banner

Шлях да горада

07 Апреля’11
2932

Шлях да горада

У мінулым годзе споўнілася 10 гадоў, як гарадскі пасёлак Свіслач паводле рашэння Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў № 44 ад 14 снежня 2000 года атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. Але, калі звярнуцца да гісторыі, то высвятляецца, што горадам Свіслач ужо была раней. Давайце прасочым гісторыю гэтага пытання.

На працягу вялікага перыяду сваёй гісторыі Свіслач была мястэчкам. Мястэчка, як асобая форма пасялення, займала прамежкавае месца паміж горадам і вёскай, выконвала ролю эканамічнага і культурнага пасрэдніцтва паміж гэтымі двума відамі пасяленняў. Ад вялікай вёскі мястэчка часцей за ўсё адрознівала наяўнасць рынкавай плошчы і адпаведнай вулічнай структуры, што сведчыла аб гандлёвай спецыялізацыі насельніцтва. Некаторыя даследчыкі схільны лічыць мястэчкі часовымі і пераходнымі формамі ад аднаго тыпу пасяленняў да другога. Аднак з гэтымі меркаваннямі цяжка пагадзіцца ўжо таму, што ў гэтым «часовым» становішчы Свіслач знаходзілася з XVI па пачатак ХХ ст., а гэта практычна 400 гадоў, якія складаюць большы перыяд гісторыі Свіслачы.

Асобныя гісторыкі, і сярод іх буйнейшы даследчык гісторыі мястэчак на Беларусі І. В. Соркіна, лічаць, што Свіслач яшчэ ў першай палове ХІХ ст. рэальна магла прэтэндаваць на афіцыйнае прызнанне горадам. Больш таго, гэтае пытанне ўзнімалася, аб чым яскрава сведчаць крыніцы. Так, калі ў 1837 г. збіраліся звесткі аб канфіскаваных маёнтках, Гродзенская казённая палата знайшла магчымым пераўтварыць у гарады мястэчкі Дзятлава, Ружаны і Свіслач. Адносна Свіслачы такая пазіцыя тлумачылася наяўнасцю ў мястэчку гімназіі і вялікага кірмашу. Аднак гродзенскі грамадзянскі губернатар не падтрымаў ініцыятывы казённай палаты, адзначаючы, што не бачыць патрэбы ў заснаванні новых гарадоў. «Ежели бы допустить обращение которого либо из упомянутых местечек в город, – пісаў губернатар, – то в таком случае потребно было бы: а) с ущербом в получаемых теперь с конфискованных имений доходов отвести черту для выгона; б) устроить ратушу и особое полицейское управление с отнесением содержания оных на счёт города; в) дать направление через новый город ходу почт и проч.».

Шлях да горадаТакім чынам, стварэнне новых гарадоў патрабавала адпаведных арганізацыйных намаганняў, на што не ў стане была даць адпаведны своечасовы адказ бюракратычная сістэма Расійскай імперыі, што ў выніку стрымлівала горадаўтваральныя працэсы на беларускіх землях. Сітуацыя змянілася ў пачатку ХХ ст., калі Свіслач увайшла ў склад новаўтворанай ІІ-й Рэчы Паспалітай. Менавіта ў складзе гэтай дзяржавы ў 1926 г. Свіслач упершыню атрымала статус горада (miasta), якім і карысталася ў другой палове 20-х – 30-я гг. Гарадскі статус прадугледжваў пэўныя правы на самакіраванне і наяўнасць у горадзе ўласнага магістрата. Нягледзячы на фармальна новы статус, пасяленне аднак налічвала каля 4 тысяч чалавек і захоўвала ўсе прыметы міжваеннага заходнебеларускага мястэчка. У гэты час горад атрымаў сваё муніцыпальнае самакіраванне: першым войтам быў абраны гаспадар Фелікс Дырында, а бурмістрам – Міхал Віленец. Апошнім войтам напрыканцы 30-х гадоў быў Юзэф Банкоўскі. Аўтарам гэтай публікацыі знойдзена пячатка свіслацкага гміннага ўраду, а таксама пячатка свіслацкага магістрата з подпісамі войтаў і бурмістра.

Большасць адміністрацыйных будынкаў размяшчалася ў той час на вуліцы Крашэўскага (сённяшняя Леніна). Як сведчыць гісторык В. Карпыза, большасць мандатаў у гарадской радзе звычайна атрымоўвалі мясцовыя яўрэі. У 1927 годзе тут было наладжана электрычнае асвятленне вуліц, тады ж яны сталі брукаванымі. Мясцовае самакіраванне распачало актыўныя меліярацыйныя работы на месцы былых парку і звярынца часоў Тышкевічаў. Усяго праектамі меліярацыі прадугледжвалася асушэнне 1 200 кв. м. На гэтым месцы ў хуткім часе паўсталі сядзіба гміны і шэраг будынкаў грамадскага прызначэння. Паступова пашыраўся жыллёвы фонд, які на канец перыяда, у 1939 г., склаў 727 будынкаў.

З усяго вышэйадзначанага можна зрабіць высновы, што Свіслач не аднойчы ў сваёй гісторыі прэтэндавала на гарадскі статус і нават атрымала яго ў 1926 годзе, якраз 85 гадоў таму. Наступным разам такі ж статус наш населены пункт займеў адносна нядаўна – у 2000 годзе.

С. РАМАНАЎ,

студэнт ГрДзУ імя Янкі Купалы.

Предыдущая статья

Приглашаем на турнир по настольному теннису