banner

Пад выявай збройнага арханёла

24 Сентября’09
3686

Пад выявай збройнага арханёлаПершая дакладная згадка аб Новым Двары мае дачыненне да палявання Вітаўта і Ягайлы ў Белавежскай пушчы і адносіцца да 1409 года. Вялікія князі рыхтаваліся да вайны з Лівонскім ордэнам і назапашвалі мяса для сваёй арміі. Як вядома, паляванні гэтыя не прайшлі дарма: «Вялікая вайна» 1409-1411 гг. прынесла перамогу над крыжакамі ў знамянальнай Грунвальдскай бітве 1410 г. і назаўсёды паклала канец шырокай экспансіі ордэна на землі Княства і Кароны, што, у сваю чаргу, стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай народнасці ў межах сваёй шматэтнічнай дзяржавы. Новы Двор, як можам меркаваць, належаў князю Вітаўту і з’яўляўся яго паляўнічай «базай».

Новы Двор ляжаў на важнай каралеўскай дарозе, якая была заложана ў 1518 г. і злучала Вільню з Кракавам. Праз мястэчка ішла дарога ў Ружаны, а адтуль далей – на Маскву.  Патрэбна прызнаць, што па свайму стратэгічнаму палажэнню і эканамічнаму значэнню Новы Двор стаяў на ўзровень вышэй за Поразава і Свіслач. Так, на карце 1508 г. пазначана толькі некалькі гарадоў нашага рэгіёна, у тым ліку Брэст і, што цікава, наш Новы Двор. Няма на ёй ні Свіслачы, ні Поразава, ні нават Ваўкавыска. На так званай Радзівілаўскай карце 1613 г. знаходзім толькі Новы Двор і Поразава.  На карце «Вялікае Княства Літоўскае і Белая Русь», складзенай  Г. Бакланам каля 1654 г., зноў адзначаны толькі Новы Двор.

Як вядома з дакументаў пазнейшых арандатараў, Новы Двор быў спалены шведамі падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667 гг.) і Швецыяй (1665 г.). Сляды аб гэтых падзеях захаваліся ў паданнях, адно з якіх занатаваў вядомы этнограф і краязнаўца Міхал Федароўскі: «Кажуць, што калі ў нас ваявалі шведы, аднаго з іх пакусаў шалёны сабака. Вылячыўся з дапамогай каменя, які ляжаў у наваколлі Новага Двара, і гэта падгледзелі мясцовыя жыхары. Да сённяшняга дня яны таксама лечацца гэтым каменем».  Але адломваць ад яго кавалачкі патрэбна было на ўзыходзе або на захадзе сонца.

Цяжкія ваенныя дзеянні спрыялі ўнутранай анархіі ў дзяржаве. Віленскі стольнік Казімір Хвалібог Жэромскі стварыў шляхецкую канфедэрацыю ў абарону краіны. Пасля таго, як 7 верасня 1655 г. царскія войскі захапілі Гродна, атрады канфедэратаў на чале з Казімірам Жэромскім адступілі ў раён Новага Двара, дзе пэўны час мелі свой цэнтр. Пазней, калі войскі царскіх ваявод Урусава і Барацінскага рухаліся маршам з Брэста на Гродна праз Белавежскую пушчу, то дарогу ім блакіравала шляхта з Ваўкавыскага, Гродзенскага і Лідскага паветаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Якуба Кунцэвіча. На ўскрайку балота, але на сухім месцы, быў збудаваны земляны гарадок, дзе ў пачатку снежня 1655 г. адбылася сутычка з царскімі войскамі. Перамогу атрымала мясцовая шляхта.

