Яго апошні матэрыял быў апублікаваны ў жніўні 2006 года. Ён пісаў, пакуль меў сілы трымаць у руках аўтаручку, пакуль даў рады сабраць думкі ў адно цэлае, пісаў, каб падзяліцца з землякамі тым невычарпальным скарбам, якім валодаў. Гэтым бясцэнным скарбам былі веды. Веды пра родны край, пра той пушчанскі куточак, дзе яму пашчасціла нарадзіцца, вырасці і стаць гонарам і славай сваёй зямелькі. На жаль, яшчэ так шмат чаго ён не паспеў данесці да нас. І ўжо не паспее…
Учора споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сямёнавіча Палубінскага, заслужанага работніка культуры Беларусі. Ён не дажыў да гэтай круглай даты роўна чатыры гады. Ужо чатыры гады няма з намі гэтага цудоўнага, добразычлівага чалавека, самабытнага краязнаўцы, таленавітага фалькларыста, мудрага настаўніка, прыемнага субяседніка.
Бадай, ніхто так, як Аляксандр Сямёнавіч, не здолеў увесці чытача ў свет мінулага, зачараваць, захапіць, прымусіць ганарыцца кожным куточкам сваёй маленькай радзімы. Няшмат ёсць на свеце людзей, здольных не проста любіць зямлю сваіх продкаў, а так даступна і трапна даносіць гэтую любоў да іншых людзей. Артыкулы Аляксандра Сямёнавіча чыталіся, нібы казка, і слухаць яго можна было гадзінамі, страціўшы пачуццё часу... Як сумна ўсведамляць, што яго ціхі лагодны голас больш ніколі не пачуецца ў сценах рэдакцыі, ды і наогул нідзе…
Па вясне (асабліва ў апошні час) ён любіў выходзіць на вуліцу з кіёчкам і падоўгу сядзець на лавачцы, што насупраць дома па вуліцы Леніна, праводзячы поглядам прахожых. Многія затрымліваліся каля яго, пыталіся пра справы, пра здароўе. Ён ветліва адказваў, жартаваў, некаторых запрашаў прысесці побач, каб пагутарыць. Пайшла пятая вясна, лавачка пустуе…
Але памяць аб гэтым надзвычайным чалавеку застанецца ў сэрцы кожнага, хто яго ведаў. У сэрцах вучняў, якім ён прывіваў любоў да гісторыі, у сэрцах унукаў, якія літаральна абажалі яго, у сэрцах суседзяў, з якімі ён жыў заўсёды ў згодзе, у сэрцах усіх землякоў, для якіх ён быў прыкладам шчырасці, адкрытасці і любові да людзей. І хто ведае, можа з часам адна з вуліц горада, які ён так любіў, будзе насіць яго імя. Імя Аляксандра Палубінскага.
Ядвига КОБРИНЕЦ.
Фота Чэслава ГОРБАЧА.