banner

Хата гаспадарамі багата

06 Июля’22
1398
У трэці раз слынныя пявучыя Грынкі сабралі на свята «Хата гаспадарамі багата» гаспадароў сядзіб з ганаровым званнем «Дом высокай санітарнай культуры». Прыгожым чэрвеньскім вечарам да клуба ішлі, ехалі, спяшаліся ўдзельнікі шматлікіх конкурсаў з навакольных аграгарадкоў, самадзейныя артысты з клубных устаноў раёна, вясковыя жыхары, якія адклалі на колькі хвілін агародныя справы.

Пад  мілагучную музыку і вершы беларускіх паэтаў свята распачалося конкурсам-дэфіле  «Кветкавая феерыя». У прыгожых вянках з розных кветак і траў, сабраных росным ранкам на духмяных пагорках і лугах, выйшлі дзяўчынкі – мясцовыя прыгажуні. І нябыта ўся прыгажосць роднай зямлі сабралася ў вачах і тварах удзельніц. Тут вянкі з валошак, з рамонкаў, з падмарэнніка, з півоняў, з макаў – колькі ж кветак на нашай роднай зямлі! Адна за адной, прыгожа і нетаропка, выходзілі Ксенія Мілеўская, Кацярына Мілеўская, Валерыя Чудзілоўская, Аліса Стальцова, Анастасія Сенкевіч, Ангеліна Кічкайла. А гледачы з асалодай апладыравалі юным удзельніцам конкурсу.



Свята перамясцілася на пляцоўку конкурсу летніх букетаў «Колькі колераў у лета». Яго ўдзельнікі, прыбраныя ў розныя вобразы, цікава расказалі пра свае кампазіцыі. Дарэчы сказаць, самай папулярнай кветкай, вядома, былі валошкі, як і ў вершах Максіма Багдановіча, якія з асалодай чыталі многія канкурсанты. Журы адзначыла букет «Фантазіі на тэму «Поле», які прадставіла Алена Рудаміна з аграгарадка Вялікае Сяло, «Ромашки спрятались» аўтара Алены Пічкоўскай з аграгарадка Грынкі і «Букет здоровья: три в одном» Галіны Будзевіч з аграгарадка Вердамічы.



Галоўная дзея свята адбылася ў прасторнай і ўтульнай зале клубнай установы. Водар шматлікіх букетаў аздабляў кожны куточак і надаваў святу асаблівы – узнёслы і цёплы – настрой. На сцэне – удзельнікі жаночага вакальнага калектыву «Спадчына» з літаратурна-музычным пралогам «Мы ўсе з добрай вёскі Грынкі». Ён напоўнены добрым, яскравым, вясёлым вясковым гумарам, цікавай гаворкай і мілымі сэрцу песнямі. Вядучая Марыя Самалевіч запрасіла ўсіх зрабіць невялічкую вандроўку па прыгожых вёсках Нязбодзіцкага сельскага савета – а гэта Стокі, Дрэчаны, Нязбодзічы, Качкі, Раманаўцы, Каліноўская, Глушкі, Бязводнікі – і зазірнуць на падворкі слынных гаспадароў. Сёння звыш пяцідзесяці сядзіб носяць ганаровае званне «Дом высокай санітарнай культуры». Кожная вёсачка мае свой своеасаблівы твар, сваю гісторыю, свае маляўнічыя краявіды. А яднае жыхароў адно – любоў да роднай краіны, да таго месца, дзе жывеш. Яны добра памятаюць дзедаву і бацькаву навуку і перадаюць яе сваім унукам: будзе чыстай і светлай краіна тады, калі будзе парадак ва ўласным доме. Трэба зазначыць, што многіх  гаспадароў сядзіб ужо няма разам з намі. Але ўсё не засталося ў запусценні. Іх дзеці наводзяць парадак на прысядзібных участках, садзяць кветкі, закладваюць сады. І гэтая эстафета прадоўжаецца далей.

Старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Марыя Качко падзякавала вяскоўцам за іх старанную працу, за прыгажосць у дварах, якую яны, не стамляючыся, ствараюць вакол сябе. Марыя Фёдараўна ўручыла падарункі і шыльды з надпісам «Дом высокай санітарной культуры» жыхаркам Грынок Лідзіі Канстанцінаўне Трахімік і Людміле Казіміраўне Акудовіч, якія жывуць у адным двухкватэрным доме. Была адзначана такімі ж падарункамі і сям’я Гульмантовічаў з Нязбодзічаў. 12 гадоў таму назад Славамір Генрыхавіч з жонкай Аленай – жыхары горада Гродна – купілі вясковую сядзібу па вуліцы Маладзёжнай. Папрацаваць прыйшлося шмат, але зараз гэта райскі куточак, у які спяшаецца сямейная пара, бо з цягам часу, як прызнаецца гаспадар, усё болей і болей цягне да зямелькі…

А якім жа цікавым атрымаўся конкурс вясковых гаспадынь «Двор гаспадаром прыгожы, а дом – гаспадыняю». Расказаць аб сябе, прадставіць вясковую страву, праявіць свае таленты сабраліся гаспадыні з Вялікага Сяла – Алена Рудаміна, з Вердамічаў – Галіна Салавей, з Грынок – Лідзія Трахімік, з Дабраволі – Валянціна Янкоўская. Нязбодзічы прадстаўляла Алена Данільчык. Гаспадыні рознага ўзросту – ад 40 да 80 гадоў, з рознымі жыццёвымі дарогамі, але ўсе – творчыя і цікавыя асобы, паважаныя ў вёсках людзі. Самым вясёлым атрымаўся конкурс «Гісторыі з агарода», дзе гаспадынькам трэба было змайстраваць пудзіла з непатрэбных рэчаў. Пудзілы атрымаліся вельмі вясёлымі і пазітыўнымі. Гледачы з задавальненнем апладыравалі пераможцы конкурсу. Ім стала Алена Данільчык пры падтрымцы сваёй сям’і – мужа Сяргея і дачушкі Машы.

Колькі ж тут, на свяце, было спета прыгожых песен, сказана шчырых слоў, падораных адзін аднаму ласкавых усмешак і шчаслівых твараў!  І сапраўды, свята пацешыла душу  людзям, сэрцу надало асалоду. А рукі  таксама не знаходзіліся без справы, а былі заняты шчырымі апладысментамі тым, хто свята падрыхтаваў. А гэта самадзейныя артысты з Ціхаволі, Поразава, Дабраволі, Грынок. 

Напрыканцы, калі ўжо, стаміўшыся, сонейка спяшалася на адпачынак, вядучая гасцінна запрасіла ўсіх на вясковую вячэру, якую падрыхтавалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання «Сельчанка». Здаецца, усё проста і сціпла на вясковым стале: бульбачка з кропам, салёны агурок, халаднюсенькі квас, гарачая шкварка ды свежая салата… Але як усё гэта смачна, калі побач столькі аднадумцаў, тых, хто без стомы робіць вялізарную справу на карысць роднага куточка, любімай зямелькі, каб наша краіна была самым утульным і самым прыгожым месцам на зямлі.

Кожны, хто вяртаўся са свята дамоў, вёз самы каштоўны падарунак – прыгожы невялічкі букет ад арганізатараў свята. Букет з валошкаў, канюшыны, рамонкаў, зверабою, розных зёлкаў і траў – ад шчырага сэрца людзей, улюбёных у сваю краіну. 

Марыя САМАЛЕВІЧ, кіраўнік самадзейнага (народнага) калектыву тэатра-студыі «Карагод» сектара культуры і вольнага часу ў аг. Грынкі

Предыдущая статья

Рассмотрено в райисполкоме: "Готовимся к школе и уборке урожая"