banner
Застылы рамантызм
16:19 02 Мая’11
2352

Застылы рамантызм

Для нашага пакалення, напэўна, будзе цікава пачуць аб тым, што па сённяшні дзень Свіслач захоўвае ў сабе дыханне бліскучай эпохі – арыгінальную скульптуру часоў рамантызму. Але самае цікавае ва ўсім гэтым тое, што мы часта праходзім побач, нават не звяртаючы на яе ўвагу, не спрабуючы зацікавіцца, асэнсаваць і ўсвядоміць гэтую ўнікальную з'яву нашай беларускай культуры. У дадзеным выпадку размова ідзе аб высокамастацкіх надмагіллях, змешчаных на старых (цяпер праваслаўных) могілках горада Свіслач.

Мала хто са свіслачан, бываючы на тэрыторыі могілак або наведваючы Крыжаўзвіжанскую царкву, не бачыў паўразваленых старажытных помнікаў і надмагілляў. І тым не менш, мала хто здагадваецца, што некаторыя з гэтых помнікаў з’яўляюцца, апрача іх непасрэднага прызначэння, яшчэ і творамі мастацтва. Сярод іх адмысловае месца належыць працам, выкананым у майстэрні Баляслава Шышкевіча. Такіх на свіслацкім някропалі маецца дзве: гэта помнікі на магіле Івана Андрэевіча Лойкі (26.09.1841 – 12.08.1907), сямейным пахаванні Сцяпур: Уладзіміра Канстанцінавіча (10.12.1872 – 5.04.1905) і Мікалая Канстанцінавіча (27.05.1879 – 17.03.1905). Апошняе пахаванне мае характар кенатафа (сімвалічнай пустой магілы), паколькі прах Мікалая Сцяпуры, удзельніка руска-японскай вайны 1904–1905 гг., пахаваны на палях Манчжурыі (тэрыторыя сучаснага Кітая).

Застылы рамантызмДва помнікі нясуць у сабе ўсе асноўныя стылістычныя рысы, характэрныя для майстэрні Б. Шышкевіча. Аднак аб усім па парадку. Баляслаў Шышкевіч (1864–1893) паходзіў са збяднелай шляхты каталіцкага веравызнання. Дзед і бацька Баляслава з’яўляліся карэннай шляхтай Ваўкавыскага павета. Сам майстар у 1874–1878 гг. вучыўся ў Ваўкавыскай павятовай школе. У юнацкія гады пераехаў у Гродна, дзе пачаў сваю творчую дзейнасць. Сваю майстэрню Шышкевіч адкрыў на вуліцы Іерусалімскай (цяперашняя Антонава) у хаце Сідэльскага. Пазней яна, верагодна, знаходзілася ў больш прыдатным памяшканні на вул. Ганчарнай. Першапачаткова ён працаваў самастойна. Мастацкі ўзровень яго прац вылучаўся сярод іншых гродзенскіх майстроў, што стала прычынай зайздрасці і непрыкрытай варожасці ў дачыненні да майстра. З-за скарг нядобразычліўцаў яму прыйшлося даказваць сваю кампетэнтнасць у мастацтве разьбярства па камені. Як вядома, у час навучання ў Ваўкавыскай павятовай школе Баляслаў не праявіў сябе паспяховым вучнем: меў нізкія адзнакі па славянскай мове і арыфметыцы, затое добра разбіраўся ў каліграфіі і малюнку. Гуманітарная складаючая розуму і асобы будучага майстра дамінавала ўжо ў часы вучобы. Нам невядома, дзе навучаўся майстар пасля Ваўкавыскай вучэльні, аднак дакумент, перададзены ім Гродзенскаму губернатару, выключыў усялякія падазрэнні і сумненні ў здольнасцях Шышкевіча. Па меркаванні даследчыка Ю. Гардзеева, Шышкевіч, верагодней за ўсе, падаў сведчанне аб праходжанні практыкі ў майстэрні каго-небудзь з шырокавядомых тады скульптараў. Аб геніяльным самавуку сведчаць як прафесійная трактоўка твора мастацтва, так і болей чым свядомае аперыраванне мастацкімі матывамі, вядомымі ў скульптуры надмагілляў з папярэдніх эпох.

