banner

Беларускія дарогі рускіх пісьменнікаў

19 Мая’09
3093

Канстанцін Сіманаў

У час Вялікай Айчыннай вайны быў карэспандэнтам газеты “Красная звезда”, прымаў удзел у абароне Магілёва. Гераічнай беларускай зямлі і яе народу Сіманаў прысвяціў дзённікавыя запісы “Розныя дні вайны” (1975). А свае першыя рэпартажы з фронту пісьменнік зрабіў у чэрвені 1941 года каля Оршы і Барысава, трэці — пад Магілёвам, дзе на славутым Буйніцкім полі байцы 388-га стралковага палка С. Ф. Куцепава знішчылі 39 нямецкіх танкаў. У пасляваенны час К. Сіманаў часта прыязджаў у Беларусь: у Магілёў, Чавусы, Крычаў. Прымаў удзел у працы 2-га і 3-га з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. У верасні 1954-га быў ганаровым госцем Якуба Коласа. У 1965 годзе ў Брэсце прысутнічаў на Першым усесаюзным злёце пераможцаў паходу моладзі па месцах баявой славы. У 1975-м прымаў удзел у мінскай нарадзе пісьменнікаў ваеннай тэматыкі.

Уладзімір Караленка

Пісьменнік глыбока інтэрнацыянальны. Героямі яго твораў выступаюць рускія, беларусы, украінцы, палякі, румыны... Караленка стварыў публіцыстычны твор беларускай праблематыкі — “Гомельская судовая справа” (1905), дзе асудзіў прымус, гвалт і беззаконне самадзяржаўя. З Беларуссю звязана і гісторыя напісання яго аповесці “Лес шуміць. Палеская легенда” (1886) і “Самазванцы духоўнага празвання”, дзе аўтар выкарыстаў інфармацыю, надрукаваную ў “Могилевских губернских ведомостях”. А прататыпам героя аповесці “Без языка” стаў рабочы-беларус Дзевятнікаў: разам з ім Караленка сядзеў у Вышневалоцкай палітычнай турме.

У 1911 годзе Караленка пазнаёміўся ў Пецярбурзе з Янкам Купалам, які падарыў яму зборнік “Жалейка” з аўтографам. У розныя гады рускі пісьменнік наведваў Віцебск, Магілёў, Гомель.

Аляксандр Фадзееў

Найперш вядомы сваімі раманамі “Разгром” і “Маладая гвардыя”. Рускі пісьменнік падтрымліваў творчыя і сяброўскія сувязі з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Разам з Купалам падарожнічаў па Чэхаславакіі ў кастрычніку 1935 года. У 1946-м у Маскве прымаў удзел у літаратурнай вечарыне, прысвечанай 25-годдзю БССР.

Аркадзь Гайдар (Голікаў)

Адзін з заснавальнікаў савецкай дзіцячай і юнацкай літаратуры — прымаў удзел у грамадзянскай вайне, ваяваў пад Барысавам, Лепелем, Полацкам. Каля мястэчка Ула быў паранены і кантужаны. Пры стварэнні “Цімура і яго каманды” Гайдар выкарыстоўваў некаторыя прыёмы з прозы Янкі Маўра.

Падрыхтаваў К. КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.

Предыдущая статья

Поспела в саду земляника