banner

Рэвалюцыянер. Дэмакрат. Публіцыст

23 Января’08
3998
"Няхай памёр ты, але кроплі крыві тваёй гарачай, як іскры, успыхнуць у цемры жыцця"

Рэвалюцыянер. Дэмакрат. Публіцыст       У цэнтры нашага горада, непадалёку ад будынка былой славутай гімназіі велічна ўзвышаецца адзіны ў Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму — рэвалюцыянеру-дэмакрату, паэту, публіцысту, кіраўніку паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і ў Літве.
      Угледзімся ўважліва ў гэта аблічча... Высокі сакратаўскі лоб, бровы ўразлёт выдаюць бясстрашнасць і непадкупнасць, глыбокія, не па гадах мудрыя вочы, прамы прыгожы нос — аблічча чалавека моцнага, валявога. І погляд... Прасветлены, чысты, удалечыню... У вачах яго няма ні страху, ні разгубленасці. Ён не шкадуе аб тым, што зроблена... Лёс адмерыў Кастусю ўсяго 26 гадоў, але зрабіў ён столькі, што памяць пра яго перажыве стагоддзі.
      Жыхары Свіслаччыны ганарацца тым, што лёс народнага героя цесна звязаны з нашым краем, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Нарадзіўся Кастусь 2 лютага 1838 года ў маленькай вёсачцы Мастаўляны (цяпер тэрыторыя Польшчы). У метрычнай кнізе мясцовага касцёла яго, сына Сымона Каліноўскага і Веранікі Каліноўскай (з Рыбінскіх), спачатку запісалі Вінцэнтам. Пазней дадалося імя Канстанцін. У старажытных рымлян яно азначала "непахісны", "цвёрды". У хуткім часе дружная сям'я пераязджае ў в. Якушоўка на Гродзеншчыне, і Кастусь паступае ў знакамітую Свіслацкую гімназію, дзе існавалі тайныя таварыствы, жыло вальнадумства. На Свіслаччыне Каліноўскі пражыў да 17 гадоў, а пасля была вучоба ў Пецярбургскім універсітэце, знаёмства з Чарнышэўскім і Дабралюбавым. Юнак цікавіцца культурай славянскіх народаў, асабліва беларусаў, становіцца заклятым ворагам самадзяржаўя і прыгонніцтва. Вярнуўшыся на радзіму ў 1861 годзе, разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім ён адразу ўключыўся ў змаганне за Волю, заснаваў нелегальную друкарню, наладзіў выпуск беларускай газеты "Мужыцкая праўда". Зімою 1863 года ў розных кутках Беларусі ўжо дзейнічалі паўстанцкія  атрады. На разгром інсургентаў урад кінуў значныя сілы. Паўстанне было жорстка падаўлена: 5934 паўстанцы загінулі, 1361 трапіў у палон, 128 удзельнікаў было пакарана смерцю, 853 асуджана на катаргу, 1329 саслана ў Сібір, тысячы паўстанцаў высланы на жыхарства ў цэнтральныя губерні Расіі. К. Каліноўскага выдаў правакатар. 22 сакавіка 1864 года рэвалюцыянер гераічна загінуў на Лукішскай плошчы ў Вільні. З таго трагічнага дня прайшло 144 гады. Той час далёкі ад нас, але мы ўсведамляем веліч гэтай асобы, гістарычную значнасць яго спраў, асабліва цяпер, калі будуем незалежную Беларусь. Менавіта за гэту ідэю і загінуў на шыбеніцы Кастусь Каліноўскі.
На Свіслаччыне зроблена нямала па ўшанаванню памяці героя. Яго імем названа адна з вуліц горада, вёска Ліхасельцы перайменавана ў Каліноўскую, на будынку былой гімназіі ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у раённым краязнаўчым музеі асаблівае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя славутаму земляку. Плённая праца праводзіцца і ва УА "Гімназія № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач", якая з гонарам пераняла традыцыі першай гімназіі і імя рэвалюцыянера, прысвоенае ў 1987 годзе СШ № 1. Дзякуючы намаганням дырэктара гімназіі А. У. Пракопік музей  гісторыі школы напярэдадні 200-годдзя Свіслацкай гімназіі быў значна рэарганізаваны, набыў сучасны выгляд, а шматгадовая праца былога дырэктара, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь А. С. Палубінскага дае магчымасць прымаць сёння экскурсантаў з самых розных куткоў Беларусі і іншых краін. Асобная экспазіцыя прысвечана жыццю і дзейнасці Кастуся Каліноўскага. А зусім нядаўна ў Свіслач завіталі і карэспандэнты ГНТ, каб падрыхтаваць рэпартаж пра нашага земляка і, шчыра прызнацца, былі ўраджаны тым, наколькі цікавы і непаўторны наш гарадок са сваёй гісторыяй і памятнымі мясцінамі.
Напярэдадні 170-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага і 145-годдзя з пачатку паўстання пад яго кіраўніцтвам запрашаем усіх жадаючых, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю, на тэматычныя экскурсіі ў наш музей.
І. СЕМЯНЯКА,
кіраўнік музея гісторыі школы УА "Гімназія № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач".

Предыдущая статья

Топливо по льготным ценам