Пад выявай збройнага арханёлаПрыкладна ў другой палове XVII ст. мястэчка Новы Двор атрымлівае Магдэбургскае права і герб і становіцца роўным з Поразавам і Свіслаччу, якія таксама былі мястэчкамі. Дзякуючы працы даследчыка Аляксея Шаланды нам вядомы пячатка Новага Двара з гербам  і надпісам з 1792 г. і канфірмацыйны прывілей караля і вялікага князя Аўгуста ІІІ Прыгожага ад 14.11.1744 г. З гэтага дакумента вынікае, што правы і прывілеі Новага Двара, акрамя Аўгуста ІІІ, пацвярджаліся і яго папярэднікамі (што было звычайнай справай пры з’яўленні новага манарха на троне): Аўгустам ІІ Моцным (28.11.1718 г.), Янам ІІІ Сабескім, (20.01.1679 г.), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (20.03.1670 г.) і Янам Казімірам Вазай (3.08.1661 г.). Нехта з апошніх манархаў і надаў Новаму Двару герб з выявай збройнага арханёла Міхаіла, які топча пераможанага чорта і пры гэтым правай рукой абапіраецца на меч, а ў левай трымае вагі. Той жа А. Шаланда схіляецца да думкі, што гэтым каралём мог быць Міхал Карыбут Вішнявецкі, які надаў мястэчку герб свайго святога заступніка, відаць, маючы за ўзор герб ваяводскага Навагрудка.   

Новы Двор моцна пацярпеў у выніку вайны 1812 г. Тут паспелі абрабаваць мясцовае насельніцтва расійскія войскі, а пасля іх і войскі напалеонаўскіх саюзнікаў. 18 чэрвеня 1812 г. у Новым Двары размясціўся VII корпус генерал-лейтэнанта М. М. Раеўскага, будучага героя бітвы пад Барадзіно.      

У перыяд з 30 ліпеня па 9 жніўня К. Б. Кнорынг з Конна-татарскім і Еўпаторыйскім татарскім палкамі па загаду камандуючага 3-й арміяй Тармасава зрабіў рэйд на Пружаны – Новы Двор – Свіслач – Беласток.    

У пачатку жніўня раз’езды на чале з К. Б. Кнорынгам стаялі ў Новым Двары і Поразаве. 2 жніўня 1812 г., паводле скаргаў мясцовых жыхароў, тры расійскія кавалерыйскія палкі вывезлі з мястэчка Новы Двор Ваўкавыскага павету ўсё харчаванне на 15 фурманках. На самой справе гэта былі два расійскія палкі: Конна-татарскі і Еўпаторыйскі татарскі са складу 3-й расійскай арміі.

Праз тэрыторыю пасялення праходзілі войскі VІІ (саксонскага) корпуса пад камандаваннем французскага генерала Ж. Л. Рэнье.  Вось як невядомы аўтар апісаў праход праз мястэчка Новы Двор Ваўкавыскага павета «вялікай арміі саксонскай VII корпуса пад камандаваннем Рэнье»: «Салдаты забіралі ўсё: харчаванне, коней, адзенне, інструменты, валоў гналі табунамі».  

Пасля баёў за Ваўкавыск і прыходу на дапамогу Рэнье корпуса Шварцэнберга ў ноч з 16 на 17 лістапада пачалося гвалтоўнае адступленне корпуса расійскага генерала Остэн-Сакена, па пятах якога ішло аб’яднанае аўстра-саксонскае войска. Толькі па лясной дарозе паміж Свіслаччу і Новым Дваром у палон трапілі звыш 100 расійскіх салдат і афіцэраў.

