banner

Гэты знаёмы і незнаёмы Тышкевіч

07 Апреля’08
3388
Гэты знаёмы і незнаёмы Тышкевіч      Пра былога ўладальніка Свіслачы В. Тышкевіча (1757-1816 гг.) нашым чытачам ужо неаднаразова даводзілася чуць. Аднак часамі за лічбамі, падзеямі і прозвішчамі мы губляем сутнасць чалавека, яго характар i асобу. І нам даволі рэдка прыходзяць пытанні да роздуму: якім быў гэты чалавек у сваім звычайным жыцці, чым цікавіўся, якія меў звычкі?
      Сёлета спаўняецца 230 гадоў з таго дня, як па смерці Антонія Тышкевіча Свіслач па спадчыне перайшла да яго сына — Вінцэнта. З гэтай нагоды мы паспрабуем бліжэй прыгледзецца да асобы гэтага чалавека, яго ладу жыцця i асаблівасцей характару.

      Для Свіслачы Вінцэнт Тышкевіч зpaбіў не менш, чым Пётр I для Расіі. Малы, невыразны архітэктурна i брудны гарадок перабудаваў нанова, заклаў галандскага кшталту парк, перарэзаў яго каналамі i стварыў вялікі заасад. Заснаваў тут на ўласныя сродкі гімназію — цэнтр асветы i вальнадумства на Гродзеншчыне пачатку ХIХ стагоддзя. Акрамя таго, што рэферэндарый быў магнатам, ён да таго ж спалучаў у сабе якасці  добрага гаспадара i меў агіду як да раскошы, так i да скупасці. Звыш даходаў нічога не траціў, але i не ашчаджаў. Хапала яму i для сябе, i на добрыя ўчынкі. Не маючы дзяцей, ён не меў патрэбы збіраць. А калі з мінулага года ў касе заставаліся якія-небудзь грошы, турбаваўся, непакоіўся датуль, пакуль не аддаваў іх першаму, хто трапляўся пад руку. 3 паляпшэннем гаспадаркі, з ростам цэнаў на прадукты ён мог павялічыць, а нават падвоіць свае даходы. Ніколі, аднак, на гэта не згаджаўся, баючыся запрыгоньваць работнікаў павелічэннем працы. Упраўляючы маёнтка павінен быў у канцы кожнага года аддаваць яму не менш і не больш, як ён аднойчы пастанавіў. Неяк на Украіне адкрыўся гандаль, цэны падскочылі, і камісар Белапольшчыны (аднаго з маёнткаў графа), каб не браць граху на сваё сумленне, прысвойваючы чужую маёмасць, прывёз на 2000 дукатаў больш, чым было пастаноўлена. Незадаволены пан з прычыны падобнай неакуратнасці, узнагароджваючы камісара за сумленнасць, дараваў яму перабольшанне, але зняў яго з пасады за тое, што ён не выканаў яго волі.
      Леан Патоцкі ў cвaix мемуарах пicaў наступнае: «...Граф Вінцэнт Тышкевіч быў характару мілага, скажу нават, слабога. Калі дадаць да гэтага прыроджаную нясмеласць, няведанне людзей, выпрацаваў у сабе ўпартасць i ўзброіўся ёю супраць людзей, часам нават супраць уласнага сэрца, якога, хто ведае, ці не баяўся найбольш, бо чуў, як яно моцна біла яму ў грудзі. Хоць з часам ён набраўся вопыту, пазнаў людзей, але ні цалкам пераадолець сваю нясмеласць, ні зусім пазбыцца ўпартасці не здолеў, нi таксама паставіць сэрцу бар’ер не змог. Дабрачыннасць стала для яго патрэбаю жыцця, а добрыя ўчынкі хлебам надзённым».
