праваслаўную абраднасць, што асабліва характэрна было да часу Замойскага сабора 1720 г., калі пачала праводзіцца ўніфікацыя абраднасці на рыма-каталіцкі ўзор. Але, безумоўна, нельга ставіць знак тоеснасці паміж гэтымі рознымі хрысціянскімі канфесіямі. На 1808 г. уніяцкая парафія тут налічвала 512 вернікаў. Пра тое, як праходзіў перавод навадворскіх уніятаў у праваслаўе, мы зможам даведацца з розных крыніц. Статыстыка 1837 г. засведчыла пражыванне ў Новым Двары 714 чалавек, з якіх 652 – дзяржаўныя сяляне, 49 – мяшчане-яўрэі, адзін шляхціц з жонкай, два адстаўныя афіцэры і два ўніяцкія святары з сем’ямі. Напярэдадні Полацкага сабора да ўніяцкай царквы належалі 650 чалавек, у тым ліку 2 адстаўныя афіцэры з сем’ямі. 49 былі іўдзеямі (і мяшчанамі) і 17 чалавек – каталікі (пераважна сяляне). Паводле ўспамінаў мітрапаліта Сямашкі, іканастас у навадворскай царкве ўвялі ў 1836 г., што было фактычна раўназначным да пераводу царквы ў праваслаўе.
Нам таксама вядома пра існаванне справаздачы з 1829 г., калі ўніяцкую парафію ў Новым Двары здаваў уніяцкі святар Эўзэбій Катаркевіч, а прымаў яе праваслаўны бацюшка. Верагодна, што гэта было вынікам інтрыг Сямашкі, які здымаў з парафій занадта «моцных» і па-ўніяцку настроеных святароў.
Але перамены, як вядома, прыжываліся не хутка. Тым больш дзіўна, што статыстыка 1857 г. праз 20 гадоў ад азначаных падзей фіксуе перавагу праваслаўнага насельніцтва (899 чал.) у былым уніяцкім мястэчку. Полацкі царкоўны сабор 1839 г. быў прычынай такой хуткай «канфесійнай рэвалюцыі». На пачатку 1860-х прыход Святаміхайлаўскай праваслаўнай царквы налічваў ужо 1012 вернікаў. 17 верасня 1867 г. у Новым Двары была асвечана новая царква ў гонар Арханёла Міхаіла – патрона мястэчка. У 1968 г. яе разабралі, а ў 1990-х пачалі адбудоўваць.
Працяг.
Сяргей РАМАНАЎ.

Предыдущая статья

Скрыжаванні