banner

Заве душа да роднага гнязда

30 Июля’11
2537

Заве душа да роднага гнязда

У кожнага з нас ёсць тая мясціна, дзе пашчасціла нарадзіцца на свет, дзе прайшла самая незабыўная пара дзяцінства і юнацтва, зроблены першы крок, вымаўлена першае слоўца, пазнаны смак першага кахання і горыч першага расчаравання.

Нейкую невыказальную магічную сілу мае тое гняздо, адкуль аднойчы зроблены вылет у вялікі свет. Колькі б ні прайшло часу, яно прыцягвае да сябе, сніцца начамі, не дае спакою, пакуль не вернешся туды хоць ненадоўга, пакуль не дакранешся да родных каранёў. І тады зноў напаўняецца душа асалодай і ажывае, і ногі не чуюць стомы, і гады нібы знікаюць, раствараюцца ў сусвеце. Вось якую неверагодную моц мае роднае гняздо, маленькі куточак, які называюць малой радзімай.

Але часам бывае так, што вяртацца няма куды, а душа ўсё роўна рвецца і ляціць, і шукае прытулку, і не можа знайсці, і зразумець не можа, чаму так сталася, хто і чаму раскідаў роднае гняздо, выкарчаваў карані, зруйнаваў і зраўнаваў з зямлёю ўсё, што было такім дарагім, такім блізкім і непаўторным. Няма адказу. Ёсць толькі параненая памяць і нясцерпны ад яе боль.

Пэўна, шмат на свеце такіх мясцін, ад якіх сёння не засталося і следу. І сярод іх даўнія хутары Клеціска і Нарутовічы. Больш за сорак двароў былі рассыпаны ў гэтым наваколлі, кіпела жыццё, гадаваліся дзеці, у садах спелі яблыкі і грушы, раніцай будзіў пеўнік гаспадароў да працы, а ноччу ўкалыхваў спеў салаўёў. Зараз на тым месцы спее ніва. Ад краю да краю поле, засеянае пшаніцай. А насупраць сіратліва стаіць дзіўная сасна з кучараваю кронаю, адзіны напамінак аб даўніх хутарах.

Так, не засталося нічога, але былыя хутаране ніяк не могуць з гэтым пагадзіцца. Каторы год ля сасны-хутаранкі збіраюцца ўжо пастарэлыя жыхары Клеціска і Нарутовічаў, каб душой дакрануцца да Бацькаўшчыны, каб хоць на некалькі гадзін вярнуцца ў далёкае дзяцінства і наталіць сэрца жывою вадой успамінаў.

На гэты раз іх было няшмат, усяго дзесяць чалавек. Гэта сёстры Кічкайлы – Ларыса Паўлаўна (Андрэева), Марыя Паўлаўна (Урбановіч) і Таццяна Паўлаўна (Даўлетава), а таксама Марыя Канстанцінаўна Ламашкевіч (Місюля), Галіна Сяргееўна Лукша (Малчанава), Пётр Іванавіч Дзуновіч, Лідзія Лявонцьеўна Лукша, Марыя Станіславаўна Міхалкевіч (Паркоўская), Ганна Сямёнаўна Лінкевіч (Нехайчук) і Іван Канстанцінавіч Ламашкевіч з унукам Алёшкам.

Гэта была незабыўная сустрэча. Дзіўна было бачыць, як пасівелыя бабулькі і дзядулькі на вачах маладзеюць, скідаючы з плеч цяжар пражытых гадоў, як расцвітаюць твары ўсмешкамі. Гарачыя абдымкі проста на дарозе, рукапацісканне і шчаслівыя слёзы на вачах. Вось яна – сустрэча з далёкім юнацтвам.

Што найбольш уразіла, дык гэта прыгожы каравай на рушніку, які быў спечаны спецыяльна для… мяне. Усе словы некуды згубіліся, калі прыняла яго і зразумела, што гэта быў не проста прыгожы рытуал, а вялікі давер, своеасаблівае прыняцце ў хутарскую суполку. Немагчыма перадаць таго хвалявання і шчырай падзякі за гэты давер.

І былі ўспаміны…

Заве душа да роднага гнязда– Памятаеш, Іван, як мы з табою ранткавалі? Вунь тут сцежачка калісь была, мы хадзілі па ёй, – з сумнаватай усмешкай запытала Таццяна Паўлаўна, а некалі проста Таццяна, красуня-хутараначка.

– Ой, памятаю, – адазваўся былы кавалер Іван Ламашкевіч. – Як забыцца? У нас на хутары самыя прыгожыя дзяўчаты былі. Таму і з’язджаліся хлопцы на вячоркі з усіх бакоў.

– А я табе запіскі ў школе пісала: “Я вас люблю, вы мне поверьте, я вам пошлю блоху в конверте…”, – смяецца Галіна Сяргееўна. – А ты мне чамусь не адказваў.

