banner

А над зямлёй узыходзіла сонца...

07 Апреля’08
3028
А над зямлёй узыходзіла сонца...      У памяці няма тэрмінаў. Колькі жыве яна ў сэрцы, столькі і баліць. Гады здольны, можа, толькі трошачкі зацягнуць рану, прытупіць боль, але дастаткова аднаго дотыку, нават выпадковага, як яна зноў пачынае нясцерпна шчымець і крываточыць. Менавіта так баліць памяць у сэрцах, зруйнаваных вайной. І не перастане балець, пакуль тыя сэрцы б’юцца, пакуль бачаць вочы, пакуль ходзяць ногі. Да апошніх дзён будуць сніцца па начах і аўтаматныя стрэлы, і нямецкая лаянка, і сабачы брэх, і жаночы енк, і дзіцячы плач...
      Менавіта такія ўспаміны па сёння рвуць душы жыхароў  Нязбодзічаў, Зарэчан, Гаркаўшчыны, Качкоў. Тая летняя раніца назаўсёды застанецца для іх самым чорным днём з усіх дзён вайны...
      Немцы прыйшлі ў Нязбодзічы ў чэрвені 41-га. І з першых дзён пачалі ўстанаўліваць свае парадкі. Спачатку былі расстраляны актывісты Савецкай улады С. І. Лаўрашук, М. І. Леанард, М. І. Свейка, І. М. Цалюк. Немцы суткі не дазвалялі родным пахаваць забітых, пагражаючы расправай. Кожнага, хто аказваў супраціўленне, чакала смерць. Людзі жылі ў пастаянным страху, баяліся за родных, за дзяцей, за сваё жыццё...
      А потым настаў той страшны дзень... Фашысцкі карацельны батальён № 323 здзейсніў крывавае злачынства ў кар'еры каля Гаркаўшчыны. Незадоўга да трагедыі ў двух кіламетрах ад Нязбодзічаў партызаны пусцілі пад адхон фашысцкі цягнік і яшчэ праз некалькі дзён падпалілі нямецкую камендатуру. Каб знайсці вінаватых, немцы сагналі жыхароў вёсак Нязбодзічы і Качкі, здзекваліся над імі і, нічога не даведаўшыся, схапілі кожнага трэцяга.
      44 чалавекі: маладыя мужчыны, юнакі і адна яўрэйская сям’я з дзеткамі — былі расстраляны той летняй раніцай у кар’еры, дзе набіралі моц маленькія сасоначкі — нямыя сведкі крывавай расправы... А над зямлёй узыходзіла сонца, дорачы свой свет аднолькава і ахвярам, і катам...
      Былі там і другія сведкі. І ніхто лепш за іх не раскажа пра тое, што баліць вось ужо амаль 66 гадоў.

А над зямлёй узыходзіла сонца...
Любоў Іванаўна Кандратовіч,
вёска Гаркаўшчына:

      — Мне тады 10 гадкоў было. Мы з Марыйкай Ківачыцкай кароў каля дарогі пасвілі. І раптам бачым, машына едзе, і ў ёй поўна людзей. А з боку Нязбодзічаў крыкі чуюцца, дзеці плачуць. Мы напалохаліся, прыселі, перахрысціліся і глядзім, што там робіцца. А тых людзей сталі зганяць з машыны і павялі ў кар’ер. Паставілі там і пачалі страляць. Божухна, як жа было страшна. Мы думалі, што ў нас сэрцы разарвуцца ад жаху. Потым, гляджу, мама мая бяжыць. Крычыць, каб мы кідалі кароў ды ўцякалі дахаты, а немец адзін падбег да мамы і наставіў ёй ружжо ў грудзі. Хацеў забіць, але тут убачыў, што старая яўрэйка хаваецца ў каноплях. Ён кінуў маму і пабег за яўрэйкай. Дагнаў і забіў. Потым яшчэ адзін чалавек спрабаваў уцячы. Але ж яго сабакі дагналі, пачалі рваць зубамі і пацягнулі назад...
      З адной сям’і адразу чатырох чалавек забралі: бацьку Бажка Данілу і траіх яго сыноў. Малодшаму Васілю толькі сямнаццаць гадкоў было. Здзекваліся доўга над старэйшым сынам: сабакі яму ногі рвалі, а немцы перад тым, як застрэлілі, білі прыкладамі.
      Яўрэйку маладую забілі, а ў яе на руках дзіцятка было, маленькае, усяго пару месячыкаў. Калі яна ўпала, накрыла яго сабою. І з-пад яе было відаць дзіцячыя ножкі. Дык немец вывалак тое дзіцятка за ножку, паглядзеў, што жывое яшчэ, і прыкладам па галоўцы дабіў. Яно толькі піснуць паспела...
      Яшчэ памятаю, як адзін чалавек, Андрэй Качко, паранены быў і прасіўся, каб дабілі яго, але ж не дабівалі. Ён сам дайшоў.
      Пастралялі тых людзей, а з Нязбодічаў ужо бягуць жанчыны, дзеці. Енк стаіць такі страшэнны... Жонка Андрэя Качка бяжыць, а на руках сваю маленькую Зіначку трымае. Прыбегла, кінулася да мужыка, трасе яго, плача... Не дай Бог вам такое калі пачуць ці пабачыць...

