Любiць цябе такой, якая ёсць…
Яно i ёсць прызванне наша.
I дзе б нi быў, куды б нi iшоў,
Ты зноў вяртаешся дахаты.
Тут родны дом, бацькi, Радзiма,
Твая пясочнiца любiма.
Наш родны дом з шчаслiвай доляй
Завецца вёскай Дабраволяй.
Мне вельмi пашанцавала, бо нарадзiлася я ў цудоўным куточку нашай краiны. Куточак гэты пачынаецца адразу за парогам роднай хаты разам з добрай усмешкай матулi, з надзейнымi сябрамi, спевамi птушак, усiм тым, што з дзяцiнства так знаёма.
З усiх бакоў Дабраволю акружае лес. Гэта Белавежская пушча. Пра яе ведаюць не толькi ў нашай Беларусi. Сюды едуць турысты з iншых краiн. А нам нiкуды не трэба ехаць. Выйдзеш за вёску – апынiшся ў цудоўным лесе, дзе растуць прыгожыя гонкiя сосны, елкi, бярозы. Тут можна сустрэць i шмат звяр’я. Мы часта збiраем у пушчы грыбы i ягады, а ўзамен стараемся падтрымлiваць у зялёным храме чысцiню.
Лес дорыць нам прыгажосць круглы год. Зiма ператварае яго ў сапраўдную казку. Усе дрэвы апранаюць снегавыя вянкi, а пянёчкi становяцца падобнымi на казачных герояў. Вясной лес ажывае, умываецца цёплымi дожджыкамi, дорыць нам першыя кветачкi. Вясенняю парою любiм сустракаць птушак з выраю, назiраць, як радасна яны кружаць над вясковымi садамi. I з вышынi птушынага палёту шлюць людзям прывiтанне сваiмi спевамi i шумам крылляў. Летам можна ўбачыць у лесе шмат цiкавага. Восенню ж пушча засынае аж да вясны, да цёплых сонечных дзён. I няхай ёй у марозы i мяцелiцы сняцца цёплыя веснавыя навальнiцы!
Я яшчэ не ведаю, кiм буду, куды закiне мяне лёс, але ўпэўнена, што свой родны куточак, сваю Дабраволю памятаць буду заўсёды. Цi ж можна забыць свой дом, сваю сям’ю, школу, сяброў?! Цi можна забыць прыгажосць i непаўторнасць малой радзiмы? Дзе б я нi была, а часцiнка майго сэрца назаўжды застанецца ў родным куточку, у мiлай сэрцу Дабраволi!
Ксенiя УРБАНОВIЧ, вучанiца 11 класа Дабравольскага ДС СШ