Застылы рамантызм25 кастрычніка 1887 года дваццацічатырохгадовы майстар абвянчаўся ў Гарадзенскай фары Вітаўта з дваццацітрохгадовай Ромай-Марыяй Пратасевіч. Фірма Шышкевіча набывала ўсё больш шырокае прызнанне, а самога Баляслава нават узнагародзілі тытулам «Наследственного Почетного Гражданина города Гродно». Аднак такое яркае жыццё майстра было неверагодна кароткім: ён памёр праз пяць гадоў у 1893-м у выніку працяглай хваробы на сухоты. На руках у маладой жонкі засталася маленькая дачка Ядвіга, шмат даўгоў і шчырае жаданне працягваць справу мужа. Фірма Шышкевіча, кіраваная яго жонкай, праіснавала да 1907 г. Сама Рома-Марыя Шышкевіч памерла 25 лютага 1912 г. у Сувалкаўскай губерні, але была пахавана на каталіцкіх могілках у Гродне.

Найбольшая колькасць прац Шыш-кевіча знаходзіцца на праваслаўным і каталіцкім (Фарным) някропалях горада Гродна. На каталіцкім някропалі ў Гродне разам з «алеяй Ажэшкі» (на якой пахавана знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка) маецца таксама «алея Шышкевіча», дзе прах майстра і яго сям’і пахаваны пад надмагіллем уласнай працы. На алеі маецца вялікая колькасць помнікаў з майстэрні Шышкевіча.

Па меркаванні даследчыка В. М. Чарапіцы, большасць надмагілляў, вырабленых у майстэрні Шышкевіча, адрозніваюць арыгінальнасць форм, дэкаратыўнасць і вытанчаны рамантызм. У аснове ўсіх гэтых якасцяў – творчая індывідуальнасць майстра, характар матэрыялу (лёгкі пясчанік на гранітнай або мармуровай падставе) і, зразумела, у пэўнай меры пажаданні заказчыка.

Традыцыйна сярод даследчыкаў склалася меркаванне, што лепшым творам Шышкевіча з’яўляецца размешчаная на праваслаўных могілках горада Гродна «Прекрасная плакальщица». Гэтая скульптурная кампазіцыя ўстаноўлена на магіле губернскага чыноўніка Якава Антонавіча Памеранскага (1825–1886). Вялікае значэнне для мастацтвазнаўства мае збудаваны ў сярэдзіне 80-х гадоў помнік Пеці Дуніну-Марцінкевічу. У скульптара наогул прасочваюцца асабліва трапяткія адносіны да выканання дзіцячых надмагілляў. У гродзенцаў гэты твор атрымаў назву «Сумны хлопчык», і па сваёй эстэтычнай каштоўнасці ён звычайна ставіцца ў адзін шэраг са знакамітай «Прекрасной плакальщицей».

Даследчык Ю. Гардзееў выказвае гіпотэзу аб тым, што, верагодна, працы Б. Шышкевіча захаваліся на старым някропалі горада Вільнюса (някропаль Росса). Прынамсі, там маецца шэраг прац падобнага стылістычнага характару. Тым больш для нас незвычайна, што працы гэтага майстра канца ХІХ ст. захаваліся ў Свіслачы – невялікім правінцыяльным мястэчку.

