banner

Дзверы ў зялёны дом

27 Сентября’21
566
У Беларусі многа цудоўных месцаў, якія могуць здзівіць. Шмат цікавага і ў нас на Свіслаччыне. Што ў першую чаргу? Большасць скажа – запаведны лес! І мы згодзімся. Нездарма Свіслацкі раён называюць паўночнымі варотамі ў Белавежскую пушчу. А гэта добра вядомая кропка на турыстычнай карце Беларусі. Тысячы турыстаў штогод імкнуцца пабываць пад шатамі рэліктавага першабытнага лесу. Сапраўднага беларускага цуда свету. Другім пашчасціла тут жыць.
У Дабраволі даўно зразумелі, у якім унікальным месцы жывуць. А мясцовая школа яшчэ ў мінулым стагоддзі зрабіла першы крок у бок таго, каб сёння мець свой брэнд. У 1989 годзе тут быў створаны Музей лесу. Спачатку ён працаваў як краязнаўчы, а з часам удакладніў свой статус, стаў эколага-краязнаўчым. Сёння музей не проста функцыянуе, але і развіваецца, багацее экспанатамі, здзіўляе новымі формамі прэзентацыі экспазіцый. Наведванне гэтага музея можна назваць змястоўнымі ўводзінамі ў знаёмства з Белавежскай пушчай. Яго плошча, вядома, не параўнальная з прасторай жывога музея пад адкрытым небам – самой пушчы, але ж тут дастаткова інфармацыйнага і нагляднага зместу, каб перадаць багацце і разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, якім славіцца старажытны лес.

– На прыгажосць і ўнікальнасць пушчы адклікаюцца самыя тонкія струны чалавечай душы. Толькі ўявіце: Белавежская пушча – апошні «астравок» некалі бязмежных еўрапейскіх лясоў. Ад яе вее даўніной, часам, веліччу. Таму і адносіны да яе асаблівыя, трапяткія, – гаворыць кіраўнік Музея лесу Ірына Амельчанка. – Мне вельмі падабаецца, як пісаў у сваёй кнізе «Белавежская пушча. 1803–1903 гады» адзін з самых вядомых летапісцаў нашай пушчы, лоўчы цара Мікалая II Георгій Карцаў. Вось паслухайце: «Пры праездзе па пушчы не паспяваеш глядзець і захапляцца. Глыбокае хваляванне мімаволі ахоплівае аматара прыроды пры выглядзе шматвекавых соснаў і дубоў. Ёсць участкі, дзе гэтыя шаноўныя прадстаўнікі даўніны сустракаюцца не адзінкавымі экзэмплярамі, а займаюць плошчы ў некалькі дзясяткаў дзесяцін, прычым адначасова перад вачамі стаяць некалькі старцаў розных парод. Пры поглядзе на іх «шапка з галавы валіцца» ў літаральным сэнсе гэтай прымаўкі, і хочацца наблізіцца, каб вымераць, колькі абхопаў укладваецца вакол ствала». Ці што змянілася праз сто гадоў? Не. Як і раней, мы здымаем шапку перад Яе Вялікасцю Белавежскай пушчай, мы ганарымся гэтай захаванай і пакінутай нам продкамі спадчынай. З асаблівым пачуццём ставімся і да школьнага музея як да маленькай мадэлі вялікага пушчанскага свету. Што асабліва хочацца падкрэсліць, музейная справа ў Дабравольскім ДС СШ зараз – агульны інтарэс настаўніцкага калектыву і вучняў. Вочы гараць ва ўсіх. І гэта шчыра радуе.


Ірына Амельчанка: «Экспазіцыя «Водар Белавежжа» – самая духмяная ў музеі».

Дабраволя знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», і гэты багаты выхаваўчы патэнцыял малой радзімы проста нельга не выкарыстоўваць, лічыць настаўніца. Штодзённае далучэнне школьнікаў да прыроды пазітыўна ўплывае на фарміраванне іх экалагічнай культуры. Дзейнічае савет музея з найбольш актыўных юных аматараў прыроды, якія займаюцца збіральніцкай працай па папаўненні і далейшым развіцці музея, праектна-даследчай дзейнасцю, арганізуюць улік і захаванне існуючых фондаў, распрацоўваюць план работы музея, кантралююць дзейнасць сектараў уліку экспанатаў, экспазіцыйна-выставачнага, рэкламна-інфармацыйнага, пошукава-даследчага, сектара экскурсаводаў (дарэчы, экскурсіі ладзяцца тут тэатралізаваныя, найважнейшым аспектам з’яўляецца актыўнае ўзаемадзеянне з гледачом) і лектарскай групы, праводзяць рэстаўрацыйныя работы, вырабляюць макеты і муляжы і заахвочваюць цікавай справай іншых. Гэта важна, бо менавіта падрастаючаму пакаленню працягваць місію па захаванні нашай каштоўнай прыроднай спадчыны. 