      Тышкевіч быў у поўным сэнсе гэтага слова арыгіналам як па спосабу мыслення, так i па знешняму выгляду. Ён хутка распаўнеў так, што не мог звесці рук i з цяжкасцю хадзіў. Апранаўся ён вельмі дзіўна, нaciў нейкі доўгі сюртук, які да самага долу зашпіляўся з дапамогай маленькіх гузікаў. Каўнер — таўшчынёй з палец, паколькі граф амаль не меў шыі, а падбародак спачываў на грудзях. Рэферэндарый быў у адной асобе гурманам i абжорай. Апетыт меў дзіўны. Як піша Зянковіч, адзін з былых гімназістаў, «з’ядаў на сняданак каплуна, гуся альбо індыка з дадаткам двух коп калдуноў, што не перашкаджала яму есці вячэру з двайным i нават трайным апетытам». Дадамо да гэтага вельмі вялікую блізарукасць і пераканаемся, што ён не быў, зрэшты, рухавым. Затое розум яго рэдка калі адпачываў, пастаянна тварыў, складаў, парадкаваў, папраўляў, дасканаліў. Абыякава паглядаў ён на павароты тагачаснай палітыкі і на тое, што рабілася ў вялікім свеце. Ён быў заняты адзіна ўпарадкаваннем свaix вялізных уладанняў, забеспячэннем добрага быту падданым i паляпшэннем сваёй улюбёнай свіслацкай рэзідэнцыі. Не паглыбляўся ў навукі, хоць адчуваў у ix патрэбу i вельмі цаніў веды ў іншых. Не меў ніякіх дрэнных звычак, картаў у рукі не браў, іншага напітку, апроч вады, не ўжываў i захаваў непарушную вернасць жонцы, якая, падобна, гэтага не заслугоўвала.
      Але наймілейшым яго захапленнем, ці хутчэй слабінкай, былі жаночыя плёткі. Іх ён ахвотна слухаў. Што адна сказала, па гарачых слядах паўтараў другім, такім чынам неаднаразова пасварыўшы сябровак. Пасля мyciў ix мірыць. Урэшце, зрабіўшы адной i другой багатыя падарункі, найчасцей быў моцнай парукай заключанага саюза.
      Любую страту часу пан рэферэндарый лічыў незваротнай, таму рэгулярнасць i акуратнасць сталі другою яго натурай i правілам паводзінаў. Дзень, месяц, год, усё жыццё прыстасоўваў ён да правільнага, як гадзіннік, парадку, кожнае яго дзеянне адбывалася ў прызначаны час. Ніколі не спазніўся нi на хвіліну: a нi з тэрмінам у справах, a нi з датрыманнем слова.
      Ён быў нacтoлькi пунктуальны, што кaлi пicaў сваёй сваячцы ў Дyбoі, што прыедзе ў 12 гадзін, то хоць бы прыехаў у 10, то стаяў тады дзве гадзіны пад брамай, каб не здрадзіць сваёй пунктуальнасці. Аднаго разу, выязджаючы ў Парыж, абяцаў княжне Пелагеі Caпезe быць у Дзярэчыне на абедзе ў дзень святой Пелагеі. Прайшло некалькі месяцаў. Дзень імянін княгіні сабраў у пакоях дзярэчынскага палаца каля ста асобаў з розных куткоў краю. А пана Тышкевіча ўсё не відаць i не відаць! «Забыўся», — кажуць адны. «Замарудзіў», — адгукаюцца другія. «Xібa хворы», — намякнуў нехта збоку. «Не прыедзе», — гавораць амаль аднагалосна. Трэцяя гадзіна, звоняць на абед. Дзверы сталовай залы адчыняюцца. У гэты ж самы момант уваходзіць рэферэндарый, ідзе проста да княгіні, робіць камплімент, падае ёй руку і праводзіць да стала.
      Для яго адкладванне на заўтра было першай адзнакай разумовай дэзарганізацыі, нядбайнасць — падрывам жыццёвых сіл, лянота — спаралізаваннем волі, марудлівасць — марнатраўствам найдаражэйшага скарбу — часу.
      Тышкевіч пільнаваў, каб усе маёнткі мелі добрыя дарогі i былі абсаджаны бярозкамі. Ён таксама вельмі гневаўся, калі гэты яго загад эканомы не выконвалі. Тыя, аднак, ведаючы дзень яго прыезду, ставілі абапал дарогі свежазрэзаныя дрэўцы. Даносаў яны не баяліся, бо рэферэндарый ix не зносіў.
