banner

Гарачы чэрвень 41-га

07 Июня’11
1971

Гарачы чэрвень 41-га

Успаміны. Успаміны… Слухаючы іх, нават не хочучы, перажываеш у думках усё тое, праз што давялося прайсці таму ці іншаму суразмоўцы, пераносіш сябе ў тыя далёкія гады, калі палала вайна, лілася кроў, гінулі людзі. Кожны раз робіцца трохі няёмка за гэтае дакрананне да самых балючых перажыванняў, няхай сабе і 70-гадовай даўніны.

Сёння сваімі ўспамінамі дзеліцца свіслачанін Раман Іванавіч Маеўскі. Ён сядзіць, паклаўшы на стол спрацаваныя рукі, і вяртаецца, вяртаецца ў той далёкі 41-ы...

Ён вёў мяне на расстрэл

— Мяне яшчэ да вайны забралі ў ФЗО (школу фабрычна-завадскога навучання). Было мне тады сямнаццаць гадоў. Мы знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, займаліся лесанарыхтоўкай. Жылі ў нейкіх часовых бараках. І вось аднойчы ноччу чуем гул самалётаў. Гэта нямецкія бамбардзіроўшчыкі ляцелі. Паніка пачалася, усе сталі разбягацца хто куды. І мы таксама. Я падаўся дадому, у Свіслач. А на другі дзень тут ужо немцы былі. Размясціліся ў парку, на бліжэйшых да яго вуліцах. З пушак стралялі, і жыхары хаваліся, дзе хто мог. А потым тыя пушкі трохі прыціхлі, і людзі павылазілі са скляпоў і другіх схованкаў. Але ўсё роўна было страшна выходзіць на вуліцу. Неяк адзін яўрэй ішоў, дык у яго асколак трапіў, на месцы забіла. Помню, аднойчы я вяртаўся аднекуль дадому, дык мяне немец затрымаў. Крычаў: “Шыссен, шыссен”, — гэта значыць “застрэліць, застрэліць”. А я пачаў прасіцца, што дадому іду. “Хаус, хаус”, — кажу. На шчасце, ён мяне адпусціў.

Яшчэ праз дзень бамбёжка пачалася. У дамах выляталі вокны, дзверы. Я выскачыў на вуліцу, гляджу: немец насустрач бяжыць, і ў яго барады няма, знясло, пэўна, асколкам, кроў льецца... У парку нямецкія машыны стаялі, дык амаль усе разнясло выбухамі, вельмі шмат коней пабіла. Яны прама на вуліцах ляжалі. Тады сагналі яўрэяў і прымусілі тых коней сцягваць у вялізную яму, што ад выбуху ўтварылася, і закопваць.

Я сябраваў з хлопцам, што жыў па-суседску. Неяк я прыйшоў да яго, мы сядзім на парожку, размаўляем, а тут немец ідзе да нас. Хлопец той убачыў яго і наўцёкі кінуўся, а я сяджу сабе далей. На мне фуражка “фэзэоўская” была, а галава пабрыта. Дык той немец скінуў з мяне фуражку, кажа: “Руссо зольдат”, — і павёў мяне ў жыта расстрэльваць. Ужо і вінтоўку наставіў, і затворам шчоўкнуў… А тут афіцэр надышоў, пачаў нешта крычаць, і тады той немец даў мне нагой пад зад, і я пабег дадому.

Бягу, бягу і бачу: нешта блішчыць на зямлі. Прыгледзеўся, а гэта гадзіннік нямецкі. Узяў я яго і дадому прынёс, але потым ён згубіўся.

Вось так вайна ў нас пачыналася. А потым, ужо ў 42-м, пачалі маладых у Германію вывозіць. І мяне тая доля не абмінула. Батрачыў у адным з маёнткаў нямецкага графа. Іх у яго было вельмі шмат, тых маёнткаў, і на кожным па сто кароў. Я даіў два разы ў дзень васямнаццаць галоў, даглядаў, карміў, вычышчаў з-пад іх. Быў там, пакуль не вызвалілі нашы. Потым хлопцаў сабралі, пастроілі, далі адзенне ваеннае, зброю і праз тры дні — на фронт. Дзякуй Богу, смерць мяне і там абмінула. Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі, а потым дадому вярнуўся.

Шмат гадоў мінула, а забыць не магу, ды і хто дасць рады такое забыць?!

Успаміны запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Милосердие и забота — без границ