Сёння дабравольскі Музей лесу налічвае больш за 500 экспанатаў. Асноўнымі часткамі экспазіцый з’яўляюцца мінералы і горныя пароды, птушкі, жывёлы і дрэвы пушчы, жыхары лугоў і палёў, лекавыя расліны, дары лесу, міфалагічныя героі і водары Белавежжа. Новай экспазіцыяй, зробленай з дароў прыроды, музей папоўніўся дзякуючы школьнаму конкурсу «Міфалогія лесу». Навучэнцамі і педагогамі былі створаны загадкавыя лясныя істоты. Нельга прайсці міма Пушчавіка, як тут кажуць, злоснага ляснога духа, які блудзіць людзей. Зроблены ён мясцовым народным умельцам Святаславам Лешчуком з капу – нарасці на ствале дрэва. Яго назва паходзіць ад славянскага слова «галава». Сапраўдную галаву і стварыла прырода для музейнага Пушчавіка. Пару майстарскіх штрыхоў ад Святаслава Мікалаевіча – і экспанат заняў сваё месца ў экспазіцыі. Праект «Духмяны кубак белавежскага чаю» паклаў пачатак экспазіцыі «Водары Белавежжа». Цяпер наведвальнікі музея могуць не толькі ўбачыць экспанаты, паслухаць гукі пушчы, але і адчуць лясныя водары.





Так прадстаўлены рэдкія птушкі ў перасовачным музеі.





Асаблівай увагі заслугоўвае сёлетняе набыццё школы – перасовачны музей «Дзверы ў зялёны дом». Калі асноўная экспазіцыя адчыняе свае дзверы толькі для тых, хто завітае ў Дабраволю, то «Дзверы ў зялёны дом» могуць адчыніцца ў любой кропцы на карце Беларусі.  Ідэя яго стварэння належыць дырэктару ўстановы Людміле Петрасян, а вось над увасабленнем яе ў жыццё працавалі ўсім гуртам.

– У работу па фарміраванні экспазіцый перасовачнага музея была ўцягнута ўся школа: настаўнікі, незалежна ад прадмета, вучні, іх бацькі, работнікі школы, – расказвае Ірына Амельчанка. – Музей стаў пляцоўкай, якая аб’яднала некалькі пакаленняў. А падмуркам для сумеснай дзейнасці стала любоў да прыроды роднага краю. Гэта вельмі сімвалічна ў Год народнага адзінства, які пераняў эстафету ад трылогіі Года малой радзімы.

У чым адметнасць музея на колах? У адрозненне ад асноўнай экспазіцыі, дзе птушкі і звяры прадстаўлены пудзіламі, ён мае пластыкавыя экспанаты, якія праектаваліся вучнямі на ўроках інфарматыкі разам з настаўніцай Галінай Басалай. Дадзеная экспазіцыя выклікае цікавасць, так як, напрыклад, сустрэць у прыродзе чырвонакніжных прадстаўнікоў пушчы не кожнаму пашчасціць. На інфарматыцы складаліся і буклеты, дзе можна знайсці падрабязную інфармацыю пра кожны экспанат. Не ў крыўду іншым шматлікім жыхарам пушчы будзе сказана, але тут галоўны пластыкавы герой – зубр. Справядліва адзначыў знакаміты заолаг Сяргей Севярцоў, што пушча захавалася таму, што ў ёй жылі зубры, а зубры захавалiся таму, што была пушча. Экспазіцыя «Перад кім здымаю шапку» (грыбная) выканана школьнікамі пад кіраўніцтвам Людмілы Лобач на гуртку «Адраджэнне» мадэляваннем у тэхніцы пап’е-машэ. На стэлажы «Не аднаго поля ягада» наведвальнікі на свае вочы могуць убачыць ягадны россып пушчы. Чарніцы, суніцы, ажыны – усё як жывое, хоць і зроблена з фаамірану. А займаліся ювелірнай справай  кружкоўцы Вольгі Басалай. Прыгожыя касцюмы, у якіх юныя экскурсаводы выходзяць да наведвальнікаў, – плён працы Таццяны Іванюк. Нібы экспанаты, выглядаюць і паліцы пад іх – адразу бачыцца рука Святаслава Лешчука, што ўмее непрыгляднаму на першы позірк карчу надаць другое жыццё!


Актывісты савета музея Міраслава Іванюк і Арсеній Кавалеўскі.

Музей быў прэзентаваны ў маі на рэспубліканскім семінары, што ладзіўся якраз у Дабравольскім ДС СШ. З той пары і рухаецца. Дарэчы, выязджаў у Гродна на рэспубліканскі Тыдзень дадатковай адукацыі і не мог не быць незаўважаным. Кіраўнік музея і шасцікласніцы-актывісткі Міраслава Іванюк і Марыя Казлоўская адзначаны ўдзячным пісьмом.

– Наш Музей лесу, – падкрэсліла напрыканцы Ірына Амельчанка, – гэта і сродак развіцця, і лабараторыя, і працоўная майстэрня. Адным словам, ён уяўляе сабой шматгранны адукацыйны рэсурс, які дае прастору не толькі вучэбнай, але і творчай, праектнай і пазанавучальнай дзейнасці. Гэта брэнд школы, у чым пераканаецца кожны, хто пераступіць яго парог. А дзверы ў наш «Зялёны дом» заўсёды адчыненыя для наведвальнікаў. – І дадала: – Ідэй па развіцці музея ў нас яшчэ шмат: плануем працягваць здзіўляць!






Вось ужо 30 гадоў Белавежская пушча носіць статус Нацыянальнага парка. Гэта парк для нацыі, для народа, для сучаснікаў і будучых пакаленняў.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Что нужно знать о стандартных налоговых вычетах