banner

Музыка, якая натхняе мроіць

09 Декабря’08
2913

Я — рок-музыкант старых традыцый.

Гэта — не прызванне, гэта — пазіцыя.

З песні “Я — рок-музыкант” гурта “Мроя”.


Музыка, якая натхняе мроіцьГучнымі акордамі і моцнымі галасамі адгрымеў 15 лістапада ў Гродзенскай філармоніі канцэрт “Незалежнай рэспублікі Мроі”, альбо "N.R.M.". Куміры беларускай моладзі сабралі поўную залу слухачоў. Мне пашчасціла быць адной з удзельніц гэтага мерапрыемства. Першапраходцы беларускай рок-сцэны пачалі свой канцэртны тур па абласных цэнтрах менавіта з Гродна. І гэта вельмі прыемны факт для ўсіх гродзенскіх паклоннікаў гурта.

— Мне вельмі падабаецца Гародня, — гаворыць Лявон Вольскі (так, вы не памыляецеся, сын таго самага знакамітага пісьменніка Артура Вольскага), вакаліст "N.R.M." — Для нас, наогул, гэта вельмі знакавы горад, таму што менавіта тут пачалася наша музычная кар’ера. У 88-м годзе быў такі фестываль “Рок-Крок”, і гурт “Мроя”, у якім мы тады гралі, узяў прыз сімпатый гледачоў.

Свой канцэрт музыканты пачалі са старых добрых хітоў. “Паветраны шар”, “Лёгкія-лёгкія”, “Хавайся ў бульбу” — гэтыя песні вядомы нават тым, хто не захапляецца творчасцю беларускага гурта. Другая частка канцэрту, ці, як яе назваў бас-гітарыст Юрась Леўкоў, “другое аддзяленне без перапынку на буфет” — гэта акустычнае выкананне песень гурта. А скончылі сваё выступленне музыканты кампазіцыямі з новага альбома “06”, які выйшаў адносна нядаўна. Па словах Вольскага, гурт ужо рыхтуе новы матэрыял.

На маё пытанне, ці мае лідэр "N.R.M." мару, Лявон адказаў з уласцівым яму гумарам:

— І мары, і мроі. І ўсе яны заўсёды вельмі разнастайныя, вясёлкавыя.

Мне пашчасціла пагутарыць з усімі музыкантамі “Незалежнай рэспублікі Мроя”. І я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта вельмі прыемныя ў зносінах людзі, якія з радасцю дораць сваё музычнае мастацтва слухачам. Нездарма пасля выканання апошняй песні зала на працягу некалькіх хвілін дэкламавала: “N.R.M!” І музыканты вярнуліся з-за кулісаў, каб праспяваць усімі любімую песню “Тры чарапахі”.

Спадзяюся, што гэта не апошняя мая сустрэча і размова з удзельнікамі гурта "N.R.M." Дарэчы, музыканты прызналіся, што ні разу не былі ў Свіслачы, але пасля майго запрашэння абяцалі абавязкова наведаць наш горад. Тым больш, што ў нас прыхільнікаў творчасці гэтага гурта таксама нямала. Што ж, чакаем!

Д. БАЯРКІНА,

вучаніца 11 “А” класа гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач.

На снимке: разам з Лявонам Вольскім.

Предыдущая статья

Цёпла, яшчэ цяплей, горача...