      Цікавыя рэчы пра гэтага магната піша сведка тых падзей Юльян Урсын Нямцэвіч: «Тышкевіч... меў густ даволі дзіўны, найсмяшнейшы ў сваім родзе. Найвялікшым яго шчасцем было рана адпраўляць імшу, а вечарам пераапранацца кабетай. Вечарамі на канапе ў чапцы з мантылькай, махаючы веерам, ён казаў цалаваць сябе ў руку i прымаў кампліменты ад моладзі. Нас гэта вельмі бавіла».
      I сапраўды, гумар ён меў асаблівы. Пан рэферэндарый еў вельмі многа i таму, напэўна, часта западаў на здароўе. Яму забаронена было вячэраць. Калі сядалі за вячэру, ён загадваў замыкаць сябе ў бакавым пакоі,  адкуль прасіўся i заклікаў,  каб  яму  адчынілі, благаючы: «Адчыняйце, адмыкайце! Што гэта за... водары, што гэта за пахі соусаў далятаюць да мяне, злітуйцеся, пускайце, бо не вытрымаю, паміраю з голаду. Памёр!» Пасля вячэры дзякаваў, што яму не адчынілі, а назаўтра паўтараў тую самую сцэну!
      Аднойчы пасля абеду, калі госці праходжваліся па ліпавых вуліцах Свіслачы, побач з iмi перасоўваўся Тышкевіч, схаваны ў густых шарэнгах гасцей. Раптам адгукаецца зязюля. «Адкуль яна тут узялася?» — пытаюцца адны, другія патрасаюць грашыма на шчасце. І тут чуваць шэлест паміж галінаў... i з ix выглядае лысая галава Вінцэнта.
      Леан Патоцкі апісвae яшчэ адзін цікавы выпадак. Граф сабраў гасцей на абед, але, як толькі ўсе пазаймалі свае месцы, з суседняга пакою пачуўся жахлівы жаночы крык. Усе падхапіліся, пабеглі ратаваць i ўбачылі распластаную на доле i самлеўшую пані Патоцкую. Тоўпіліся вакол яе, лямантуючы: «Доктара, фельчара, вады, воцату, cпipтy!» Гаспадар дому не разгубіўся: «Антанелі, — звярнуўся ён да свайго камердынера, — прынясі мне ланцэт, сам пушчу ёй кроў  —  гэта ратунковае лякарства на спазмы». I ў гэты ж момант «хворая» уздыхнула, паднялася i падыйшла да стала. «Прызнайце, — казаў камергер Камаеўскі маршалку, які сядзеў побач з iм, — што пан рэферэндарый дзівосным спосабам лечыць i вяртае здароўе».
      Пан маршалак не еў за сталом хлеба, а пан Камаеўскі не піў віна, таму граф не дазваляў перад адным класці хлеб, а перад другім ставіць віно. Аднаго разу заўважыў, што маршалак Радавіцкі, набраўшы воску са свечкі, paбiў з яго шарыкі. Гэта закранула гаспадара. 3 таго часу, колькі прыязджаў пан маршалак, камердынер прыносіў яму на падносе цэлую свечку. Пры гэтай цырымоніі ён атрымліваў наступную вымову: «Бавіцца дазваляю, але не псаваць, бо гэта грэх!»
      Даволі частым госцем тут быў вядомы паэт Францішак Kaрпінскі, сябра Тышкевіча. Аднойчы ў палацы можна было назіраць наступную сцэну. Двое сяброў, стоячы на каленях пасярод пакоя i абдымаючыся рукамі, гучна плакалі, шкадуючы адзін аднаго i прабачаючы сябе ўзаемна. Цягнулася гэта даволі доўга, бо Kapпінскі не мог выбрацца з абдымкаў рэферэндарыя, а той з-за сваёй вялікай вaгi не мог падняцца з кален. На шчасце, хутка з’явіліся некалькі рослых лакеяў, якія з цяжкасцю паставілі Тышкевіча на ногі.
      Вось такім ён быў, пан рэферэндарый, уладальнік Свіслачы і ў той жа час даволі звычайны чалавек са сваімі асаблівасцямі характару і адметным пачуццём гумару, якое, зрэшты, не пакінула яго да канца жыцця.
С. РАМАНАЎ,
член ваенна-патрыятычнага клуба “Памяць” РК ГА БРСМ.

Предыдущая статья

А над зямлёй узыходзіла сонца...