banner

Я памятаю! Я ганаруся!

15 Июля’20
1185
Матвей-с-портретом.jpgСёння ў фондах школьных бібліятэк існуе шмат выданняў мастацкай літаратуры пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Там можна прачытаць не толькі аб трагічных момантах падчас баёў, але і па-сапраўднаму гераічных подзвігах простых савецкіх людзей, якія на сваіх плячах вынеслі цяжар тых страшных дзён, падараваўшы нам мірнае і шчаслівае неба над галавой.

Я ганаруся тым, што мае родныя прабабуля і прадзядуля таксама ўнеслі свой значны ўклад у набліжэнне Перамогі: Соф’я Андрэеўна Анціпкіна падчас вайны была сувязной у партызанскім атрадзе, а прадзед, гвардыі старшы сяржант Уладзімір Іванавіч Анціпкін,  прайшоў баявы шлях ад Халхін-Гола да Браціславы. У тым, што гэтыя людзі сустрэліся і стварылі сям’ю, напэўна, няма нічога дзіўнага. Абодва яны – сапраўдныя героі для мяне. Вось што я змог даведацца, вывучаючы іх сямейную гісторыю.

Уладзімір Анціпкін нарадзіўся ў 1918 годзе ў в. Баскакава Волаўскага раёна Тульскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў сельскую школу. Працаваў у калгаснай гаспадарцы пчаляром, трактарыстам, шафёрам. У верасні 1939 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у Манголіі, удзельнічаў у кровапралітных баях на рацэ Халхін-Гол, дзе савецка-мангольскія войскі пад камандаваннем Георгія Жукава нанеслі поўнае паражэнне японскай арміі.

У верасні 1942 года Уладзімір Анціпкін у складзе зводнага кавалерыйскага палка быў накіраваны на савецка-германскі фронт. Вераснёўскім ранкам 1943 года, перад боем, яго прынялі ў рады Камуністычнай партыі, членам якой ён з’яўляўся да апошніх дзён жыцця. Падчас вайны прадзядуле давялося пабыць механікам-вадзіцелем танка Т-38. У складзе гвардзейскага кавалерыйскага корпуса І-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у наступальнай аперацыі “Баграціён”, вызваляў нашу радзіму ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Прымаў актыўны ўдзел у вызваленні Украіны, Малдавіі, Чэхаславакіі, Венгрыі. Пры штурме Будапешта атрымаў кантузію, у выніку якой перастаў бачыць на адно вока. Свой франтавы шлях Уладзімір Анціпкін завяршыў у г. Браціславе, дзе сустрэў доўгачаканую Перамогу.

Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Поразава, у госці да старэйшага брата, ды так і застаўся тут жыць. З 1946 года працаваў загадчыкам ашчадкасы, інструктарам Поразаўскага РК КПБ, старшынёй калгаса “17 Верасня”, інжынерам саўгаса “Гарнастаевічы”. Больш за пятнаццаць гадоў узначальваў Гарнастаевіцкую ветэранскую арганізацыю. За свае ратныя і працоўныя подзвігі Уладзімір Іванавіч Анціпкін быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, а таксама баявымі медалямі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”, ганаровымі граматамі. 

Аб сваёй прабабулі, Соф’і Андрэеўне Анціпкінай, я ведаю, што пасля падзей Вялікай Айчыннай вайны яна працавала дырэктарам Сакольніцкай сярэдняй школы, загадчыцай Бярозаўскага дзіцячага сада, старшынёй Поразаўскага пасялковага Савета.

Калі ў нашым школьным музеі стваралася экспазіцыя пра ветэранаў вайны, я прынёс фота сваіх родных, каб пра іх лёс даведаліся мае аднакласнікі і вучні школы. Такім чынам я дзякую ім, прадзядулі і прабабулі, за мірнае жыццё, шчаслівую будучыню, якія немагчымы без захавання памяці пра герояў той вайны. 

Я памятаю! Я ганаруся! 
 
Матвей Здрадоўскі, вучань 10 класа Поразаўскай СШ

Предыдущая статья

Мастацтва гліны і агню
Похожие новости