banner
Google Klass ідзе да вас
07:30 07 Октября’18
1262

Google Klass ідзе да васШкола – вечная маладосць, пастаянны рух наперад. Прафесія настаўніка дае магчымасць развівацца творча і духоўна, не прымае адставання ад патрабаванняў часу.
Настаўнік – гэта не прафесія, а мой спосаб жыцця. Мне цікава вучыць дзяцей не толькі фізіцы, але і выхоўваць у іх любоў да Радзімы, сям’і, уменне працаваць, быць добрымі, сумленнымі, спагадлівымі. Я вучу іх, а яны – мяне. Мне падабаецца глядзець на свет вачыма дзяцей, знаходзіць у гэтым радасць і задавальненне, думаць пра сваіх навучэнцаў, суперажываць разам з імі, несці за іх адказнасць, – дзеліцца сваімі думкамі Таццяна Леванчук.
Настаўніцай фізікі Таццяна Аляксандраўна працуе 18 гадоў, з іх 17 – у ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс Ханявіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа». З 2012 года займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Вельмі шмат розных спраў кладзецца на плечы завуча: арганізацыйныя пытанні, метадычная праца, каардынацыя вучэбнага працэсу і дашкольнага выхавання, навуковай і даследчай дзейнасці. Са сваімі службовымі абавязкамі Таццяна Аляксандраўна заўсёды спраўляецца на «выдатна», таму што жыве сваёй прафесіяй і за кожную справу бярэцца з добрым настроем.

З самага маленства дзяўчынка марыла стаць настаўнікам, ніякай іншай справы нават і не разглядала. Вельмі ж хацелася паходзіць на настаўніцу Марыю Тадэвушаўну Курбат, якая выкладала беларускую мову і літаратуру ў Дашкавічскай школе, дзе вучылася Таццяна. Вабіла яе родная мова сваёй прыгажосцю і мілагучнасцю. Таму і абрала спачатку беларускую філалогію, аднак, абставіны склаліся так, што паступіла і скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фізіка», аб чым зараз ніколькі не шкадуе. З вялікай цікавасцю і задавальненнем Таццяна Аляксандраўна выкладае свае ўрокі. Заўсёды стараецца як мага болей усяго паказаць і расказаць навучэнцам. У школе для гэтага ёсць неабходная, добра ўладкаваная база.
Вельмі люблю знаходзіць і апрабоўваць усё новае. На ўроках выкарыстоўваю розныя метады і падыходы. Напрыклад, кейс-метад, які заснаваны на навучанні шляхам вырашэння канкрэтных задач-сітуацый (кейсаў); хатні эксперымент, які з’яўляецца выдатным дапаўненнем да ўсіх відаў класных эксперыментальных і лабараторных работ і выконваецца вучнямі дома. Таксама падтрымліваю дыстанцыйную адукацыю вучняў і BYOD, метад, які прадугледжвае выкарыстанне смартфонаў і планшэтаў у вучэбным працэсе. Сваім вопытам дзялюся з калегамі на семінарах і метадычных аб’яднаннях, а таксама на старонках рэспубліканскіх выданняў: «Настаўніцкай газеты» і часопіса «Фізіка». У лістападзе запланавана правесці для настаўнікаў хіміі і біялогіі раёна дыстанцыйнае навучанне па тэме «Сервіс Google Klass – адукацыйнае асяроддзе для сучаснай дзейнасці», якое будзе праходзіць перыядычна да студзеня. Спадзяюся, калегі ацэняць перавагі выкарыстання дадзенага сэрвісу і будуць прымяняць яго ў адукацыйным працэсе, – расказвае Таццяна Аляксандраўна. – Для мяне сучасны настаўнік – гэта настаўнік, які ідзе ў ногу з часам. Уменне і гатоўнасць пастаянна вучыцца – неабходная ўмова прафесіі. Таму самаадукацыя для мяне на першым месцы. Разумею, што настаўнік павінен быць наперадзе ўсёй планеты, вучуся дзеля таго, каб даносіць свае веды да дзяцей і педагогаў.
За добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Таццяна Леванчук занесена на раённую Дошку гонару, а таксама адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Прыемна адзначыць, што яе праект «Электронны адукацыйны рэсурс «Беларусазнаўца» ў сааўтарстве з педагогамі Ірынай Кубіцкай і Таццянай Агей на рэспубліцы заняў 2-е месца.
Аднак Таццяна Аляксандраўна не толькі выдатны майстар сваёй прафесіі, але і добрая маці для сваіх трох дзяцей: студэнткі Апалінарыі, сямікласніка Данілы і чатырохгадовага Кліменція, якія разам з татам Алегам і бацькамі Таццяны падтрымліваюць і дапамагаюць у любой справе, з паразуменнем ставяцца да настаўніцкай працы. Менавіта сям’я – надзейны і моцны тыл завуча.
Таццяна Аляксандраўна – ідэйны і творчы чалавек. Яна пастаянна імкнецца наперад, знаходзіцца ў творчым пошуку. Карыстаецца аўтарытэтам у калектыве, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. Свае найлепшыя пажаданні з прафесійным святам намеснік дырэктара выказвае педагогам роднай школы і ўсяго раёна.

 

Сняжана ЖУРНЕВІЧ.

Фота аўтара.

Текст: admin

Предыдущая статья

Мастер кулинарных дел