Што ж уяўляюць сабою надмагіллі майстэрні Шышкевіча? Да найбольш характэрных і эфектных помнікаў, складаючых «почырк» майстра, належаць помнікі ў выглядзе вялікіх валуноў, як правіла, стылізаваных пад скалу. Гэтую «скалу» звычайна вянчае крыж, аздоблены так, каб ён ствараў уражанне зробленага са ствала дрэва (бяроза). Ставіліся такія помнікі на нізкіх каменных плітах з пясчаніку. На франтальнай адшліфаванай частцы такіх валуноў размяшчаліся надмагільны надпіс з эпітафіяй. На ніжняй пліце звычайна ставілася таўро фірмы, якое змянялася і ў розны час выглядала наступным чынам: «Шишкевич», «Б. Шишкевич», «Мастерская Б. Шишкевича в Гродно», «Б. Шишкевич, Гродно, ул. Гончарная», «Р. Шишкевич». На помніку І. А. Лойку ў Свіслачы, таксама маецца таўро: «Шишкевич. Гродно». На верхняй частцы помніка, каля крыжа, знаходзяцца «пасаджаныя» долатам каменячоса кусты папараці, якія прабіваюцца паміж камянямі. Крыж звычайна абвіты плюшчам. Часцяком побач віднеецца букет руж (як на помніку сямейству Сцяпура). У ніжняй частцы помніка майстар, як правіла, змяшчаў знакі, вядомыя з папярэдніх эпох: перавернутыя згасаючыя паходні, вянкі з сухацвета з уплеценымі ружамі, марскія якары і іншыя знакі. Да прыкладу, на магіле І. А. Лойкі мы назіраем перавернутую паходню, а на магіле Сцяпур – ружу. Як вядома, у могілкавай скульптуры кожная дэталь нясе ў сабе адмысловы сэнс. Перавернутая паходня сімвалізуе згасаючае жыццё.

Часцей за ўсё на верхняй частцы помніка побач з крыжом размяшчалася скульптура. На жаль, на асобніках у Свіслачы яна адсутнічае, што, безумоўна, у нейкай меры паніжае іх эстэтычную каштоўнасць. Адсутнасць скульптуры тлумачыцца лёгка: на свіслацкіх могілках прадстаўлены апошнія працы майстэрні Шышкевіча, калі майстра ўжо не было сярод жывых, а яго фірму вяла жонка Рома-Марыя (помнік І. А. Лойку з’яўляецца, магчыма, самым апошнім: у 1908 г. фірма Шышкевіча ўжо не функцыянавала). Зразумела, што асноўныя рысы і асаблівасці аўтарскага стылю вучні і памагатыя майстра (каля 10 чалавек) змаглі перадаць. Аднак у поўнай меры спасцігнуць, а ўжо тым больш перасягнуць настаўніка яны не змаглі.

Б. Шышкевіч працаваў у стылі рамантызму. Адзінай яго працай у неагатычным стылі з’яўляецца склеп Грынкевічаў на Фарным някропалі ў Гродне. На жаль, скульптура з гэтага надмагілля беззваротна страчана. Цікава, што праваслаўны і каталіцкі някропалі горада Гродна знаходзяцца ў складзе гістарычнага цэнтра горада і ахоўваюцца законам як гісторыка-культурная каштоўнасць, чаго не скажаш аб нашых гарадскіх могілках Свіслачы. Вялікая колькасць прац Шышкевіча знаходзіцца зараз у паўразбураным стане (як і надмагілле Сцяпур). Віны майстра ў гэтым няма: разьбярны пясчанік і праз больш як стагоддзе захоўвае абрысы, нададзеныя яму долатам скульптара. А вось ваенныя канфлікты, людская зайздрасць і звычайны вандалізм, верагодна, хутка пакладуць канец увасобленаму ў камені рамантызму.

С. РАМАНАЎ,

студэнт ГрДзУ імя Янкі Купалы.

Фота аўтара i Грыгорыя Шыраева.

На здымках: такое надмагілле выканаў майстар для сябе; на свіслацкіх праваслаўных могілках; «Прекрасная плакальщица» ў Гродне.

Текст: admin

Предыдущая статья

Его закалила жизнь
Похожие новости
10 Октября’11
2943
Свіслацкі кагал