На працягу ХІХ стагоддзя Новы Двор бачыў шмат грамадскіх і палітычных рухаў. Не абмінула мястэчка і паўстанне 1830-1831 гг. У лясах Белавежскай пушчы дзейнічалі атрады паўстанцаў, якія перашкаджалі забеспячэнню расійскай арміі харчаваннем і медыкаментамі. Па тэрыторыі ваколіц Новага Двара праходзілі войскі Д. Хлапоўскага, да якіх у Свіслачы далучыўся генерал Тадэвуш Тышкевіч, а таксама атрад партызан пад кіраўніцтвам тытулярнага дарадчыка, акруговага ляснічага Яўгена дэ Ронка, у шэрагах якога сваімі доўгімі пер’ямі на капялюшах вызначаліся стралкі Белавежскай пушчы. Пасля паразы пад Вільняй у чэрвені 1830 г. атрад  Хенрыка Дэмбінскага рухаўся па тэрыторыі Літвы і Беларусі на поўдзень і прайшоў праз Поразава і Новы Двор у бок мяжы з Каралеўствам Польскім. Калі войскі Х. Дэмбінскага пакінулі межы губерні, у ваколіцах Поразава, Лыскава і Новага Двара дзейнічаў атрад князя Гедройца. Атрад неаднаразова з'яўляўся ў згаданых мясцовасцях, але пасля карнай экспедыцыі рускіх войскаў і плянення Гедройца спыніў сваю дзейнасць.

Паводле эканамічнага стану ў 1833 г. мястэчка знаходзілася ў фазе заняпаду: мела 409 жыхароў (206 мужчын, 203 жанчыны), адну драўляную царкву, 90 драўляных хат.

Пэўнае развіццё ў гэты час атрымала культура. З 1860 г. у Новым Двары існавала царкоўнапрыходская школа. У 1862 г. было адчынена аднакласнае народнае вучылішча, пазней, з 1900 г., тут працавала і двухкласнае народнае вучылішча. У 1905 г. у ім вучыліся 89 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. Гэта даволі шмат, калі ўлічыць, што насельніцтва мястэчка ў 1901 г. складала 1200 чалавек.

13 мая 1863 г. каля Новага Двара адбылася сутычка расійскіх салдат і 40 казакаў з паўстанцамі. Захаваліся імёны сялян з мястэчка  Новы Двор, якія  ўдзельнічалі ў паўстанні 1863-1864 гг. і былі пазней рэпрэсіраваны царскай уладай. Сярод іх значацца Франц Васільевіч Ярашэвіч (накіраваны ў Разанскую арыштанцкую роту), Франц Мацвеевіч Шарэніч (накіраваны ў Тульскую арыштанцкую роту), Восіп Восіпавіч Грушэўскі (накіраваны ў Калужскую арыштанцкую роту), Франц Сямёнавіч Раманоўскі (накіраваны ў Кастрамскую арыштанцкую роту), Антон Антонавіч Грушэўскі (накіраваны ва Уладзімірскую арыштанцкую роту), Максім Завістоўскі (накіраваны ў Тульскую арыштанцкую роту). Дакладна  невядома,  куды былі высланы Фёдар Мікалаевіч Кулік, Станіслаў Мацвеевіч Грушэўскі і Міхал Ганчарэвіч.  

17 верасня 1867 г. у Новым Двары была асвечана новая царква ў гонар Арханёла Міхаіла – патрона мястэчка.  У 1964 г. яе разабралі, а ў 90-х пачалі адбудоўваць. У час рэформы па адмене прыгоннага права ў 1861 г. навадворцы адправілі ў Санкт-Пецярбург дэлегацыю на чале з Мацвеем Грушэўскім, каб дамагчыся перадзелу зямлі. Але судовая камісія прызнала ўсіх жыхароў мяшчанамі і пакінула ім старыя надзелы. Дзіўныя былі з навадворцаў «мяшчане»: калі па даных 1886 г. у мястэчку Свіслач 35 % насельніцтва займалася земляробствам, у Поразаве – 43 %, то ў Новым Двары гэта лічба складала аж 91 %.  

Мястэчка перажыло жах войнаў мінулага ХХ стагоддзя. У Першай сусветнай ўдзельнічала некалькі навадворцаў. У Грамадзянскай вайне на баку бальшавікоў змагаліся Ілля Ботвіч і Андрэй Ярашэвіч. Шмат выцярпела мястэчка і ў час Другой сусветнай вайны.

С. РАМАНАЎ,

студэнт ГрДзУ імя Я. Купалы.

Ны здымках: М. К. Вішнявецкі; князь Вітаўт Вялікі.

Предыдущая статья

Таможня дает «добро»