banner

А смерць стаяла побач з намі...

18 Июня’12
1757

А смерць стаяла побач з намі...

Гэты сціплы, добразычлівы чалавек жыве ў Вердамічах. Я ведаю яго вельмі даўно. Заўсёды ён сустракае мяне шчырай усмешкай. Распытае пра жыццё-быццё, падзеліцца сваімі навінамі. Але пра тое, што прыйшлося яму перажыць у вайну, ён расказаў упершыню. І я разумею чаму. Калі ён чытае ці глядзіць па тэлевізары пра вайну, заўсёды памяць віхрам адносіць яго ў чэрвень 41-га. Мароз прабягае па скуры, здаецца, вось-вось пачуе стук у дзверы і нямецкую лаянку. Што тут гаварыць. Пэўна, ўсе, каму вайна апаліла дзяцінства, адчуваюць тое ж самае. Бо такое не забудзецца ніколі-ніколі, яно жыве ў кожным сэрцы дзяцей вайны, як незажываючая рана. Варта зачапіць хоць крышачку, і яна зноў пачынае балюча ныць і крывавіць. Я таксама зачапіла. Даруйце, Мікалай Іванавіч.

Коля Скепка (Мікалай Іванавіч Скепка), нарадзіўся 10 снежня 1933 года ў Дрэчанах:

– Мне ўсяго сем гадкоў было, калі вайна пачалася. Мы тады ў Дрэчанах жылі, нас у мамы з татам было трое, я – старэйшы, брат Валодзька, яму тры гадкі было, і сястрычка Лідачка, тая зусім была маленькая, гадкоў, можа, з паўтара, а то і менш. Тату нашага незадоўга да вайны выбралі дэпутатам вёскі, і ён яшчэ быў членам палітычнай арганізацыі МАДБР (Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі).
А смерць стаяла побач з намі...Калі пачалася вайна, мужыкі ў вёсцы пачалі капаць глыбокія ямы, каб туды схаваць куфры. Наш тата таксама ў двары вырыў такую яму, але куфра закапаць не паспелі. Адкуль ні вазьміся, у хату надыйшлі немцы, выгналі нас усіх на двор і павялі да той ямы. Паставілі на край. Мама плача, галосіць, а ў яе на руках маленькая Лідачка крычыць, з рук вырываецца. Мне было вельмі страшна, і я зразумеў, што вось зараз тыя немцы з аўтаматамі пачнуць па нас страляць і пазабіваюць. Я рашыў уцячы. Рвануўся, пабег да хлява, а за мной услед немец. Дагнаў, схапіў за шыварат і зноў да той ямы павалок. Вось так мы стаім, трасёмся ад страху, а ў нас за плячыма аўтаматы ўжо шчоўкаюць. А тут некалькі немцаў тату зноў чагось у хату павялі. Адтуль чулася лаянка, нешта грукала-стукала. Мы не ведалі, што там робіцца. А потым глядзім, тата наш увесь акрываўлены ідзе, галава разбітая, і ледзь-ледзь нагамі пераступае. Прывялі яго да той ямы, і мы зноў усе разам працягваем стаяць. А смерць стаяла побач з намі… Не ведаю, якім цудам засталіся мы тады жывымі.
Потым тата расказваў, што немцы ў хаце нейкія дакументы шукалі і касу МАДБР, думалі, што ў нас шмат грошай.
Тату вельмі моцна збілі. Ён аж да зімы, можна сказаць, і не ўставаў. А неяк зімою падняўся паціху і пайшоў у хлеў пакарміць карову ды каня. Чакаем, чакаем, а назад не ідзе. Мама пайшла паглядзець, што ён так доўга ў тым хляве робіць, а там яго і няма. А суседка і кажа маме, што паліцаі яго забралі ды павялі некуды з рукамі паднятымі.
Потым ужо тата расказваў, што паліцай вёў яго ў Ялоўку. Рукі за галавой былі счэплены і без рукавіцаў. А на двары мароз стаяў траскучы. Вось так вёў-вёў па дарозе, а затым загадаў зыйсці на абочыну і шчоўкнуў затворам аўтамата. Імгнення не хапіла, каб выстраліў, але тут ззаду воз пад’ехаў. Тату піхнулі на той воз і павязлі ў Ялоўку. Рукі ў яго змерзліся, дык іх раздзіралі сілаю, скура паадрывалася і пальцы ўспухлі. У Ялоўцы ён быў два тыдні. Кожны дзень гналі на допыты і моцна білі. Потым людзі з вёскі напісалі ліст да немцаў з просьбаю, каб тату нашага адпусцілі. Амаль усе падпісаліся і ліст той солтысу заняслі. Той перадаў каму трэба і праз тры дні тату адпусцілі.
Ён ішоў з Ялоўкі чатыры гадзіны, хоць дарога была кароткаю – усяго тры кіламетры. Вярнуўся дадому, і мы яго не пазналі. Увесь твар пабіты, апухлы, рукі таксама, а калі зняў сарочку, то мы ажно ахнулі. Яго спіна была настолькі скалечанай, што жывога месца на ёй не было. Уся ў ранах і рубцах. Доўга тата наш хварэў, ляжаў, мама яго даглядала. А неяк прыйшоў паліцай і загадаў яму, каб ішоў дзяжурыць на чыгунку. Тата кажа: “Я не дайду туды, я хворы, ды і не чую нічога”. “Халера цябе не возьме”, – вылаяўся паліцай і прымусіў тату ісці. Ён адзін раз схадзіў, а потым сказаў: “Што хочаце рабіце, а больш не пайду”. Ну тады і адчапіліся ад яго.
Гэта мае першыя ўспаміны пра вайну. А яшчэ памятаю, як у Гаркаўшчыне бабы галасілі, калі мужыкоў на расстрэл вялі. Гэта ж добры кавалак дарогі ад Дрэчанаў да Гаркаўшчыны, а енк быў такі страшэнны, што, пэўна, увесь свет яго чуў. Я тады не ведаў, што гэта там такое рабілася, потым жанчыны з вёскі расказалі пра тую бяду.
Так вось мы і жылі. Ды і хіба ж толькі мы? Усім тады цяжка было.
А пасля вайны мама наша памерла. Кашляла моцна, пэўна, лёгкія застудзіла, а лячыцца не было калі, вось без пары ў зямлю і пайшла. Ды і тата нядоўга пажыў. Я ў войску служыў, калі яго не стала. Мяне і пахаваць яго не пусцілі. Строга тады было вельмі.
Мае малодшыя брат і сястра таксама ўжо паўміралі. Я адзін застаўся, аўдавеў восем гадоў таму. Жыву адзін. Але прыязджаюць дачушкі, унукі, звоняць, не забываюць.

Ядвига КОБРИНЕЦ.

На снимках: маленькі Коля з мамай да вайны; М. І. Скепка.

Предыдущая статья

На планерке у председателя райисполкома