– Не, пра блаху нічога не памятаю, – паціскае плячыма Іван Канстанцінавіч і таксама весела смяецца. – Але ж памятаю, якой ты дасціпнай была, спрытнай. Такой і засталася.

– І праўда, як у нас весела было, як хораша, – падхоплівае Ганна Сямёнаўна.

– А ў нас, у Нарутовічах, – дабаўляе Марыя Станіславаўна, – ніхто ў хату не заходзіў, каб не сказаць: “Пахвалёны Езус Хрыстус” і не пацалаваць руку гаспадыні. Вельмі культурнымі ўсе былі, бацькоў паважалі, дзяцей добра выхоўвалі.

– Так, дзяцей у нас на хутарах шмат было. Што ні хата – то па пяцёра-шасцёра і болей, – уступае ў размову яшчэ нехта з хутаранаў. – А якімі дружнымі ўсе былі. А чаму? Таму што за стол усе разам садзіліся, з адной міскі елі. Гэта вельмі збліжае, яшчэ больш парадняе сям’ю.

– А памятаеце, якія ў нас арэшнікі раслі? Хутары нібы ў вяночку з арэшніку былі. Арэхаў на ўсю зіму хапала, – успамінае Лідзія Лявонцьеўна. – А сады якія былі! Забыцца не магу, як наш сад карчавалі, яшчэ малады быў, а яго пад корань. Боль не сціхае да сёння.

На свеце больш прыгожай мясціны, чым наша Клеціска, не знайсці было. Тут нейкія асаблівыя людзі жылі, нібы Богам адзначаныя.

На момант наступае цішыня, думкі нясуцца ў мінулае, да сваіх двароў, да квітнеючых садоў, да арэшнікаў за хатай.

– Не, не трэба пра сумнае, – гаворыць Іван Канстанцінавіч, – давайце лепш я вам вершы прачытаю пра нашы хутары, пра сасну кучаравую.

Падзівіцеся, людзі, ці ж гэта не цуд?

Я такога не бачыў нідзе, толькі тут:

Усе сосны, як сосны, а гэта адна

Вершалінай купчастай здалёку відна.

Увярху капялюш – як паненка, здаля

З-за іголак-хваінак не відна галля.

Хто ні едзе, ні йдзе, ля яе адпачне,

Усіх спакоем, пяшчотай яна ахіне.

Мне ж тут любае ўсё: неба, лес і зямля,

Да сасны прыхіну, як дзіця-немаўля,

Папрашу прабачэння, што доўга не быў,

Але родны куточак заўсёды любіў.

Толькі дзе той куточак? Дзе хаты, дзе сад?

Трэ было прыязджаць гадоў сорак назад.

Паламаны сад, хаты – аж сэрца баліць,

А сасна напамінам пра хутар стаіць.

Непадуладная часу, вятрам і гадам,

Пэўна, ёй, як і мне, таго часу шкада,

Змоўклі песні і смех хутаранак-дзяўчат,

І музыкі не йграюць, музыкі маўчаць…

Паэт чытаў, усе слухалі, затаіўшы дыханне, а ў вачах стаялі слёзы. Не, нельга без суму ўспамінаць тыя гады. Свае настальгічныя вершы, якія моцна краналі сэрца, пачытала і Лідзія Лявонцьеўна.

Але ж адкуль ні вазьміся на месцы спаткання з’явіўся музыка. І пачаліся спевы.

– Давайце “Голубую записку” заспяваем, – прапанаваў нехта. І палілася прыгожая мелодыя, загучала песня, потым другая, трэцяя. Шмат саліраваў Іван Канстанцінавіч. І наогул, ён быў у цэнтры ўвагі, таму што на гэткую сустрэчу прыйшоў першы раз. Былыя хутаране не маглі пазнаць у ім маленькага сціплага хлопчыка Іванку і вельмі дзівіліся, якім ён стаў салідным і прыгожым мужчынам.

– Памятаеце, як мы танчылі аж да ранку? – уступіла ў размову Марыя Паўлаўна. – Хадзем танцаваць.

І хутаране, хто бокам, хто прыкульгваючы, пайшлі за музыкаю на дарогу. Гучыць вясёлы “Кракавяк”, і тут адбываецца цуд. Тыя кабеткі, якія яшчэ хвіліну назад ледзьве ішлі, раптам пусціліся ў скокі. Потым яшчэ і яшчэ – полечка, вальс, адкуль толькі сілы браліся.

– Ой, – залілася смехам Марыя Станіславаўна, – я забылася, на якую нагу трэба кульгаць. Хіба буду кідаць агароды і пачну займацца танцамі.

Яе горача падтрымалі іншыя “танцоры”, і іх звонкі смех адгукнуўся рэхам недзе за лесам. А побач шумела і шумела густая пшаніца, пасеяная ўвесну, і высока ў бязвоблачным небе заліваўся спевам жаўранак, нібы вітаў хутаранаў, нібы цешыўся, што сабраліся разам на спатканне з юнацтвам.

Ядвига КОБРИНЕЦ.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

«Супер-стар» победителем стал