banner

Вытокі бібліятэчнай справы на Свіслаччыне

07 Мая’11
2491

Гісторыя бібліятэчнай справы на Беларусі, узнікненне і развіццё ў межах сучаснай тэрыторыі рэспублікі губернскіх, гарадскіх, сельскіх, грамадскіх публічных, народных, навуковых і спецыяльных бібліятэк, лёс прыватных кнігазбораў былі і застаюцца прадметам шматлікіх навуковых пошукаў і даследаванняў як айчынных, так і замежных бібліятэказнаўцаў, гісторыкаў, этнографаў, даследчыкаў культуры.

Публічныя бібліятэкі павінны былі стаць праваднікамі расійскай мовы, культуры і ўключыцца ў барацьбу з уплывам на мясцовае насельніцтва польскага культурнага асяродку, а праз яго і рэвалюцыйна-вызваленчага руху.

Згодна з матэрыяламі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна дазволы на адкрыццё і ўтрыманне бібліятэк, кабінетаў для чытання выдаваліся ўсім жадаючым, нават асобам зусім невядомым, калі толькі яны не з’яўляліся фармальна скампраметаванымі ў палітычных адносінах.

Варта адзначыць, што існавалі правілы ў дачыненні да адкрыцця і ўтрымання бібліятэк, кабінетаў для чытання. Па-першае, жадаючым адкрыць бібліятэку пры падачы заявы неабходна было ўказаць, хто менавіта будзе лічыцца ва ўстанове адказным. Па-другое, міністру ўнутраных спраў дазвалялася ўказваць тыя друкаваныя творы, якія не павінны быць дапушчаны да карыстання ў публічных бібліятэках. Па-трэцяе, бібліятэка магла быць зачынена, калі ў гэтым прызнавалася неабходнасць.

Па даным Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна ў 90-я гады XIX ст. быў выдадзены дазвол на адкрыццё народнай бібліятэкі пры Свіслацкім валасным упраўленні. Гэта была не першая бібліятэка на Свіслаччыне. Яшчэ ў 1879 годзе памешчыца Булгарынава з Дварчан арганізавала ў Свіслачы прыватную бібліятэку. Аднак з-за высокага кошту яе наведвала вельмі вузкае кола чытачоў. У асноўным гэта былі служачыя воласці і памешчыкі навакольных маёнткаў. Бібліятэка праіснавала некалькі гадоў.

Жыхары Свіслаччыны і навакольных вёсак былі зацікаўлены ў рабоце бясплатнай бібліятэкі. 30 снежня 1898 годзе валасны сход мястэчка абмеркаваў пытанне яе арганізацыі і абсталявання. Справу ўзяў на сябе валасны пісар Іван Ігнатавіч Кавалеўскі, ураджэнец Ліхасельцаў. Ён закончыў Свіслацкую гімназію і меў сярэднюю адукацыю.

Сход выпрацаваў часовыя правілы карыстання бібліятэкай. У іх гаварылася: «Этот труд, равно и пользование книгами, будут бесплатными. Дальнейшее существование библиотеки, имеющей быть открытой исключительно для крестьян Свислочской волости, может быть обеспечено отчислением время от времени по приговорам нескольких десятков рублей из процентов ссудного капитала, которого имеется в Свислочской волости около 20 000 рублей».

У Свіслачы ў жніўні 1899 года адкрылася першая бясплатная публічная бібліятэка. Яна праіснавала да 1915 года.

Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы на Беларусі з’яўляецца адным з найважнейшых раздзелаў у гісторыі культуры беларускага народа. Без ведання гісторыі бібліятэк немагчыма асэнсаваць змены, якія характэрны для бібліятэчнай справы на сучасным этапе.

К. ГАРОШЧЫК,

студэнтка факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДзУ імя Янкі Купалы.

Предыдущая статья

О порядке бесплатного обеспечения продуктами питания детей первых двух лет жизни