А над зямлёй узыходзіла сонца...
Лідзія Антонаўна Кісялёва,
вёска Гаркаўшчына:

      — Я яшчэ зусім малая была, мне шэсць гадкоў толькі споўнілася, але памятаю ўсё, нібы сёння было.
      Мы недалёка ад таго кар’ера жылі. Чулі, які там перапалох быў, як крычалі людзі, сабакі брахалі, як стралялі. Калі ўжо сціхлі стрэлы, то мы з мамай пайшлі туды паглядзець, што нарабілася.
      Прыйшлі, а там людзі забітыя ляжаць. Хто дагары, хто закрыўшы рукамі галаву, хто тварам да зямлі. Яўрэйка маладая пад сасонкай ляжала, а каля яе дзіцятка маленькае.
А над зямлёй узыходзіла сонца...      У Вольгі Бажок расстралялі мужыка і траіх сыноў. Што яна там вырабляла! Як яна енчыла!.. Кідалася то да сыноў, то да мужыка, валасы на сабе рвала... Неба чула той енк. Людзі думалі, што яна звар’яцее. А ў хаце яшчэ двое сіротаў заставалася. А ў мужавага брата, якога таксама расстралялі, васьмёра дзяцей асірацелі. Але ж, дзякаваць Богу, усе выжылі.
      Хай Бог сцеражэ ад такой бяды.
      Лідзія Антонаўна вядзе нас да таго кар’ера, паказвае, дзе тыя людзі забітыя ляжалі, дзе яўрэйка з дзіцяткам.
      — Вось тут, пад гэтай сасонкай, іх і расстралялі. Проста ў вачах усё стаіць. Тады сасоначка маленькая была, толькі-толькі пасадку пасадзілі, а зараз, бачыце, як выраслі дрэвы... Яны ж, пэўна, таксама ўсё памятаюць, як і людзі...
      Мы ўздымаем вочы на тую сасну, пад якой расстралялі жанчыну і дзіця. Дзіўна. Ствол дрэва раздваіўся: адзін таўсцейшы, а другі зусім тоненькі. Значыць, праўда, памятае...

А над зямлёй узыходзіла сонца...
Леанід Дзмітрыевіч Турак,
вёска Качкі:

      — Нас з Качкоў вывезлі, і мы жылі ў Нязбодзічах. Чужыя людзі нам далі прытулак. Я і сын гаспадара ў тую ноч на вышках начавалі. Раненька, яшчэ й сонца не ўзышло, грукат пачулі, нехта ў хаце крычаў, сабакі брахалі, мама плакала, гаспадыня. А потым праз вакенца ў шчытку я ўбачыў, што з хаты выводзяць майго бацьку. Прыгналі і другіх людзей. Вельмі здзекваліся над Данілам Бажком, білі яго моцна, сабакі рвалі за ногі. А яшчэ доўга мучылі старога Раманчука. Потым расстралялі. А людзей пачалі на машыну заганяць і павезлі ў кар’еры. Там і расстралялі. І зноў машына вярнулася. Я бачыў, як майго бацьку ў машыну запіхалі, сабакі за ногі хапалі, а я плакаў на вышках. Мне тады чатырнаццаць гадоў было.
      Трэцюю машыну ўжо не загружалі. Немцы сабраліся і паехалі ў Ялоўку. А я злез з гары і пабег у кар’ер. Прыбег, бачу: ляжаць людзі ў споднім, акрываўленыя, не пазнаць. Пачаў я шукаць свайго бацьку, думаў, можа, жывы яшчэ. Ды не, мёртвы быў. Тут людзі прыбеглі, жанчыны так крычалі, так плакалі, што, здавалася, той крык па ўсёй зямлі стаяў. Шукалі кожная свайго, адцягвалі, заварочвалі ў посцілкі і хавалі аднаго за другім у рад. Немцы не дазволілі забраць і пахаваць на могілках. Мы свайго тату завярнулі ў дыван саматканы ды яшчэ і дошкамі аблажылі. У сакавіку перапахавалі ўжо на могілках у Дабраволі. Тады ўсіх дазволілі на могілках пахаваць.

