banner

Жамчужына асветы

01 Апреля’09
3517
Жамчужына асветыНа конкурс

"7 цудаў Свіслаччыны"

 

Ці ведаеце вы, якая значная падзея для Свіслачы і ваколіц у першай палове XIX стагоддзя адбывалася 29 чэрвеня?

У гэты дзень праходзіў урачысты выпускны экзамен у гімназіі. Ён збіраў столькі народу, што на вуліцах Свіслачы цесна рабілася ад вазкоў, калясак, брычак, у якіх спяшаліся на іспыты бацькі студэнтаў. Нязменна на экзамене прысутнічаў фундатар навучальнай установы граф Тышкевіч, а іспыты ў маладых паэтаў прымаў сам Францішак Карпінскі.

Гімназічнае жыццё дыктавала свае традыцыі для ўсёй ваколіцы, губерні (па імператарскаму ўказу гэта была Гродзенская губернская гімназія), а нават і Віленскага краю, таму што гімназія існавала як акадэмічная школа, падначаленая Віленскаму ўніверсітэту.

Тышкевіч прыцягнуў у яе высокакваліфікаваныя кадры, і дзякуючы гэтаму, па словах польскага вучонага Тадэвуша Будрэвіча, “Свіслач для Падляшша была тым, што Крамянец для Падолля і Украіны, Вільня для Літвы, а для Мазовіі Варшава”.

Аб яе ўплыве на грамадскае жыццё нашага краю сведчыць і той факт, што менавіта існаванне гімназіі разглядалася як крыніца распаўсюджвання вальнадумства, таму пасля падзей 1830-1831 гадоў гімназія была рэарганізавана ў павятовую, а затым тут размясцілася пяцікласнае дваранскае вучылішча – прагімназія. Менавіта яе закончыў правадыр наступнага паўстання ў нашым краі Кастусь Каліноўскі. У 1864 годзе пасля падаўлення паўстання царскія ўлады закрылі прагімназію за актыўны ўдзел студэнтаў у рэвалюцыйным руху.

Стары мур, які захаваўся па вуліцы 17 Верасня ў Свіслачы і ў якім напачатку размяшчаўся інтэрнат студэнтаў, памятае і першага дырэктара Юзэфа Касакоўскага, і выкладчыка, доктара філасофіі Яцэка Крусінскага, які чвэрць веку ўзначальваў установу, і кіраўніка навучальнай часткі, прафесара агульнай гісторыі, права і палітыкі Казіміра Храмінскага. Прафесарамі Віленскага ўніверсітэта сталі выкладчыкі гімназіі Леан і яго брат Ігнацый Бароўскія, Кіеўскага і Маскоўскага – Максімільян Якубовіч.

Дырэктарам беларускай настаўніцкай семінарыі, якая працавала на базе гімназіі з 1915 па 1916 гады, быў аўтар першай граматыкі беларускай мовы Баляслаў Пачобка. Тут выкладаў нямецкі філолаг-лінгвіст Рудольф Абіхт, які ў Свіслачы склаў беларускі буквар пад назвай “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным”.

Сапраўдным гонарам гімназіі з’яўляюцца яе выпускнікі. Сярод іх польскі пісьменнік, публіцыст, гісторык, мастак Юзэф Крашэўскі. Свіслацкую гімназію закончыў вядомы кампазітар, пісьменнік, мастак Напалеон Орда, дзякуючы малюнкам якога мы сёння ведаем, як выглядала ў той час Свіслач. Яе выпускнік – Восіп Кавалеўскі, заснавальнік манголазнаўства ў Расіі, аўтар трохтомнага “Мангола-руска-французскага слоўніка”. У бібліятэцы гімназіі да вайны захоўваліся яго навуковыя працы і лісты з Манголіі і Кітая. Сярод выпускнікоў гімназіі мастак Януарый Сухадольскі, палітычныя дзеячы Віктар Гельтман і Рамуальд Траўгут, літаратар Райнальд Сухадольскі, аўтар “Успамінаў аб Свіслачы Тышкевічавай, Дзярэчыне і Ружанах” Леан Патоцкі і яшчэ многія-многія вельмі вядомыя асобы.

Не ведаю, у якой меры, але ўпэўнена, што і мы, сучаснікі, з’яўляемся носьбітамі той духоўнай культуры, якую стварыла на нашай зямлі Свіслацкая гімназія. Таму лічу, што гэты помнік архітэктуры і асветніцтва з поўным правам можа быць названы цудам Свіслаччыны.

Ядвіга КУРЫЛА.

Фотамонтаж Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

«Чародейкам»-мастерицам любой волос покорится