banner

Пра гэта шэпчуць ліпы векавыя...

03 Февраля’09
2626

Пра гэта шэпчуць ліпы векавыя...Як гаворыць гісторыя нашага краю, з сярэдзіны ХVIII стагоддзя ў маёнтку Свіслач гаспадарыў род Тышкевічаў. Ад графа Антонія Казіміра Тышкевіча мястэчка перайшло да яго сына Вінцэнта, які заснаваў у Свіслачы сваю рэзідэнцыю. Менавіта Вінцэнтам Тышкевічам тут быў закладзены парк з каналамі ў стылі галандскага барока... Сёння Свіслацкі парк — помнік садова-паркавага мастацтва.

У час еўрапейскай славы свіслацкай рэзідэнцыі Тышкевічаў парк займаў выпуклую тэрасу ракі Свіслач, быў аформлены ў выглядзе ідэальна ўраўнаваных паркавых тэрас рознай велічыні. Палац з бакавымі флігелямі, злучанымі з галоўнымі паўкруглымі галерэямі, не з’яўляўся кампазіцыйным цэнтрам. Ён быў параўнальна невялікі, але прыгожы, з высокім ломаным дахам. Будынак палаца размяшчаўся ў баку ад паркавых кампазіцый, за ліпава-грабавай алеяй. Адасобленасць палаца — характэрны элемент сядзібна-паркавых ансамбляў у стылі галандскага барока, уплыў якога быў значны на Беларусі.

Да параднага двара паміж паркам і звярынцам вяла доўгая алея з чорных алешын. Палац акружалі старыя ліпы. З паўночна-усходняга боку адкрывалася жывапісная перспектыва на палі і гай, які называўся Вішняўцом. Непасрэдна за палацам Юзэфіна, жонка Тадэвуша, разбіла сад з рознымі рэдкімі раслінамі.

У канцы ХІХ ст. парк атрымаў пейзажнае афармленне. Парадны партэр парка быў дэкарыраваны экзатычнымі дрэвамі: арэхам манчжурскім, лістоўніцай амерыканскай і шырокалускаватай туяй заходняй, піхтамі бальзамічнай і сібірскай, шаўкоўніцай белай... Аб’язны круг на партэры быў абсаджаны арэшнікам звычайным. Заходняя палова парка была прадстаўлена баскетамі (групай дрэў) на дзвюх тэрасах з невялікімі перападамі вышынь. Верхняя тэраса зніжалася ад вадаёма да параднага парка. Ліпавыя і грабавыя групы падкрэслівалі жывапіснасць.

Усходняя частка парка мела самастойнае кампазіцыйнае рашэнне. У аснове яго — два вузкія глыбокія вадаёмы, выцягнутыя па ўсёй шырыні парка. Афармленне тэрыторыі каля сажалкі пазней стала пейзажным. Найбольш маляўнічым быў участак уздоўж канала, заняты разрэджаным векавым дрэвастоем граба і ліпы. Вакол сажалак праходзіў кальцавы адасоблены прагулачны шлях з відам на люстэрка вады. На беразе стаяла мураваная альтанка — летняя пабудова для адпачынку. На ўскраіне парка размяшчалася аранжарэя, у будынку якой меліся пакоі для гасцей. Палац, парадны двор, парк утрымліваліся ў надзвычайным парадку.

Да сённяшняга часу ад былой рэзідэнцыі Тышкевічаў захаваўся значна відазменены тэрасны парк з воднай сістэмай. Граба-ліпавая алея, што праходзіла ад палаца па верхняй тэрасе, захавалася часткова. Ад алеі ўздоўж грэбеня тэрасы захаваўся толькі фрагмент (16 ліп і 2 клёны). Насаджэнне з перавагай ясеня паміж сажалкамі здзічэлі і прынялі від лесапаркавага масіву. Кампазіцыя страчана.

У 1998 годзе ў сувязі з рэканструкцыяй воднай сістэмы парк перажыў новыя значныя змяненні. Сажалкі паглыблены, з’явіўся новы вадаём з расшырэннем. Праз цэнтральны вадаём пабудаваны капітальны мост з пліт на бетонных палях з пяццю прагаламі. Па паўночнаму краю парка, за дарогаю, закладзена паласа насаджэнняў складанага саставу шырынёй 25 м. Пры ўваходзе ў парк пабудавана арка.

Сёння гарадскі парк — гэта пляцоўка спартыўнага і культурнага жыцця свіслачан,  месца правядзення народных свят і гулянняў, адпачынку. А мост за 10 гадоў існавання вуснамі народа названы “Мастом Кахання”. У дзень заключэння шлюбу многія маладыя пары наведваюцца сюды. Стоячы над люстэркам вады, п’юць шампанскае. А малады традыцыйна пераносіць на руках сваю прыгожую палову праз мост. Некаторыя пакідаюць на яго поручнях замкі, а ключы кідаюць у воду, прарочачы сабе тым самым доўгія і моцныя сямейныя адносіны. 

Славуты наш парк прыгажосцю і веліччу, багатай гісторыяй. Захаваем усё гэта для нашых нашчадкаў.

Наталья КОМАР.

Фото Григория ШИРЯЕВА.

Предыдущая статья

«Я во всем ищу позитив...»