А над зямлёй узыходзіла сонца...
Зінаіда Андрэеўна Раецкая,
вёска Качкі
(тая самая Зіначка Качко, якую несла на руках да кар’ера  анямелая ад гора мама):

      — Я ж зусім маленькая была. Але ж мама мне столькі разоў расказвала пра тую трагедыю, што яна ў мяне перад вачамі стаіць. Маміны ўспаміны ўраслі ў мяне, укараніліся, і зараз, калі мамы ўжо няма на свеце, маё сэрца памятае ўсё, што было. Я прасіла: “Мама, не трэба, не расказвай”, а яна не магла не расказваць. Часта хадзіла да таго кар’ера і плакала, а потым зноў і зноў расказвала.
      Свята Пятра было. Мы былі вывезены з Качкоў і жылі ў Федарчукоў у Нязбодзічах. Мама падаіла карову і пайшла ў хлеў будзіць старэйшага брата, каб гнаў карову на пашу. У гэты час у хату ўварваліся немцы, выгналі тату, гаспадара і яго сына. Пагналі спачатку ў бок Дрэчанаў, а потым назад. Мужчыны ішлі і на вокны свае паглядалі, дзеці праз шыбы глядзелі і плакалі. Адчувалі, што больш не вернуцца бацькі дадому.
      Казалі людзі, што тата наш прасіўся, казаў, што пяцёра дзяцей. Ды і іншыя прасіліся, ды толькі хто іх слухаў.
      Потым мама прыбегла са мной да таго кар’ера і тату знайшла. У яго на правай руцэ пальцы былі перабітыя. Ён далоняй сэрца прыкрываў. Не прыкрыў...
      Толькі адзін чалавек тады выратаваўся. Калі ён падаў паранены, то на яго другі чалавек упаў. І немцы падумалі, што ён мёртвы. А калі сціхла ўсё, то ён вылез з-пад забітага і ўцёк. Доўга, казалі, хаваўся, ссівеў увесь...

А над зямлёй узыходзіла сонца...
Уладзімір Максімавіч Нехайчук,
вёска Нязбодзічы:

      — Гэта сталася рана-рана. Мы ўсе спалі яшчэ. Хату нашу акружылі немцы і пачалі грукаць у дзверы. Бацька адразу зразумеў, што бяда прыйшла, хацеў на вышкі ўскочыць, ды не паспеў. Немцы прыйшлі і выпіхнулі ў чым спаў на двор. Рукі за галаву, і павялі праз вёску. Шмат мужчын павялі, з цэлай вёскі сабралі...
      Мама следам пабегла, і я за ёю. Людзей на машынах павезлі ў кар’ер, а мы пешшу.
      Прыбеглі, калі ўжо па ўсім было. Мама пачала адварочваць целы забітых, шукала бацьку і не магла знайсці, а я адразу знайшоў. Яму ў галаву стралялі, вока было выбіта. Мама не магла перанесці такое гора, яна інвалідам стала, ногі моцна балелі. Мне ўсяго дзевяты год пайшоў, калі таты не стала, а яшчэ былі і малодшыя два браты і сястра. Мне найбольш дасталася. Я ўсё ўмеў рабіць змалку. Не было на каго больш спадзявацца.

      Такія вось аповяды. Людзі расказвалі і не саромеліся слёз, а памяць зноў і зноў разрывала ў шматкі іх сэрцы, і рабілася няёмка ад таго, што гэта менавіта мы ўскалыхнулі тую рану і прымусілі яе крываточыць. Даруйце нам, родныя!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Рыгора ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

О налогах, и не только